Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 12 °C

Канцлагер Калдычэва. Абвінавачваем ІІ. Не скарыўся

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

У канцлагеры Калдычэва вясной 1944 года фашыстамі быў замучаны жыхар вёскі Лявонавічы Васіль Станіслававіч Бенька.Пра яго я даведалася некалі ад лявонавіцкага краязнаўцы, настаўніка мясцовай школы Расціслава Ждановіча, унука Васіля Бенькі. Аповед Расціслава Міхайлавіча мы надрукавалі ў раённай газеце “Чырвоны сцяг”. Сёння хацелася б пазнаёміць з трагічнай гісторыяй нашага земляка прыхільнікаў “Нясвіжскіх навін” — упэўнена, што чытацкая аўдыторыя “раёнкі” значна змянілася за мінулую чвэрць стагоддзя.



Васіль Станіслававіч Бенька нарадзіўся ў 1893 г. у в. Лявонавічы Мінскай губерні Слуцкага павета Пацейкаўскай воласці. Ён рос дапытлівым хлопчыкам, і яго аддалі вучыцца на каваля. Таленавіты юнак стаў майстрам сваёй справы, адкрыў сваю кузню. Але ўспыхнула Першая сусветная вайна, і Васілю давялося апрануць салдацкі шынель. Ваяваў Васіль так, як і працаваў — аддана, за што і быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам.
Дэмабілізаваўшыся, Васіль Бенька вярнуўся ў родную вёску і зноў заняўся любімай справай: ладзіў аднасяльчанам плугі, рамантаваў гаспадарчае начынне, рабіў сярпы, косы, сякеры. Сапраўдны майстар, ён хутка набыў вядомасць па ўсёй ваколіцы. 3 заказамі да яго прыходзілі людзі амаль з усяго павета. Тады ён пабудаваў вялікую кузню, у якую набыў новае абсталяванне, такарныя станкі па метале і дрэве. Пабудаваў вялікі паравы млын, не баючыся канкурэнцыі з боку чатырох ветракоў, якія на той час ужо былі ў в. Лявонавічы. За выдатную працу, за майстэрства польскія ўлады (а ўжо ішлі часы польскай акупацыі) ўзнагародзілі Беньку крыжам за гаспадарчую дзейнасць. А заказаў станавілася ўсё болей. Па ўспамінах аднавяскоўцаў, да Васіля Станіслававіча прыязджалі нават з Польшчы па парады, па дапамогу. Многія юнакі вучыліся ў яго кавальскай справе. Неяк у пані Жалняркевічавай, што мела маёнтак у в. Смалічы, зламалася паравая сушылка для збожжа, яна выклікала майстра з Варшавы, з завода, і той адказаў, што агрэгат тут не паправіш, яго трэба адпраўляць на завод. А Васіль Станіслававіч хутка адрамантаваў яго, высушыўшы за гэтую работу ў першую чаргу сваё збожжа.
Аднавяскоўцы вельмі паважалі немнагаслоўнага майстра. Выбралі яго кіраўніком пажарнай аховы вёскі, апекуном над малалетнімі дзецьмі вёскі. I ён усёй душой аддаваўся грамадскай рабоце. У 1926 г. дапамагаў арганізаваць Лявонавіцкі хор пры пажарнай ахове вёскі (пазней ён стаў народным), у 1933 г. кіраваў пабудовай святліцы стражацкай (цяпер тут месціцца клуб).
“Любілі ў Лявонавічах Васіля Беньку. Моцны і вясёлы быў чалавек. Дзень пры дні працаваў ён у кузні і разам з ударам молата з кузні выляталі песні Бенькі. Спяваў ён чыстым, прыгожым тэнарам і быў наогул патрыётам лявонавіцкіх харавых спеваў. Калі сяляне сабралі грошы на будаўніцтве свайго народнага дому, Бенька стаў яго галоўным “архітэктарам” і “цесляром”, — так пісала ў 1966 г. газета “Звязда”.
Калі ў студзені 1940 г. на базе маёнтка Смалічы ўтварыўся калгас “1 Мая”, Васіль Станіслававіч, выбраны калгасні- камі старшынёй, з запалам узяўся за справу. Але нядоўга давялося жыць мірна. У чэрвені 1941-га выбухнула Вялікая Айчыннай вайна і неўзабаве ў вёсцы з’явіліся немцы. Для барацьбы з імі ў раёне пачалі арганізоўвацца партызанскія атрады, і Васіль Станіслававіч стаў партызанскім сувязным. Збіраў зброю, рамантаваў яе і перадаваў партызанам, дапамагаў ім ежай, адзеннем, зборам разведданых.
У красавіку 1944 г. Васіля Станіслававіча немцы арыштавалі. Калі з’явіліся па яго, мужчына быў у суседзяў і змог бы ўцячы, але на ўгаворы аб уцёках сказаў: “Што будзе, калі немцы схопяць замест мяне дзяцей?”. I ён пайшоў дадому, дзе чакалі гітлераўцы і паліцаі. Яны загадалі Васілю Станіслававічу падрыхтаваць ежу, а калі скончылася гарэлка, то адправілі яго знайсці ў вёсцы яшчэ некалькі пляшак. Потым пешшу павялі Беньку ў Клецк, у гестапа.

Васіль Станіслававіч Бенька з сям’ёй. Фота 1930-х гадоў

Справа ў тым, што Клецкае СД арыштавала партызана Бабко з в. Блячына (цяпер — Садовая) Клецкага раёна, і той выдаў і святара Блячынскай праваслаўнай царквы Мікалая Аляксандравіча Хільтава, які на брычцы прывозіў паламаную зброю Васілю Станіслававічу і перадаваў потым назад партызанам, і Васіля Беньку. Хільтава спалілі жывым у канцлагеры Калдычэва, там жа загінула яго жонка Надзея, брат Георгій — святар Клецкай царквы, і яго жонка. Аб гэтым сведчыў у сваіх успамінах наш зямляк, паэт С.М. Новік-Пяюн, які таксама быў вязнем Калдычэва. Пасля жорсткіх допытаў у Клецкім гестапа Васіля Станіслававіча пешшу, праз Навінкі і Сіняўку, пагналі ў Баранавічы, у турму, а адтуль — у канцлагер.
У канцлагеры Беньку прымушалі выконваць розную работу. Але ён адмаўляўся і ад ежы, і ад работы. Тады фашысты па-зверскі замучылі Васіля Станіслававіча.
Аднавяскоўцы, не ведаючы, што Васіля Бенькі ўжо не было ў жывых, сабралі шмат грошай, золата, каб выкупіць яго, наладзілі сувязь з жонкай намесніка каменданта па ахове канцлагера Калько, але гэтыя намаганні былі ўжо непатрэбнымі.
Засталіся дома тры дачкі (Фоція, Ірына, Сафія) і сын Анатоль. (Жонка Васіля Станіслававіча — Сафія Іванаўна — памерла ў кастрычніку 1937 г.). А пра цудоўнае майстэрства В.С. Бенькі нагадваюць зробленыя ім крыжы ды агароджа вакол магіл яго бацькоў на могілках у Лявонавічах.
У роднай вёсцы, на вуліцы Першамайскай, і цяпер стаіць хата, пабудаваная некалі ўмелымі рукамі Васіля Станіслававіча. Адсюль пайшоў на фронт яго сын, адсюль ішлі пасля вайны замуж дочкі. Сюды на цёплы сезон цяпер прыязджае з Мінска адна з унучак — Ніна Анатольеўна. Хата і сядзіба дагледжаныя, на ўчастку стаіць цяпліца, растуць яблыні, слівы, грэцкі арэх, буякі, гародніна, бульба, кветкі. Праўнук Васіля Бенькі Вячаслаў ставіць новы плот.
Пра гэта мне расказала другая ўнучка Васіля Бенькі, Зоя Анатольеўна Сланімская, якая жыве ў Лявонавічах. Яна на пенсіі, даглядае старэнькую свякроў. На малую радзіму часам прыязджае з Сіняўкі Клецкага раёна іх трэцяя сястра — Тамара Анатольеўна. Як і дзядуля, жанчыны любяць песню. “Але найбольш яго талент перадаўся Тамары, — расказвае Зоя Анатольеўна. — Яна і ў Лявонавіцкім хоры спявала, і ў Сіняўскім”.
Калі Васіль Бенька загінуў у канцлагеры, яго дочкам было 24, 20 і 15 гадоў, сыну — 23. Мамы ў іх ужо не было, гаспадарылі самі, старэйшыя дзяўчаты апякалі малодшую. Анатоль ваяваў на фронце, помсцячы за смерць бацькі, за смерць тысяч беларусаў, за ўсе жахі і разбурэнні, што прынеслі на нашу зямлю ворагі. Ён прайшоў Прыбалтыку, Польшчу, Прусію, Германію. Дэмабілізаваўшыся, займаўся, як і бацька, кавальскай справай, потым працаваў у калгасе млынаром. Анатоль Васільевіч выдаў сясцёр замуж, кожнай дапамагаў будавацца, а сам з сям’ёй жыў у роднай хаце. Няма ўжо на гэтым свеце дзяцей Васіля Станіслававіча. Але ж у яго было 9 унукаў. У розных мясцінах жывуць і працуюць 15 праўнукаў, ёсць 10 прапраўнукаў. Род працягваецца. І захоўваецца памяць пра мужнага, смелага беларуса — Васіля Беньку.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
г. Нясвіж.
(Працяг тэмы будзе).

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!