Меню
Курс $  3.07 | €  3.53 | ₽100  3.8 |
Погода 12 °C

Фотаздымак

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Пост опубликован: 13.04.2022

Хто мы ў гэтым цікавым, недзе вар’яцкім, але такім захапляльным свеце? Пясчынкі ў мірыядах сузор’яў і планет, травінкі ў зялёным бязмежжы зямлі, разумныя істоты, якім трэба выжыць. І не толькі. Неабходна нешта зрабіць за тое кароткае імгненне, пакінуць пасля сябе памятны след. А жыццё ў кожнага рознае і складанае…
Заходняя Беларусь, 1933 год. У вёсцы Панюцічы Сноўскай гміны Навагрудскага павета яшчэ польская ўлада. Дзейнічаюць школы на чужой мове, людзі ў вёсцы жывуць аднаасобнымі гаспадаркамі.



На гэтым здымку жыхары Панюціч каля хаты Адама Міхайлавіча Хвіра, які стаіць злева. Далей — яго жонка Зінаіда з маленькім сынам Славам. Дарэчы, у маладосці яе партрэт намаляваў вядомы мастак Міхаіл Сеўрук, цяпер карціна знаходзіцца ў Яраслаўлі, дзе жыве ўнучка Зінаіды. За імі сядзяць стрыечны брат Зіны Анатоль Сержан і яго жонка, унізе іх дзеці. Справа — Аляксандра Лятніцкая з дачкой Лёдзяй. Ля іх стаіць муж і бацька Ян Уладзіслаў Лятніцкі. Дарэчы, вельмі цікавы быў чалавек, маляваў прыгожыя карціны, якія выстаўляліся ў Польшчы і іншых краінах Заходняй Еўропы. Ён ажаніўся з Шурай, жылі яны да вайны хораша і ў ладзе.
Грозныя гады Вялікай Айчыннай чорным крылом перакрэслілі мірнае жыццё вяскоўцаў. У жніўні 1941-га па вёсцы пайшла чутка, што немцы хапаюць мужчын. Па вуліцы ішлі фашысты з выявамі чарапоў на касках. Яны выпіхвалі з хат маладых мужчын, якія аказаліся “ненадзейнымі” і па даносе мясцовага здрадніка трапілі ў рукі акупантаў. Сярод схопленых былі браты майго бацькі Адам Міхайлавіч і Антон Міхайлавіч Хвіры. Немцы пагналі дзесяць чалавек у канец вуліцы і пагрузілі ў машыну. Людзі былі збянтэжаны, крычалі і плакалі жанчыны, дзеці. Захопленых адвезлі ў Баранавічы, жонкі потым ездзілі туды, але нічога не дабіліся. Дзе загінулі тыя смелыя вяскоўцы, невядома і дагэтуль. Людзі выказвалі меркаванне, што іх адвезлі ў лагер Калдычэва, адкуль амаль ніхто не выбіраўся жывым. Трагічны лёс напаткаў і Яна Уладзіслава Лятніцкага, якога немцы пазней расстралялі ў лесе паблізу Снова.
Тры сям’і, адлюстраваныя на гэтым здымку, былі мірныя і па-свойму шчаслівыя. Хіба яны маглі ведаць, што іх чакае наперадзе грозная навала…
Фатаграфія блізкіх людзей захоўвалася ў фотаальбоме маёй швагеркі ў Мінску, дачка якой пераслала мне гэты цікавы гістарычны дакумент. Шкада толькі, што застаўся невядомым аўтар фота- здымка. Але жыве памяць пра тых мужных і добрых людзей.
Раіса Хвір,
г. Нясвіж.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!