Жыхары Нясвіжчыны з вялікай цікавасцю ўспрынялі Пасланне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Яно дало новы штуршок для асэнсавання нашай рэчаіснасці. Сваімі меркаваннямі землякі працягваюць дзяліцца на старонках раённай газеты.

”Мір — гэта абсалютная каштоўнасць для беларусаў, важнейшая, светапоглядная”
Станіслаў Корзун, механізатар ААТ “Юшавічы”, падпалкоўнік у адстаўцы:
— У Пасланні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу нельга вылучыць нешта адно асаблівае. Усё — важнае. Хачу зрабіць акцэнт на тэзісе пра тое, што трэба захаваць мір на беларускай зямлі. “Мы не хочам вайны, — сказаў Прэзідэнт. — Мір — гэта абсалютная каштоўнасць для беларусаў, важнейшая, светапоглядная”. Для гэтага трэба ўмацоўваць абараназдольнасць краіны, яе Узброеныя Сілы, неабходна далей развіваць ваенна-прамысловы комплекс. Таксама трэба актыўней развіваць узаемадзеянне Беларусі з нашымі саюзнікамі па Дагаворы аб калектыўнай бяспецы. Нядаўнія падзеі ў Казахстане паказалі, як сілы АДКБ могуць аператыўна рэагаваць на пагрозы бяспецы нашых дзяржаў. І для некаторых гэта стала навукай.
Што такое хаос, нацыяналістычная нянавісць, грэбаванне законамі, я паспытаў на сабе ў 1990-х гадах, калі давялося тэрмінова выязджаць з таго ж Казахстана. У Беларусі людзі не перажывалі такіх нацыяналістычных ператрусаў, таму некаторыя думаюць, што, здабыўшы для сябе ”перамены” праз вулічныя беспарадкі, яны будуць як сыр у масле качацца. А трэба проста добра, сумленна працаваць. Вось думаю: а што было б, калі б у жніўні 2020 года наш Прэзідэнт не выйшаў з аўтаматам на абарону сваёй Бацькаўшчыны, не падтрымаў сілавікоў?! У якой эканамічнай і палітычнай яме мы б цяпер сядзелі?!
Мы з калегамі часта абмяркоўваем набалелыя пытанні. І я пераканаўся: меркаванні многіх памяняліся ў параўнанні з 2020-м годам. Людзі ўбачылі, да чаго можна скаціцца, што страціць. А нам ёсць што траціць. Успомніце 90-я гады. Я з сям’ёй пераехаў з Сярэдняй Азіі ў Слуцк, жылі ў ваенным гарадку. Выйдзеш у горад — ні масла, ні яек, ні мяса не было ў магазінах. Цяпер — што хочаш выбірай, згодна з густам і кашальком. Гэта я пра матэрыяльнае ў дадатак — да нашага мірнага жыцця.

Зберагчы незалежную краіну, каб беларусамі звацца заўсёды
Тамара Праль-Гуль, заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў, пенсіянерка:
— Звярнуўшыся да беларускага народу і Нацыянальнаму сходу, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка даў дакладныя арыенціры, акрэсліў праблемы і задачы, якія трэба вырашаць сёння, заўтра і ў перспектыве. У тым ліку — захаваць гістарычную праўду, гістарычную памяць, нашы базісныя, традыцыйныя каштоўнасці. У нас — дыктатура добрых, прыгожых нацыянальных традыцый, якія ідуць ад дзядоў і прадзедаў. “У ментальнасці беларусаў — шанаванне старэйшых, павага да дзяржавы, — сказаў Прэзідэнт. — У нацыянальным характары — дух гераізму продкаў, што адстаялі краіну ў Вялікай Айчыннай вайне”. Наша ідэалогія — беларускасць, разам з тым мы — глыбока інтэрнацыянальны народ, у краіне ў міры і згодзе жывуць людзі многіх нацыянальнасцей і канфесій. Неабходна зберагчы ўсё, што маем, што стваралася некалькімі пакаленнямі, зберагчы незалежную краіну, каб беларусамі звацца заўсёды.
Суверэнітэт — наша неацэнная каштоўнасць. Землі Беларусі заўсёды былі ў скла-дзе якой-небудзь дзяржавы: то ў Вялікім Княстве Літоўскім, то ў Рэчы Паспалітай, то ў Расійскай імперыі, пасля — адной з рэспублік СССР. Беларускі народ пакутаваў пад гнётам польскай і нямецкай акупацыі. І толькі апошнія 30 гадоў у нас суверэнная дзяржава з усімі дзяржаўнымі сімваламі, інстытутамі. Гэта — наш гонар. І праўда. А ў праўдзе — сіла. “Вякамі, намаганнямі многіх пакаленняў, цярністым шляхам,.. цаной жыцця беларусы ішлі да набыцця нацыянальнай дзяржавы. Так, нашаму пакаленню не давялося плаціць за суверэнітэт кроўю. За гэта заплацілі тыя пакаленні, якія былі да нас, ды і Бог нам дапамог. А сёння мы павінны абараніць гэту незалежнасць, таму што другога шансу стварыць сваю дзяржаву не бу-дзе,” — падкрэсліў Прэзідэнт.

Усім нам трэба адказна ставіцца да сваіх абавязкаў
Вячаслаў Хвіцько, механізатар ААТ “Сейлавічы”:
— Чаго я хачу? Жыць у свабоднай, спакойнай краіне. Каб не было вайны. Каб не было на нашай зямлі паноў і рабоў. Памятаю аповеды старых людзей, якія ўспаміналі жахлівае мінулае, калі працавалі на пана. Не спадабалася штосьці цівуну ці правініўся чымсьці работнік — усё, застаўся без зарплаты, яму казалі: працаваў “за так”.
Можна яшчэ вярнуцца ва ўспамінах у ліхія 90-я. На свае вочы бачыў, як здзекаваліся нуварышы над рабочымі. Мы вазілі з калгаса сельгаспрадукцыю ў Ленінград, на рынкі. “Крутыя” гаспадары апошніх наймалі людзей разгружаць тавар, а плацілі ім вядром бульбы ці трыма буракамі… А ў нас цяпер можна жыць, было б толькі здароўе, і абавязкова — жаданне працаваць, зарабляць грошы для сваёй сям’і. Сям’я — гэта святое. Гэта аснова ўсяго. Ёсць лад у сем’ях — будзе лад і ва ўсёй дзяржаве. Пра-вільна, што ў нашым грамадстве цэніцца такая каштоўнасць, як традыцыйная сям’я. Добра, што захоўваецца шырокі пакет сацыяльных гарантый.
А нам, грамадзянам краіны, трэба адказна ставіцца і да сваіх абавязкаў, і да жыцця ў цэлым. Вось, напрыклад, мы, хлебаробы, рыхтуемся зараз да вясновых палявых работ. Будзем сеяць зерне. Каб на стале беларусаў заўсёды быў духмяны хлеб.

Запісала Вольга ОКУНЕВА