Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 8 °C

Страва доўгажыхароў

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Пост опубликован: 29.11.2021

Кожны чалавек марыць жыць доўга, жадае быць шчаслівым і здаровым. Адно са складаемых гэтага — любімая справа, занятак,

які прыносіць не толькі матэрыяльныя даброты, але і дапамагае адпачыць душой. З несвіжанінам, у якога гэта ўсё ёсць, пчаляром з трыццацігадовым стажам Рыгорам Рыгоравічам Насевічам, не так даўно сустрэліся ўдзельнікі сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, раённай газеты і радыё,



СШ №4 горада Нясвіжа, наведвальнікі гуртка “Юны журналіст”

гэтай навучальнай установы.

smart

Рыгор Рыгоравіч расказаў, што ён нарадзіўся на Капыльшчыне — у вёсцы Раёўка. Яго тата займаўся цяслярствам, мама працавала ў калгасе. Бацька падчас тэрміновай службы ў арміі страціў нагу, стаў інвалідам. І маці заўсёды прасіла сына, які і ў школу тады не хадзіў, дапамагаць бацьку даглядаць пчол.

— Колькі я сябе памятаю, у нас заўсёды былі пчолы. Тры-чатыры сям’і. Пчолы балюча джаляць. Я гэта ведаў і баяўся, але маці не адмаўляў. Яна гаварыла: “Ты ўжо вялікі, а бацьку цяжка, ён інвалід”, — успамі-нае Рыгор Рыгоравіч.

І тут я дазволю сабе лірычнае адступленне. Пяцігадовы хлапчук  — ужо вялікі. І яму давяраюць адказную для яго ўзросту працу. Гэта навука для сучасных бацькоў, каб не дапускалі ў выхаванні празмернай апекі, далучалі дзяцей да працы, бо жыццё ў кожнага спытае асабіста, да чаго ён здатны.

— Я павінен быў распальваць дымар. Гэта патрэбна было для таго, каб пчолы вылецелі са свайго вулля і можна было дабрацца да мёду. Калі-нікалі мне бацька даваў патрымаць рамку з пчоламі. І я ўжо тады лічыў сябе пчаляром, — працягвае размову Рыгор Насевіч.

Пасля заканчэння школы Рыгор паступіў у  Бабруйскі аўтатэхнікум. Правучыўся год і быў прызваны ў армію. Перад тым, як пайсці ў войска, Рыгор паехаў да свайго прадзеда па мацярынскай лініі, таксама пчаляра, каб павучыцца ў яго гэтай нялёгкай справе. Прадзед пражыў  доўгае жыццё — дзевяноста сем гадоў. І Рыгор Рыгоравіч лічыць, што справа ў любімым занятку прадзеда. А ён прайшоў вайну, пасля перажыў пасляваенныя нястачу, голад і холад, шмат працаваў. Прадзядуля гаварыў:

— Я жыву доўга таму, што я займаюся пчоламі, дыхаю паветрам пчалінага вулля…

Пасля арміі наш суразмоўца скончыў тэхнікум і прыйшоў працаваць у Нясвіжскую аўташколу. Вучыў людзей правілам дарожнага руху, аддаў гэтай справе сорак чатыры гады.

У 1978 годзе памёр бацька і Рыгору Рыгоравічу прыйшлося заняцца бацькавымі пчоламі. А пасля і ў яго самога з’явілася некалькі вулляў. Пчолы былі, а мёда не было.

— Я зразумеў, што чагосьці я не ведаю. Я пачаў чытаць кнігі. У бацькі я знайшоў даведнік пчаляра. Кніга была 1947 года выдання, старэйшая за мяне (наш суразмоўца нарадзіўся ў 1949 годзе). Там падрабязна апісана, як працаваць з пчоламі. І ў Нясвіжы я пазнаёміўся з чалавекам, старэйшым за мяне на пяцьдзесят гадоў — пчаляром  Фабіянам Станіслававічам Вайтовічам. Ён дзяліўся сваімі сакрэтамі, многае тлумачыў і я многаму ў яго навучыўся. Зараз у мяне трыццаць адзін вулей. Я кожны год даведваюся нешта новае ў гэтай галіне. Але не заўсёды атрымліваецца ўсё, як хацелася б. Таму я не лічу сябе прафесіяналам. Я пчаляр-аматар. Дасканаласці яшчэ не дасягнуў, — разважае наш суразмоўца.

На сустрэчу Рыгор Рыгоравіч прынёс мёд розных сартоў, а таксама  іншыя прадукты пчалярства, расказаў пра іх карысць для здароўя. Аказваецца, у Беларусі часцей за ўсё не бывае чыстага мёду, сабранага з аднаго віда кветак. Такі мёд сустракаецца на Украіне, у Расіі, дзе, напрыклад, вялікія палі сланечнікаў. У нас мёд найчасцей змешаны. У рабят была магчымасць пакаштаваць не толькі мёд, але і пяргу. Гэты прадукт пчалярства выкарыстоўваецца для прыгатавання не толькі лекаў народнай медыцыны, але ўваходзіць у склад многіх лекавых сродкаў медыцыны афіцыйнай.

Калісьці, у дзіцячыя гады,  асноўнай забаўкай Рыгора Рыгоравіча ў зімовы час была гульня ў хакей. Хлопцы бралі палкі, корак са старога бота замест шайбы і ганялі па лёдзе. Аднойчы лёд быў не зусім моцны і адна дзяўчынка правалілася. Вады было няшмат, толькі па пояс. Рыгор паспяшаўся на дапамогу. Выцягваючы сяброўку, праваліўся і сам. Пасля была ангіна і лячэнне, зразумела, з дапамогай мёда. Гэтыя лекі ў сям’і Рыгора Насевіча з’яўляюцца асноўнымі і зараз. Яго унук пасля нараджэння трапіў у рэанімацыю. Маці паіла дзіця вадой, разбаўленай мёдам. Хлопчык паправіўся.

Рыгор Рыгоравіч расказаў рабятам, што пчолы не любяць людзей, якія не жадаюць развітвацца са шкоднымі звычкамі. У нецвярозым стане да іх падыходзіць небяспечна. І ўвогуле, як лічыць спадар Насевіч, чалавек павінен думаць пра сваё здароўе з маладых гадоў, не псаваць яго курэннем ці гарэлкаю. Калісьці, калі ён працаваў у аўташколе, вёў гурток картэнгістаў. Гэта былі 90-я гады і тады не было смартфонаў. Хлопцы з задавальненнем наведвалі заняткі. Адным з законаў для кожнага вучня быў здаровы лад жыцця. Іначай Рыгор Рыгоравіч раіў хлопцам шукаць сабе іншы занятак.

Рыгор Рыгоравіч лічыць, што у пчол можна многаму павучыцца:

— Пчолы вельмі добрыя бацькі. Сярод людзей ёсць выпадкі, калі бацька сыходзіць з сям’і, жыве асобна. Яму не падабаецца, што дзеці плачуць, што іх трэба карміць і апранаць. Пчолы ніколі не кідаюць сваіх дзяцей.   Яны добрыя будаўнікі: без якіх-небудзь вымяральных прыбораў будуюць дакладныя соты. А яшчэ яны абараняюць свой вулей. Вось я б не рашыўся па-змагацца з чалавекам, які вышэйшы за мяне і дужэйшы. А яны нападаюць, хаця самі пасля гінуць. Пчолы не любяць гвалту, крыку, не любяць, калі ад іх адмахваюцца. Тады яны абавязкова ўджаляць. Да іх трэба падыходзіць толькі ў добрым настроі.

Рыгор Рыгоравіч паабяцаў навучыць жадаючых даглядаць пчол, праўда, ахвотнікаў сярод дарослых аказалася не шмат. А рабяты, счакаўшы вясны, адправяцца на пасеку Рыгора Рыгоравіча, якая знаходзіцца ў Капыльскім раёне.  А пакуль што будуць чытаць кнігі па пчалярстве, якія ёсць у фондзе цэнтральнай бібліятэкі ды  абдумваць парады пчаляра, якія будуць карыснымі і вам, паважаныя чытачы:

— Усё залежыць ад установак, якія дае сабе чалавек.Стаўце перад сабой вялікія мэты, дасягайце іх і стаўце новыя.  І вы будзеце доўгажыхарамі. Зразумела, што і прадукты пчалярства вам у гэтым дапамогуць.

Валянціна ШЧАРБАКОВА. 

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!