Меню
Курс $  3.23 | €  3.72 | ₽100  4.05 |
Погода 24 °C

Напаўняць душы прыгажосцю

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Пост опубликован: 14.03.2022

Працаваць у сферы культуры значыць быць сапраўдным яе аматарам, творцам, які можа рабіць навакольны свет іншым — больш добрым, яскравым і шчаслівым. Адным з такіх апантаных сваёй справай людзей з’яўляецца загадчык Карцэвіцкага сельскага дома культуры Марына Шумейка.



— Яшчэ ў школьныя гады я зразумела, што калі нешта рабіць, то рабіць вельмі добра. А калі не рабіць, то — зусім, — расказвае Марына Шумейка. — Гэтага прынцыпу я прытрымліваюся кожны дзень.
Вялікую каштоўнасць для Марыны Вячаславаўны і па сёння мае “Малёўскі фальклорны гурт”, які ўтварыўся ў 96-м годзе, калі яна толькі прыйшла працаваць. Сёння паспяховую работу дома культуры нельга ўявіць без сямейнага клуба, які існуе з 2007 года.
— Гэта мае памочнікі. Актыўныя сем’і Маславых, Крыварот, Мавчан, Вальчык і іншых заўзята ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах, самі прапа- ноўваюць штосьці новае. Гэта разам з імі мы трэці год пляцём прыгожыя вяночкі, аб’яднаўшы беларускія і ўкраінскія традыцыі, на раённым свяце Купалля, — расказала Марына Шумейка і падзялілася думкамі пра асаблівасці прафесіі: — У Максіма Багдановіча ёсць цудоўнае апавяданне “Апокрыф”. У ім расказваецца пра тое, як аднойчы Ісус Хрыстос зноў зышоў на зямлю, але ніхто з працуючых не пазнаў яго. Толькі музыка падышоў да Хрыста і сказаў, што яму вельмі сорамна, бо ўсе працуюць, а ён адзін такі недарэчны. На што пачуў адказ: “… Штодзённымі клопатамі поўніцца жыццё людское. Але, калі зварухнецца душа чалавека, — толькі песня здолее спатоліць яе. Шануйце ж песні свае”. Так і наша работа дапамае людзям, напаўняе душы працоўных людзей прыгажосцю.
Шмат увагі Марына Вячаславаўна надае патрыятычнаму выхаванню. Перш за ўсё — прывівае любоў да малой радзімы і беларускай мовы.
— Для мяне самае важнае месца ў свеце — гэта мае Карцэвічы, лес, рэчка. Хочацца, каб маладое пакаленне ніколі не цуралася сваёй малой радзімы, з гонарам магло казаць “я з вёскі”. Я люблю фальклор, і ў мінулым годзе стварыла гурток “Хвілінка”, на якім стараюся цікава паднесці хлопчыкам і дзяўчынкам беларускія традыцыі, святы, кухню. Шмат цікавасці праявілі дзеці да масленіцы, купалля. А як даведаліся болей пра Каляды, дык адразу загарэліся ідэямі, і за некалькі месяцаў ужо прадумвалі, кім будуць, што будуць казаць. Вялікую колькасць мерапрыемстваў наш дом культуры праводзіць на беларускай мове. Многія сцэнары пішу сама — так хутчэй. З беларускімі пісьменнікамі, якія сёння натхняюць, у свой час мяне пазнаёміла цудоўны настаўнік Наталля Плакса. Я вельмі ўдзячна Наталлі Васільеўне, што яна аднойчы раскрыла мне ўсё хараство беларускай літаратуры.
Маленькіх зорачак у нас шмат — усіх не пералічыш. Дзеці займаюцца ў вакальных групе “Дамісолька” і гуртку “Вясёлка”, драматычным гуртку “Гарэзы”, школе юных вядучых і іншых гуртках. Сённяшніх дзяцей складана выцягнуць з інтэрнета, з тэлефонаў, але, калі ім падабраць тое, што можа спадабацца, і цікава гэта паднесці, яны з задавальненнем будуць хадзіць у студыі і паказваць добрыя вынікі. Таму я заўсёды стараюся размаўляць з імі, разумець іх, каб разам ствараць прыгажосць.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!