Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 12 °C

Гісторыя дзяўчынкі: аб вайне з першых вуснаў

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Амаль 81 год прайшоў з таго дня, як на мірны савецкі народ абрушылася жудасная вайна. Сучаснаму маладому пакаленню зусім немагчыма ўявіць усё тое, што перажывалі людзі тых часоў, усе іх пакуты. Яшчэ нават дзясятак гадоў таму ў нас была магчымасць пачуць пранізлівыя гісторыі з жыццяў саміх воінаў-вызваліцеляў, паглядзець у іх глыбокія вочы, паціснуць іх спрацаваныя рукі. Зараз жа сведкаў ваенных падзей засталіся адзінкі. І з кожным новым годам яны, на жаль, зыходзяць з жыцця… А калі і ёсць яшчэ тыя, хто ясна памятае што-небудзь, — яны проста не даюць рады, ім цяжка гаварыць. Аднак жыхарка Нясвіжа, Ганна Міхайлаўна Ляшчынская, якой у самым пачатку ліпеня споўніцца 91 год, змагла са мной пагутарыць. У пачатку размовы жанчына прызнаецца, што насамрэч ёй болей — нарадзілася яна ў 1930 годзе, хаця запісалі пазней — у 1931-м.



Сям’я, у якой нарадзілася маленькая Ганна, была вельмі вялікая. Усяго ў маці Надзеі і бацькі Міхаіла было 13 дзяцей. Жылі яны ў Хойніках, у вёсцы Вялікі Бор. Ганна Міхайлаўна ўспамінае, што сяло было прыгожае, выдзялялася шматлікай інфраструктурай.
Вайна ў хату Іванюценкаў прыйшла як і да іншых, нечакана і бязлітасна… У чэрвені 1941-га Ганна разам з сяброўкамі-аднакласніцамі працавала на прышкольным агародзе. Гэта якраз быў апошні дзень работ. Настаўніца Мар’я Васільеўна выдала заслужаныя за працу грошы кожнай — у асабіста падпісаным канверціку. Шчаслівыя дзяўчаткі пабеглі ў краму за пачастункамі. Калі яны выйшлі адтуль, пачулі, што па радыёпрымніку, які вісеў на слупе, збіраюцца аб нечым абвясціць. Прахожыя падышлі бліжэй, каб чуць, абступілі змайстраваны столік, ён стаяў побач — за ім часта гулялі ў карты вяскоўцы. І ўзнялі галовы ўверх. Па гучнагаварыцелю перадалі, што пачалася вайна… (заўв. аўт. — нібыта сцэна з ваеннага фільма, праўда? Але гэта не кіно, гэта была ашаламляльная рэальнасць).
Амаль адразу сям’ю Іванюценкаў разлучылі: бацька і старэйшы сын пайшлі на фронт, за імі, праз некаторы час, былі прызваны і іншыя, хто быў прыдатны да службы. У 1942 годзе Вялікі Бор акупіравалі немцы. Ганна Міхайлаўна кажа, што нямецкае камандаванне паставіла два ці тры ўзвода сцерагчы вёску. Мясцовыя жыхары паразыходзіліся хто-куды ў розныя канцы сяла. Вялікая частка людзей асела ў лесе. Жанчына ўспамінае, што была адважнай і бясстрашнай дзяўчынкай, актыўна партызаніла. А зараз, з вышыні пражытых гадоў, гаворыць, што не разумее: ці то дурная была, ці то насамрэч нічога не баялася. І нават калі вешаць вялі, ішла смела — мусіць, да канца не разумела, што адбываецца. Але цяпер, расказваючы мне пра той жудасны момант, ціха выроньвае слязу.
— Памятаю, як вялі нас, трох дзяўчат і двух хлопцаў… І людзі шапталіся, падказвалі, каб я пятлю, што вакол шыі, рукамі схапіла і, як магла, не давала вяроўцы сцягнуцца, — расказвае Г.М. Ляшчынская. — Пяць салдат нас сцераглі, стаялі з аўтаматамі, каб, калі хто куды пабяжыць, адразу стрэліць. Падышоў адзін з немцаў і стаў два пальцы паказваць, прыгаворваючы: “Цвай, цвай… Грыша? Патрусь?”. Як аказалася, не маглі далічыцца двух хлопцаў. Марудзіліся яны вакол нас пару хвілін, і ў выніку нямецкі камандзір аддаў прыказ : “Генух!”, што значыць “хопіць, даволі”. Тады нас знялі. Але ж прыйшла мне ў галаву думка: раз так, то зараз страляць будуць. “Ганначка, не здымай вяроўкі, лепш задушыцца, чым так!” — сказала я сяброўцы. А яна мне “Не, не будуць… давай…”. І нас адпусцілі, не павесілі. А рукі мае трасліся… не разумела, чаму так моцна. Як мы ішлі тады і пападалі! Пападалі і шэпчам адна адной: “Уставай! Уставай, бо пастраляюць!”. Паліцаі праводзілі нас да канавы, ад якой пачыналася сцежка ў лес, там было павалена шмат соснаў. Цераз голле папаўзлі мы па траве і схаваліся ў кукурузе…
Успамінае мая суразмоўца, як фашысты разбамбілі партызанскі атрад, што дзейнічаў у Вялікім Бары. Ганну разам з двума братамі забралі ў канцлагер (там у дзяцей бралі кроў для нямецкіх салдат), а мама трапіла на работы ў Германію. Роднае сяло немцы спалілі разам са слабымі і параненымі людзьмі, а хто быў крапчэйшы — пагналі на поезд на вузлавую станцыю “Васілевічы”. Гэта адбылося ў 1943-1944 гг. Па словах Ганны Міхайлаўны, праз некаторы час Надзея выкупіла і забрала сваіх дзяцей з канцлагера. На чужбіне маці была задзейнічана на палявых работах. Малыя не працавалі, адно дапамагалі па кухні жанчыне, у хаце якой жылі. У Беларусь яны вярнуліся толькі ў 1946-м годзе. Спачатку сям’я спынілася ў цёткі, матчынай сястры. Бацька, паранены, прыехаў у 1950-х. У 1953-м Ганна Міхайлаўна выйшла замуж, узяла прозвішча Ляшчынская. Разам з мужам Віталем у Судкове, што ў Хойнікскім раёне, пабудавалі дом. Выгадавалі пецярых дзяцей. Зараз у Ганны Міхайлаўны ўжо 9 унукаў, 12 праўнукаў. А ў хуткасці з’явяцца і прапраўнукі.
Жанчына трымаецца сапраўдным малайцом, спуску сабе не дае. Параўноўвае сябе з маладымі і гледзячы ў люстэрка, жартаўліва скардзіцца на свае маршчыны. А я ў сваю чаргу ўсміхаюся і пярэчу: “Вы што, шаноўная Ганна Міхайлаўна! Кожнаму б так!”. І дзіўлюся яе напорыстасці, жвавасці і бадзёрасці.
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.
Фота Неанілы ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!