Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.49 |
Погода 6 °C

Непахісныя каштоўнасці жыцця

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Пост опубликован: 11.02.2022

У Нясвіжскай друкарні імя Сымона Буднага ўбачыла свет кніга ўспамінаў “Аб мінулым з любоўю” нашай зямлячкі з аграгарадка Аношкі Святланы Ціхонкі.
Выданне якраз паспела да святкавання 70-годдзя адкрытага акцыянернага таварыства “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”, у якім Святлана Арсенцьеўна адпрацавала 32 гады — эканамістам, галоўным эканамістам, намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце, старшынёй прафкама.



Пра людзей, якім прысвечана кніга, сяброў, родных, землякоў, калег,сказана шмат добрых слоў — любові, павагі,удзячнасці і захаплення, як і пра родную аношкаўскую зямлю,
якой адданая, дзе вырасла сама, дзе нарадзіла траіх дзяцей, куды прыязджаюць у госці ўнукі.
Кніга напісана ў форме дзённіка. Святлана Арсенцьеўна пачала яго весці, пайшоўшы на пенсію. Штуршком да таго, каб рабіць запісы, стаў дзённік бацькі Святланы Арсеня Сцяпанавіча Антановіча, калгасніка мясцовай гаспадаркі. Ён занатоўваў усё, чым штодзень займаўся. Дачка любіла пераглядаць бацькавы паперы, дакументы, фотаздымкі, чытаць яго запісы. Быццам размаўляла з ім, слухала яго парады, бо Арсеня Сцяпанавіча ўжо не было побач з імі. І вось перад ёю лёг на стол чысты агульны сшытак, якому даверыла свае думкі, клопаты, сумненні, радасці і горыч. Апісвала сучасныя падзеі, успамінала мінулае: дзіцячыя і школьныя гады, працу ў Аношкаўскай школе, вучобу ў радыётэхнічным тэхнікуме, на першым курсе радыётэхнічнага інстытута, перавод у інстытут народнай гаспадаркі, завочную вучобу там, працу ў Навукова-даследчым інстытуце электронных вылічальных машын, у сваім калгасе (пазней — ААТ) “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”, у Казлоўскім сельскім Савеце. Праз свой род, зямлякоў раскрыла лепшыя рысы беларусаў: жыццястойкасць, працавітасць і талерантнасць.
Вялікі след у жыцці аўтара пакінулі першы настаўнік Міхаіл Мікалаевіч Мацэль з тадышняй Аношкаўскай пачатковай школы, любімая настаўніца Ніна Аркадзьеўна Гутаровіч, якая выкладала рускую мову і літаратуру, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марыя Якаўлеўна Пракарына, матэматык Уладзімір Паўлавіч Аляксейчык, фізік Валянцін Барысавіч Рабко з Казлоўскай сярэдняй школы. Пазней, у калгасе — старшыня Міхаіл Васільевіч Саленік, аўтар многіх цікавых ідэй і праектаў, строгі, патрабавальны, эрудзіраваны. “Ён быў разумны, вельмі тонкі псіхолаг, ніколі нават голасу не павышаў, але яго слухаліся без пярэчання. Паважалі… Ён вельмі любіў ініцыятыўных, нераўнадушных спецыяліс-таў”, — так характарызуе Святлана Арсенцьеўна свайго першага кіраўніка ў “НОВЫМ ЖЫЦЦІ”. І спецыялісты, у калектыў якіх прыйшла ў 1977-м годзе Святлана, былі талковыя, добра ведалі сваю справу. Гэта — галоўны эканаміст Алена Міхайлаўна Карачун, эканамісты Леакадзія Мікалаеўна Борыс і Мікалай Канстанцінавіч Шарапа, галоўны бухгалтар Міхаіл Іванавіч Ціхонка, галоўны інжынер Вячаслаў Аляксандравіч Гапановіч, галоўны заатэхнік Віктар Канстанцінавіч Масквічоў (пасля галіну жывёлагадоўлі ўзначаліў Міхаіл Аляксандравіч Ладзята), галоўны ветурач Іван Пятровіч Шыбут. Старшым інжынерам, намеснікам старшыні па будаўніцтве, галоўным інжынерам працаваў муж Святланы — Уладзімір Уладзіміравіч Ціхонка. Называе аўтар і спецыялістаў сярэдняга звяна, механізатараў, прадстаўнікоў іншых прафесій — усіх, хто сваёй нястомнай працай ствараў багацце гаспадаркі, дабрабыт кожнай сям’і.
Немагчыма абысці і такі факт вясковага жыцця тых часоў. Работы было — не перарабіць. “Дзялкі” буракоў, ільну спецыялістам таксама давалі, як паляводам, толькі меней — па 30 сотак. Летам па 15 дзён трэба было адпрацаваць на нарыхтоўцы сена, у верасні капалі калгасную бульбу. А ў Святланы яшчэ і завочная вучоба: “Было вельмі цяжка. Але мы былі маладымі, поўнымі аптымізму. Хварэлі душой за працу, за яе вынікі”.
А вынікі гаспадарання радавалі. Вось, напрыклад, запіс ад 4 жніўня 2013 года: “Ідзе ўборка збожжавых. Пакуль ураджайнасць іх у нашай гаспадарцы самая высокая ў вобласці — 72,4 ц/га”.
Зямля заўсёды прыцягвала. Так, бацька Святланы Арсень Антановіч не змог пакінуць родныя мясціны, калі ў 1939 годзе яго клікаў з сабой у Польшчу Часновіч з Нясвіжа, у якога юнак вучыўся дагэтуль кавальскай справе. Сваіх дзяцей у майстра не было, а Арсень падабаўся кемлівасцю і працавітасцю. Хлопец не згадзіўся. Мінуў час, і ў канцы 1960-х гадоў з Польшчы прыйшоў ліст ад пана Часновіча. Той прасіў Антановіча пераехаць з сям’ёй, абяцаў перапісаць на яго ўсё, што меў. Але Арсень Сцяпанавіч зноў адмовіўся, не паехаў за мяжу з роднага краю. Пра яго прыхільнасць да малой радзімы сведчыць яшчэ адзін эпізод. Удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, Арсеню Антановічу пасля перамогі над фашысцкай Германіяй прапанавалі паступаць у ваеннае вучылішча, стаць афіцэрам. Толькі яго вабіла зямля, дзе заставаліся бацькі, сёстры, брат. У Заходняй Беларусі яшчэ захоўвалася прыватная ўласнасць на зямлю. Трэба было дапамагаць бацькам яе апрацоў-ваць. А пасля Арсень Сцяпанавіч адзін з першых уступіў у калгас. На сходзе прапанаваў: “Давайце назавём “Новае жыццё”. Мы ж пачынаем жыць па-новаму”.
— Яны з мамай былі патрыё-тамі, — расказвае Святлана Арсенцьеўна. — Мама заўсёды падкрэслівала, што толькі калектыўная гаспадарка дала людзям дабрабыт і святло. А бацька, ужо будучы на пенсіі, заўсёды сустракаў мяне пытаннем: “Што новае ў калгасе?”.
Калі сям’я — ячэйка грамадства, то можна сцвярджаць: ячэйка Антановічаў – Ціхонкаў вельмі моцная. У іх шмат радні, сяброў, і з усімі падтрымліваюцца зносіны, на ўсіх дзеляцца і радасці, і беды. Выхаванне ішло ад дзядуль і бабуль, маці і бацькоў. Бацька Святланы ўсё ўмеў рабіць. Працаваў токарам, кавалём, памочнікам камбайнера. Для вяскоўцаў у прыватным парадку, пасля калгаснай працы, рабіў парнікі для варкі бульбы жывёле, плугі, сошкі, бароны, гачкі. Крыў стрэхі і чорнай бляхай, і цынкавай. За работу браў мала. Святлана неяк падлічыла па калгасных расцэнках яго работу на даму — атрымалася ў пяць разоў даражэй. Маці Антаніна Паўлаўна працавала ў калгасе на будоўлі, свінаркай на ферме. Дома многа шыла. “Тата вельмі высока яе цаніў, паважаў і любіў”, — успамінае дачка. Мусіць, яго маці, Антаніна Дзмітрыеўна, баба Анця, таму навучыла з дзяцінства, з юнацтва. Як пазней вучыла яшчэ малых унучак, што лад і згоду ў сям’і трэба ствараць і берагчы. Мудрасць, памяркоўнасць, узважлівасць, каханне, павага — традыцыйныя беларускія сямейныя каштоўнасці. Яны культываваліся ў гэтай сям’і, іх разгле-дзела і ацаніла Святлана і ў Валодзю Ціхонку, які стаў яе мужам і з якім жывуць у любові і згодзе 48 гадоў, выгадавалі выдатных сына і дзвюх дачок. “Мой Валодзя — гэта сама дабрыня, спагада, чыстая, як крышталь, душа. А як ён любіць дзяцей, унукаў!” — піша аўтар кнігі.
У працавітай сям’і Антановічаў бацькі ніколі не сядзелі без справы, і ў дзяцей заўсёды былі свае абавязкі па гаспадарцы. Раней жа як было: што выгадуеш у хляве, вырасціш у агародзе — тое і з’ясі. Малака, каўбас у краме не прадавалі. У рупных Антановічаў заўсёды быў дастатак: да святаў маці шыла абноўкі, на абедзенным стале — і скварка, і каўбаска сушаная, і паляндвіца, і селядзец, белы хлеб, масла, смятана. Нават калі знянацку госці з’яўляліся, было чым пачаставаць. Людзі па натуры добрыя, бацькі дапамагалі сваякам, калі тым даводзілася цяжка.
Гэтак жа шчыра і адкрыта жывуць Святлана з Уладзімірам Ціхонкі. Уладзімір Уладзіміравіч яшчэ працуе, Святлана Арсенцьеўна занята хатнімі клопатамі. Ходзіць у храм. Не расстаецца з кнігамі. Лічыць, што ў сталым узросце творы ўспрымаюцца інакш, чым у школьныя гады. Перачытала “На ростанях” Якуба Коласа, “Атланты і карыятыды” Шамя-кіна, “Людзі на балоце” Мележа, “Каласы пад сярпом тваім” Караткевіча, аповесці Быкава, “Вайну і мір” Талстога. Захапілася палітычнай, гістарычнай літаратурай.
Святлана Арсенцьеўна ўзгадвае наказ свайго тэхнікумаўскага класнага кіраўніка М.І. Папова: трэба пастаянна развівацца, падымацца па прыступках уверх, самаўдасканальвацца. Яна так і робіць, не спыняецца ў сваім развіцці як асоба. Думае над сэнсам жыцця: што ў ім галоўнае? якой душа чалавека паўстане перад Прастолам Айца Нябеснага?
Навошта ўзялася за гэты дзённік? Хоча, каб дзеці, унукі, праўнукі ведалі яе як мага лепей, бо ў ім — яе шчырасць, адкрытасць, замілаванне і вялікая ўдзячнасць. За жыццё і мір на гэтай зямлі.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
заслужаны журналіст
Беларускага
саюза журналістаў.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!