Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 13 °C

Пяць дачок — своеасаблівы квэст

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 5

Сумна ў хаце Цвірко бывае рэдка. У асноўным толькі тады, калі ўсе занятыя ці ў ад’ездзе.
Размаўляючы з гераіняй гэтага выпуску, амаль адразу пытаю-ся: ці задумвалася Алена Уладзіміраўна, што аднойчы будзе мець столькі багацця ў дзецях?
Яна, усміхаючыся, адказвае:
— Ведаеце, не. Я сама гадавалася ў шматдзетнай сям’і. Нас у матулі было наогул шасцёра. І я, дарэчы, старэйшая з усіх. Пастаянна прыходзілася сачыць за малодшымі — я за іх адказвала. Таму думала, што мець столькі дзяцей — занадта: адзін, два — і будзе з мяне. Хацелі хлопчыка і дзяўчынку. А яно — во як склалася! Пошукі хлопчыка зацягнуліся, адгукнуліся толькі дзяўчаткі! — смяецца мама і падкрэслівае: — Але ж у нас усе розныя. Кожная дачка зусім непадобная на сваіх сясцёр. Адрозніваюцца і паводзінамі, і думкамі, і, адпаведна, захапленнямі. Таму ўсякі раз нешта новае прыдумваюць, адшукваюць… Адным словам — нястомныя дзяўчаты ў нас!



Сапраўды, тут у кожнай свае перавагі. Старэйшая Марыя зараз вучыцца ў 10 класе Нясвіж-скай гімназіі. Дзяўчынка плануе звязаць будучыню з ветэрынарнай справай, таму паглыбленна вывучае хімію і біялогію. Так як сям’я жыве ў вёсцы Кунаса, Марыі, як іншагародняй, установа адукацыі дала інтэрнат. Таму дома дзяўчынка бывае толькі па выхадных. Алена Уладзіміраўна кажа, што так дачка хутчэй мусіць адчуць усе ўмовы сапраўднага студэнцкага жыцця. Яшчэ Машы па душы маляванне. Але ўсё партфоліо мастачка возіць з сабою: не хоча дзяліць аўтарства з маляткамі.

Іван і Алена ведалі адзін аднаго са школьных часоў, мелі агульных сяброў. Наогул былі аднавяскоўцамі. Ён старэйшы на пяць гадоў, адвучыўшыся пасля школы ў авіяцыйным каледжы, вярнуўся на радзіму. І ў хуткім часе маладыя людзі стварылі сям’ю. На фота муж і жонка ў коле сваіх дамачадцаў. Імёны ўсім дочкам даваў тата — (злева направа) Вікторыя, Кацярына, маленькая Ульяна на руках у матулі, Дар’я разам з бацькам і старэйшая Марыя

За Машай ідзе Каця. Яна малодшая на два гады, але ўжо паўнавартасная гаспадыня і маміна “ратавальніца”. І па хаце дапаможа, і з сястрычкамі пасядзіць, і параду дасць, калі трэба. Таксама дзяўчынка мае выдатныя поспехі ў вучобе, удзельнічае ў прадметных конкурсах, дыстанцыйных і інтэрнэт-алімпіядах. Стала прызёрам раённага маўленчага цю-нінга “Прававое скрыжаванне” ў намінацыі “Калі б я быў інспектарам ІСН”. Каця — вучаніца Сейлавіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу. Зараз яна ў восьмым класе, але яшчэ не вызначылася, кім хоча стаць. Цікава, але яна з вялікім задавальненнем праводзіць час з бацькам у гаражы і марыць аб уласным аўтамабілі — вабіць дзяўчынку тэхніка.
Да дзвюх старэйшых сясцёр паспяхова цягнецца і Вікторыя. Ёй зараз 12 гадоў, яна таксама вучыцца ў Сейлавіцкай школе, у 6-м класе. А вось малодшыя Дашуля і Ульянка праводзяць час дома з мамай. Вельмі любяць дзяўчынкі гуляць на свежым паветры і займацца творчасцю. Асабліва хораша ў іх атрымліваецца маляваць. Гаспадыня прызнаецца, што на сценах пакояў даўно красуюцца шэдэўры жыхароў дома:
— Мы нават жартуем сярод сваіх — няхай застаецца гэтая прыгажосць — для ўспамінаў!
На пытанне, ці складана быць шматдзетнай мамай, Алена Уладзіміраўна кажа:
— Так, складана. Магу сказаць, што пяць дачок — свое-асаблівы квэст, але прайсці яго лягчэй, калі кожны дапамагае адзін аднаму і заўсёды цікавіцца справамі блізкага. Вядома, трэба прасцей ставіцца да дробязей, менш надаваць гэтаму ўвагі і абавязкова размаўляць. Спакойна і часцей размаўляць. Так, у кожнага свае цяжкасці. Мы як дарослыя павінны пры-слухоўвацца да сваіх дзяцей, чуць іх і адчуваць. Успамінаць сябе ў тым узросце, глядзець на сітуацыю менавіта дзіцячымі вачыма, — адзначае мая суразмоўца і дадае: — Але варта таксама памятаць: колькі дзецям ні расказвай, ні павучай, усё роўна яны зробяць так, як бачаць, у першую чаргу, перад сабой. Таму словы часта не працуюць, трэба павучаць і ўдасканальваць найперш самога сябе, каб быць тым самым узорам і прыкладам. Інакш — ніяк!
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!