Тэма Вялікай Айчыннай вайны хвалюючая для сям’і Анастасіі Гурко, метадыста Нясвіжскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета. Яе два стрыечных дзядулі загінулі 18-гадовымі юнакамі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Яны пайшлі на фронт пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адзін загінуў на тэрыторыі Польшчы пад масіраванай варожай бамбардзіроўкай. Другі — невядома дзе. Абодва ўключаны ў спіс прапаўшых без весткі.


Пра такую трагічную гісторыю Анастасія Сяргееўна расказала падчас адной з дыялогавых пляцовак, дзе абмяркоўваўся праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Наша суразмоўца, вядома, з адабрэннем ставіцца да ўнясення ў Асноўны Закон навел, якія сцвярджаюць, што “дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” і “праяўленне патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”.
— Гэта патрэбныя, абгрунтаваныя папраўкі, — упэўнена яна.

“Дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Арт. 15 праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

У 2020 годзе Анастасія Гурко ўдзельнічала ў пошуку даных пра рускага салдата, ваеннаслужачага 316 гвардзейскага мінамётнага палка, які загінуў пры вызваленні Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. 8 ліпеня 1944 года салдат вызваляў Баранавічы, а 9 ліпеня ён загінуў. Пошукі працягваліся год. Год работы ў архівах. Азнаямленне з рознымі дакументамі: данясеннямі аб беззваротных стратах, дакументамі са шпіталяў, аб перапахаванні воінаў і іншымі. І якраз у той час, калі жанчына з хваляваннем гартала ў архівах дакументы ваенных гадоў, у інтэрнэт лавінай укідваліся розныя сфальсіфікаваныя сцвярджэнні, у тым ліку і пра Вялікую Айчынную вайну.
— Крыўдна чытаць “перлы”, што “Вільгельм Кубэ быў сябрам беларусаў”, што “немцы былі добрыя, давалі цукеркі”, — гаворыць Анастасія Сяргееўна. — Калі супастаўляеш гэтую бязглуздзіцу з архіўнымі дакументамі, калі бачыш, якія страты неслі савецкія войскі, беларускі народ у барацьбе з нацыстамі — сапраўды, робіцца балюча.

Мемарыяльны архітэктурна-скульптурны комплекс “Хатынь”, адкрыты ў 1969 годзе, ушаноўвае памяць жыхароў вёскі Хатынь Лагойскага раёна і іншых беларускіх вёсак, знішчаных разам з насельніцтвам фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Хатынь карнікі спалілі 22 сакавіка 1943 года. У агні загінулі 149 чалавек, у тым ліку — 75 дзяцей

— Зараз мы бачым, як у некаторых краінах зносяць помнікі, забараняюць савецкую сімволіку, — працягвае суразмоўца. — Людзі, якія здабывалі свету перамогу над фашызмам, цяпер 9 Мая не могуць прайсці са сцягам, пад якім яны здабылі гэтую перамогу. Таму нам трэба абараніць сябе ад такога бяспамяцтва. Я лічу, што трэба часцей ездзіць з дзецьмі па памятных мясцінах. Летась, 9 Мая, мы, напрыклад, сям’ёй паехалі ў Хатынь. Сабраліся з самай раніцы, узялі чырвоныя гваздзікі… Я не чакала, што на мемарыяле будзе такая вялікая колькасць людзей, якія прыехалі ўласным транспартам. Не арганізаваныя экскурсіі, не за-планаваныя нейкія акцыі, а проста дарослыя з дзеткамі, сем’ямі з чырвонымі гваздзікамі ішлі да мемарыялу спаленых беларускіх вёсак. Так, гэта наш абавязак: наведваць памятныя мясціны — Хатынь, Чырвоны Бераг, Алу… Часам пытаешся: “Ведаеце, што такое Чырвоны Бераг, Ала?”. І бачыш: некаторыя не ведаюць, што там адбылося, якая трагедыя, не бывалі там. Мы ў некаторай ступені аберагалі маладое пакаленне ад такіх трагічных фактаў. Як паказвае час, напэўна, нешта было ўпушчана ў патрыятычным выхаванні. Трэба навёрстваць.
Нагадаем: вёска Ала ў Светлагорскім (раней — Парыцкім) раёне была спалена фашыстамі 14 студзеня 1944 года, загінулі 1758 мірных жыхароў, у тым ліку 950 дзяцей. У вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна размяшчаўся дзіцячы канцэнтрацыйны лагер. У дзяцей бралі кроў для параненых нямецкіх салдат і афіцэраў. Там створаны мемарыяльны комплекс «Дзецям — ахвярам вайны»

Падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі ў лагерах смерці і ў ходзе карных аперацый было знішчана каля 167 тысяч дзяцей.

У Год гістарычнай памяці газета будзе шырока асвятляць гэту тэму. Раскажа чытачам пра гераічныя і трагічныя старонкі гісторыі Беларусі пра мужнасць людзей, якія абаранялі Айчыну.