Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 14 °C

Дзіўны свет цікавых адкрыццяў

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 1

2 КРАСАВІКА — МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ ДЗІЦЯЧАЙ КНІГІ

Немагчыма пераацаніць ролю дзіцячай кнігі ў фарміраванні асобы. Кніга — наш верны сябар з дзяцінства, які заўсёды навучыць новаму, акуне ў дзіўны свет займальных падарожжаў і цікавых адкрыццяў. Праз чытанне дзіця фарміруе мысленне, уяўленне, правільнае маўленне. Дзякуючы дзіцячай кнізе ствараецца маральнае і інтэлектуальнае аблічча цэлых пакаленняў. Аб тым, як наладжана работа з юнымі чытачамі ў аддзеле па рабоце з дзецьмі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, мы распыталі ў яго загадчыка Алёны Чухлей.



— Мы ўсе прызвычаіліся называць 2 красавіка Днём дзіцячай кнігі. Але чаму для гэтага цудоўнага свята выбраны менавіта гэты дзень?
— Дата святкавання абрана не выпадкова — у гэты дзень нарадзіўся вялікі дацкі казачнік Ганс Хрысціян Андэрсан, на чыіх казках выраслі мільёны юных чытачоў па ўсім свеце. Свята ўпершыню адзначылі ў 1967 годзе. Ініцыятарам яго ўстанаўлення стала «Міжнародная рада па дзіцячай кнізе», а дакладней, яе заснавальнік — нямецкая пісьменніца, журналіст і перакладчык Йела Лепман, якая практычна ўсё сваё жыццё прысвяціла дзецям і дзіцячай літаратуры. Па яе ініцыятыве з 1956 года заснавана Міжнародная прэмія імя Ганса Хрысціяна Андэрсана, якая прысуджаецца ў Дзень дзіцячай кнігі раз у два гады дзіцячым пісьменнікам і мастакам. Гэта самая прэстыжная міжнародная ўзнагарода такога кшталту, якую часта называюць “Малой Нобелеўскай прэміяй”. Звычайна да Міжнароднага дня дзіцячай кнігі прымяркоўваюць правядзенне Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі. У нашай бібліятэцы на працягу тыдня таксама праводзіліся яркія, забаўляльныя і запамінальныя мерапрыемствы.
— Сапраўды, бібліятэка можа быць і клубам, і месцам для сустрэч і адпачынку. Як вы прыцягваеце да сябе дзяцей?
— Пазіцыянуючы сябе як цэнтр чытання і зносін, мы імкнемся ў сваёй дзейнасці ісці ў нагу з часам, змяняючы падыходы да работы з чытачамі-дзецьмі, улічваючы іх захапленні і ўкараняючы новыя крэатыўныя формы работы. Сярод іх — марафоны чытання, акцыі (такія як “Бібліяноч”, “Лета з добрай кнігай” і інш.), конкурсы, бібліятэчныя квэсты, інтэрактыўныя выставы і гульні з выкарыстаннем QR-кодаў, дыскусіі, дзе асноўны акцэнт зроблены на кнігу, чытанне, а таксама на магчымасць пошуку і выкарыстання знойдзенай інфармацыі. Для першакласнікаў праходзіць тэатралізаваная акцыя “Прысвячэнне ў чытачы”. Актыўна працуем у сацыяльных сетках. Нашы старонкі “Бібліядзеткі” у “УКантакце” і “Інстаграм” змяшчаюць інфармацыю аб мерапрыемствах, тэматычныя агляды кніг, віктарыны і шмат іншай цікавай інфармацыі. Бібліятэкары аказваюць дапамогу ў выбары кніг, якія могуць зацікавіць і дарослых, і дзяцей, падштурхнуць да размовы аб прачытаным.
Зыходзячы з асаблівасцяў дашкольнага ўзросту, мы стараемся паказаць бібліятэку як месца, у якім цікава знаходзіцца, дзе можна даведацца шмат новага і з карысцю правесці вольны час. Для нашых маленькіх чытачоў і іх бацькоў у бібліятэцы арганізаваны “Пакой для вольнага часу і творчасці”. Тут разам з дзіцем можна пачытаць кнігу, пагуляць, памаляваць, складваць пазлы па матывах літаратурных твораў. Традыцыйнай стала акцыя ў падтрымку чытання “Тыдзень дзіцячай кнігі”, у рамках якой праходзіць узнагароджанне граматамі і падарункамі самых актыўных чытачоў-дзяцей. Таксама арганізоўваем сустрэчы з пісьменнікамі. Яны не толькі знаёмяць дзяцей з творчасцю сучасных аўтараў, але і развіваюць іх творчую фантазію, мову, мысленне, а таксама выхоўваюць цікавасць і любоў да кнігі, жаданне прачытаць твор.
— Наколькі вялікі фонд дзіцячай літаратуры ў раённай бібліятэцы? Што вы можаце прапанаваць юным наведвальнікам?
— Фонд бібліятэкі дастаткова вялікі. Я ўпэўнена, што кожны чытач зможа знайсці кнігу сабе па густу ў залежнасці ад узросту. Цікавыя і пазнавальныя казкі і апавяданні, прыгожыя і вясёлыя вершы, неверагодныя гісторыі і прыгоды беларускіх, рускіх і замежных аўтараў, дзіцячыя часопісы. Для бацькоў ёсць літаратура псіхолага-педагагічнага характару, дапаможнікі па выхаванні культуры чытання дзяцей, арганізацыі сямейнага вольнага часу, а таксама творы для сямейнага чытання. Шмат энцыклапедый для дзяцей рознага ўзросту, у тым ліку для дашкольнікаў. Ёсць нават энцыклапедыі з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці: праз спецыяльную праграму на тэлефоне можна ажывіць ілюстрацыю.
— Ці заўважылі Вы (за гады працы ці ў апошні час) змены ў прыхільнасцях дзяцей, у іх інтарэсах, якія тычацца чытання і кніг?
— Чытацкія густы істотна не змяніліся. Па-ранейшаму чытаюць і казачныя гісторыі, і фэнтэзі, і прыгодніцкія і фантастычныя творы, і дэтэктывы. Чытаюць і класічную дзіцячую літаратуру, і папулярныя кнігі сучасных аўтараў. Малодшыя школьнікі акрамя мастацкай, цікавяцца навукова-пазнавальнай літаратурай, а падлеткаў вабяць праблемна-арыентаваныя творы, дзе можна знайсці адказы на хвалюючыя пытанні: першае каханне, ўзаемаадносіны з бацькамі і аднагодкамі, пошук сябе і г.д. Чытацкі густ фарміруюць таксама і сацыяльныя медыа: дзеці часта звяртаюцца за разрэкламаванай кнігай.
— Што Вы хацелі б пажадаць дзецям і іх бацькам у сувязі з Днём дзіцячай кнігі?
— Галоўны сэнс гэтага дня — нагадаць, як важна з дзяцінства чытаць добрыя кнігі. Яны не толькі пашыраюць кругагляд, развіваюць фантазію і мысленне, але і фарміруюць асобу, чаго не скажаш аб камп’ютарных гульнях і “завісанні” ў планшэце. Таму скарыстайце такі дзень як дадатковую нагоду пачытаць дзіцяці на ноч, “падкінуць” яму добрую кнігу, а можа, і самім перачытаць любімыя з малых гадоў творы. Або, нарэшце, прачытаць тое, што некалі прапусцілі.
У заключэнне хацелася б сказаць, што чытанне — гэта звычка, якой не вучаць, а якую пераймаюць. А “заразіць” ёю дзяцей можам мы, дарослыя, асабліва бацькі, якія знаходзяцца побач з імі.
— Дзякуй за гутарку і няхай усё больш дзяцей прыходзіць да вас па кнігі і новыя ўражанні!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!