У Вялікай выставачнай зале палаца Радзівілаў дзейнічае часовая экспазіцыя работ члена Беларускага саюза мастакоў Анастасіі Фяцісавай “Стары Брэст — Нясвіж”.
Зараз мастачка займаецца роспісам эмаллю па метале, а таксама станковым жывапісам у гістарычным жанры. Яна нарадзілася ў сям’і вядомага брэсцкага мастака Івана Якаўлевіча Фяцісава. Пасля заканчэння сярэдняй школы атрымала спецыяльнасць па класе харавога дырыжыравання ў Мінскім музычным вучылішчы. У 1982 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў). Да 1990 года праектавала інтэр’еры грамадскіх будынкаў і выконвала манументальна-дэкаратыўныя работы.
З 1987 года Анастасія Фяцісава актыўна ўдзельнічае ў міжнародных выставах і пленэрах у Польшчы, Расіі, Германіі і іншых, а таксама праводзіць персанальныя выставы ў Беларусі і за яе межамі. Работы мастачкі знаходзяцца ў калекцыях Брэсцкага краязнаўчага музея, музея абароны Брэсцкай крэпасці, Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея, у гістарычных музеях Кобрына і Пінска, а таксама ў прыватных калекцыях у Германіі, Нідэрландах, Харватыі, ЗША, Польшчы.
Як расказвае аўтар, грамадства, якое памятае і ведае сваю гісторыю — гэта адзіны народ. Жанчына нарадзілася ў Брэсце і гісторыяй цікавілася з дзяцінства, любіла хадзіць па ву-ліцах, разглядаць будынкі, зазіраючы ў мінулае праз іх муры. І аднойчы Анастасію Іванаўну напаткала пачуццё сутыкнення з нечым велічным і важным, калі жанчына ўсвядоміла, што пад гэтымі руінамі схаваная гісторыя.
— Мне захацелася ўбачыць і ўзнавіць гістарычнае аблічча горада, — расказвала падчас адкрыцця выставы аўтар. — Стала супрацоўнічаць з музеямі, гісторыкамі, і паступова, падчас вывучэння крыніц, пачалі з’яўляцца храм за храмам, дамы, вуліцы і нават партрэты гістарычных асоб, лёс якіх быў звязаны з Брэстам. І тады я стала прыглядацца да іншых гарадоў. Адным з самых цікавых аб’ектаў мне падаўся Нясвіж, а менавіта Нясвіжскі замак роду Радзівілаў. Замак ніколі не быў разбураны дашчэнту, шмат чаго захавалася… У серыі маіх гістарычных партрэтаў ёсць выява Мікалая Радзівіла Чорнага — мецэната, пад заступніцтвам якога дзейнічалі друкарні ў Брэсце і Нясвіжы. Самым выдатным выданнем адной з друкарняў стала Брэсц-кая Біблія, ініцыятарам стварэння якой і быў Мікалай Радзівіл Чорны. Ён жа аплаціў усе выдаткі, дзякуючы чаму гэтая Біблія вядома, як Радзівілаў-ская. А яго сын, Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, быў знакавай асобай для Нясвіжа. Таму я дапоўніла серыю яго партрэтам, і вельмі рада, што Нясвіж стаў першым горадам, які ўбачыць у маіх работах зніклы з аблічча зямлі стары Брэст.
Наведаць выставу “Стары Брэст — Нясвіж” і праз прыгожыя работы па гістарычных матывах пагрузіцца ў мінулае можна па 14 сакавіка.
Марыя АЛЯКСАНДРАВА.