Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 11 °C

Духмяны хлеб — радасць для душы

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

У прафесію Вольга Дарашэвіч ішла мэтанакіравана. Прызнаецца, што яе вельмі вабіла кандытарская дзейнасць, таму сваю мару дзяўчына хутка ажыццявіла. Адвучыўшыся ў Баранавіцкім тэхналагічным каледжы па спецыяльнасці “тэхнік-тэхнолаг”, чатыры гады працавала кандытарам у родным Капылі. Потым выйшла замуж і пераехала ў Нясвіж. У 2012 годзе ўладкавалася ўпакоўшчыцай на Нясвіжскі хлебазавод, дзе аддана працуе і сёння. Але ўжо на пасадзе цеставода.



— У сакавіку споўніўся роўна год, як я стала цеставодам, — дзеліцца Вольга Іванаўна. — Шчыра кажучы, гэта маё. І цеста паддаецца рукам, рахмана сябе паводзіць часцей за ўсё.
— Верагодна, таму што Вы вельмі адказна і з душою падыходзіце да сваіх абавязкаў. Дарэчы, раскажыце крыху пра іх. Як простаму чалавеку ўявіць працэс замесу цеста ў прамысловых маштабах?
— Так, магчыма для абывацеля гэта будзе справай займальнай. Вядома, мы месім рознае цеста. Калі на чорны фармавы хлеб, на падавы, то варым заваркі, на белы — ставім рошчыну (заўвага аўт. — паўфабрыкат хлебапякарнай вытворчасці, які атрымліваецца замесам хлебапякарнай сыравіны: мукі, вады і дрожджаў або закваскі). Потым яна ідзе на рознага віда булкі, батоны. Асноўныя этапы выконвае цестамясільная машына. Па большасці сваёй нам застаецца толькі кантраляваць працэс, які налажаны ў адпаведнасці з пэўнай тэхналогіяй.
— Атрымліваецца, што ад Вас напрамую залежыць якасць канчатковага прадукта?
— Безумоўна. Калі цеста бу-дзе добра вымешана, будзе мяккім і пышным, то і смак, і знешні вы-гляд боханчыку будзе адпаведным. На выніковы прадукт уплывае шмат фактараў, аднак замес — трэба аддаць належнае — грае значную ролю.
— Вольга Іванаўна, а што Вам найбольш падабаецца ў Вашай рабоце?
— Якое цікавае пытанне! — азадачваецца мая суразмоўца. — Ведаеце, мабыць, калі якасна вымешана цеста і боханчыкі атрымліваюцца аднолькава прыгожымі. І так прыемна робіцца! Ты глядзіш на іх і разумееш, што нехта ў хуткасці будзе есці гэты хлеб ці батон і абавязкова насыціцца. Ад такіх думак адразу радасна і лёгка на душы.
— А які хлеб любіце Вы?
— Не, сама хлеба не ем. Люблю, калі ён толькі-толькі — гарачы — з печы выходзіць. Хоць і нельга, але так падабаецца.
Варта таксама адзначыць, што Вольга Іванаўна — шчаслівая маці. Яна гадуе трох дачок. Старэйшая Віялета — вучаніца 6 класа, сярэдняя Надзея вучыцца ў 2 класе, а малодшая Сафійка наведвае дзіцячы садок.
— Як Вы ўсё паспяваеце?
— Дык не паспяваю! Шмат клопатаў у мнагадзетнай мамы! — смяецца жанчына. — Часу на якія-небудзь свае захапленні хапае не заўсёды. То на гурток адвесці, то да лагапеда, то яшчэ якія справы. Таму сумаваць не даводзіцца!
Кіраўніцтва завода характарызуе Вольгу толькі найлепшым чынам: як адказнага, добрасумленнага працаўніка і заўсёды пазітыўнага чалавека.
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!