Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 9 °C

Захаваныя ўспаміны — каштоўная спадчына нашчадкаў

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Вайна — гэта боль, водгулле якога сціскае сэрцы як людзей, якія яе засталі, так і наступных пакаленняў. Зараз сведкаў страшэнных падзей Вялікай Айчыннай вайны засталося зусім няшмат. І захаваныя драбінкі іх успамінаў — каштоўная спадчына нашчадкаў.
Малалетнія вязні вайны Аляксандр Іванавіч і Марыя Іванаўна Гладкія цудам выратаваліся з кіпцюроў смерці. Аляксандру было ўсяго чатыры гадочкі, калі ў 1945 годзе яны змаглі вярнуцца на ра- дзіму. Яго старэйшая сястра Марыя больш памятае ўсе жахі існавання на мяжы жыцця і смерці, але расказваць услых доўгі час не магла — балюча было адкрываць глыбокія раны на сэрцы. На шчасце, некалькі гадоў назад жонка Аляксандра Іванавіча Данута Віктаранаўна Гладкая падчас размовы з залоўкай запісала невялікі ўрывак яе ўспамінаў, каб дзеці і праўнукі ведалі гісторыю старэйшага пакалення. Вось што расказала пра сваё дзяцінства Марыя Іванаўна:



— Была вайна. Усе браты маёй маці, дзявочае прозвішча якой Троска, былі ў партызанах. Браты Івана Ільіча Гладкага, майго бацькі, таксама. Аднойчы наехалі казакі з немцамі, забралі нас з бацькамі ў Германію, у горад Вальдэнбург, што недалёка ад горада Штутгарда. Мне было дзесяць гадоў, брату Сашы — тры. Нас адправілі на работы, вельмі дрэнна кармілі. Увесь час мы адчувалі голад. Было вельмі страшна, невядома, што будзе далей. Мы маліліся і адчувалі, што ў любы момант можам развітацца з жыццём. Але неўзабаве наляцелі самалёты і пачалі бамбіць немцаў. Нас вызвалілі. Хутка пайшлі танкі, і нас забралі ў спецыяльны лагер, дзе аказвалі медыцынскую дапамогу і давалі ежу. Усё навокал было разбурана і разбіта. Паступова былых вязняў адпраўлялі на ра- дзіму. Нас на цягніку прывезлі ў Баранавічы, дзе жыла маміна сястра Яўгенія Троска. Адтуль трэба было самім дабірацца да роднай Кайшоўкі. Бацька знайшоў чалавека, у якога быў конь, і папрасіў, каб ён давёз нас да вёскі. За паслугу заплацілі адзежай. Калі даехалі, убачылі, што дом часткова разбураны: вокны выбіты, даху няма. Накрывалі яго саломай. Каб выжыць, хадзілі прасіць міластыню. Людзі дапамаглі чым маглі: бульбай ці той жа саломай. Адзення не хапала, таму хадзілі паўраздзетыя. Потым запрацаваў калгас, мы пайшлі на работу і пачалі паціху аднаўляцца.
Далейшы лёс брата і сястры склаўся значна больш шчасліва. Марыя Іванаўна да самай пенсіі працавала ў Нясвіжскім райспажыўтаварыстве, з вялікай увагай ставілася да калег і добра выконвала свае абавязкі. А працоўны шлях Аляксандра Іванавіча цесна пераплёўся з ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс”. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю ў Інстытуце народнай гаспадаркі, ён добрасумленна працаваў у таварыстве бухгалтарам-эканамістам. Шчасліва склалася і асабістае жыццё — разам з жонкай Данутай Аляксандр выгадаваў дзвюх дачок і дзвюх ўнучак, якія заўсёды радыя прыехаць да сваіх бацькоў, бабулі і дзядулі, даведацца штосьці новае ці проста дапамагчы па дому.
Падчас асабістай размовы з Аляксандрам Іванавічам я спыталася, чаму патрэбна навучаць будучыя пакаленні, каб жахі вайны не вярнуліся ў жыццё беларусаў зноў? На гэта А.І. Гладкі адказаў проста:
— Трэба выхоўваць у дзецях любоў да сваёй радзімы, патрыятызм, не забываць урокі гісторыі, каб не паўтарыць памылкі мінулага. Усім нашчадкам я жадаю міру, дабра, спакою. Каб усе дабразычліва ставіліся адзін да аднаго і ўмелі чуць адзін аднаго.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.
Фота Іны ВАСІЛЕВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!