— Прыемна было сустрэць у такой вялікай аўдыторыі калег, сяброў, аднадумцаў.
Паколькі даўно працую, многіх кіраўнікоў ведаю асабіста.
Адразу адзначу, што ўсе мы адчувалі ўзаемаразуменне і агульную зацікаўленасць у лёсе нашай краіны. Мы разумеем, што жывём у няпросты час, але галоўнае — што мы жывём і жывём годна.
Эканоміка працуе, мы прадаём без праблем сваю прадукцыю — мяса і малако, колькі атрымалі, столькі і прадаём. Зараз рыхтуемся да вясны. Тых праблем у сельскай гаспадарцы, як, напрыклад, у Літве, у нас няма.
Кіраўнік дзяржавы гаварыў аб задачах, якія перад намі стаяць, простай, даступнай мовай, усё было слушна і актуальна.
Што тычыцца паправак у Канстытуцыю, то, зразумела, што гэта важнейшы дакумент і яго трэба прымаць усенародна.
У Пасланні гаварылася пра мірнае жыццё, пра захаванне мірнага неба над галавой, пра стваральную працу на роднай зямлі. Вядома, спыняцца на дасягнутым нельга — трэба, каб раслі заробкі і пенсіі, каб прадпрыемствы атрымлівалі большы даход, каб удасканальвалася машынабудаванне, якое павінна адпавядаць сусветным патрабаванням.
Трэба выхоўваць новыя кадры, сапраўдных патрыётаў, якія будуць разумець, дзе мы жывём, цаніць сваю зямлю і працаваць на яе карысць.
Паняцце патрыятызму трэба прывіваць яшчэ са школы, з дзіцячага садка, больш удзяляць гэтаму ўвагі.
Калі мы будзем любіць сваю родную зямлю, то ўсё ў нас будзе добра.

Запісала
Соф,я ЛЮБАНЕЦ.