Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 8 °C

У цесным супрацоўніцтве з насельніцтвам

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

У сённяшнім выпуску мы раскажам нашым чытачам пра структуру і дзейнасць Гарадзейскага сельскага Савета, а таксама пра людзей, што там жывуць і працуюць дзеля росквіту і дабрабыту гэтай зямлі.

Тэрыторыя, што займае сельсавет, складае амаль 17188 гектараў. Усяго пад яго патранажам тут 21 населены пункт, тры з якіх з’яўляюцца аграгарадкамі: Ударны, Навагарадзейскі і Астроўкі. Эканамічную стабільнасць падтрымліваюць тры вытворчыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Яны забяспечваюць насельніцтва значнай колькасцю працоўных месцаў. Для прыкладу, у ААТ “Гарадзея” працуе 285 чалавек, у ДП “ЭБ “Свеклавічная” — 238, а ў ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” — 207.



На тэрыторыі сельсавета функцыянуюць тры ўстановы адукацыі, столькі ж устаноў аховы здароўя і сем устаноў культуры. Адметнай асаблівасцю гэтай тэрыторыі па праве лічаць экасцежку “Чароўны свет Завітанскага лесу” ў вёсцы Завітая. Гэты турыстычны аб’ект працягласцю звыш двух кіламетраў пачаў прымаць жадаючых у 2020 годзе. Экасцежка ўключае басаногую частку, высыпаную з пяску, каменю, шышак і іншага. Акрамя таго, для наведвальнікаў створаны тэматычныя эколага-асветніцкія і пазнавальныя пляцоўкі.

Пасадка кветак у Астроўках ажыццяўлялася мясцовымі жыхарамі

Больш падрабязную карціну жыццядзейнасці Гарадзейскага сельсавета нам дапамагла стварыць яго старшыня Наталля Цвірко:
— Магу сказаць, што важнейшай сваёй задачай мы бачым арганізацыю работы з насельніцтвам і задавальненне надзённых патрэб і запытаў людзей, далучэнне іх да актыўнай грамадска-палітычнай, эканамічнай і сацыяльна-культурнай дзейнасці. Сваю работу мы, безумоўна, плануем. І план складаем, абавязкова звяртаючы ўвагу на самыя вострыя пытанні. Цесна супрацоўнічаем з сельскагаспадарчымі арганізацыямі, установамі культуры, адукацыі, аховы здароўя, нашымі старастамі вёсак, дэпутатамі сельскага Савета, членамі сельвыканкама. І гэта работа, вядома, мае сваю сістэму.

Рабочыя Гарадзейскага лясніцтва спілоўваюць аварыйныя дрэвы каля школы ў в. Прасці

З адказнасцю магу заявіць, што ў сельсавеце выкананы амаль усе нарматывы дзяржаўных сацыяльных стандартаў, паступова зладжваецца пэўная сістэма інфармавання насельніцтва. Мы праводзім сустрэчы з бацькамі вучняў школ, “прамыя тэлефонныя лініі” з кіраўнікамі раённых службаў, дэпутатамі. Старшыня райвыканкама, яго намеснікі, члены выканкама вядуць прыём грамадзян у сельвыканкаме па зацверджаным графіку. Кожную сераду я як старшыня праводжу асабісты прыём грамадзян. Таксама адбываюцца сустрэчы насельніцтва з дэпутацкім корпусам Гарадзейскага сельскага Савета дэпутатаў. Комплекс усіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца на нашай тэрыторыі па інфармаванні насельніц- тва, дазваляе трымаць пад кантролем і актыўна ўплываць на сітуацыю ва ўсіх сферах жыццядзейнасці.
У сельсавеце створаны зямельны фонд. Яго мэта — у выпадку неабходнасці забяспечыць грамадзян зямельнымі ўчасткамі для вядзення асабістых падсобных гаспадарак, агародніцтва. Таксама праводзіцца работа па зносе старых дамоў.

Каваная альтанка ў Астроўках

На тэрыторыі сельсавета размешчаны 11 грамадзянскіх могілак. Акрамя звыклых падкоскі пустазелля і вывазу смецця, якія ажыццяўляюцца Гарадзейскім участкам раённага УП “Нясвіжскае ЖКХ” і пры дапамозе работнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, сіламі і сродкамі вяскоўцаў, адбываюцца суботнікі. У вёсцы Ужанка пры дапамозе мясцовых жыхароў была праведзена хімічная апрацоўка драўляна-хмызняковай расліннасці. На могілках у в. Макашы па ініцыятыве і фінансаванні макашоўцаў запланавана ўстанавіць стацыі “Шлях руху Ісуса Хрыста на распяцце”. У 2021 годзе было ўстаноўлена 7 такіх стацый з 14. Работы ў гэтым годзе прадоўжацца.
Варта адзначыць і плённую сумесную працу на могілках у в. Краснагоркі. Падчас студзеньскага ўрагану вялізныя дрэвы, не вытрымаўшы сілы ветру, упалі і пашкодзілі магільныя агароджы. Убіралі аварыйныя дрэвы працаўнікі ТАА “Аграсправа”, затым — работнікі Гарадзейскага лясніцтва. Прадоўжылі гэту работу “ДРСУ №168”, а за ім і ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”.
Шмат чаго было зроблена ў мінулым годзе ў сувязі з правядзеннем раённага фестывалю “Дажынкі-2021”. У аграгарадку Астроўкі добраўпарадкавалі тэрыторыю каля сельскага дома культуры: абсталявалі дзіцячую пляцоўку, міні-футбольнае поле, валейбольную пляцоўку і пляцоўку для стрытбола. Аднавілі агароджы, устанавілі скрынкі для смецця і лавачкі, каваную альтанку і арку, драўляныя і металічныя фігуры герояў казак. Да ўрачыстасці была заасфальтавана вуліца Сонечная і частка Першамайскай. Перамяніўся, прыбраўся і дом культуры: быў пафарбаваны фасад будынка, зроблены дах веранды, пакладзены асфальт на тэрыторыі. Добраўпарадкавалі і парк у цэнтры аграгарадка, якому далі сімвалічную назву “Астравок шчасця”. А да гэтага, увесну, правялі суботнік — зрэзалі і прыбралі 900 пагонных метраў агароджы вакол парка. Памочнікамі ў гэтай справе выступілі ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” і ААТ “Аграсправа”.
У гэтым годзе раённы фестываль-ярмарка “Дажынкі-2022” адбудзецца ў аг. Навагарадзейскі.
— Працуем зараз з насельніц- твам, — працягнула свой аповед Наталля Леанідаўна. — Робім падворныя абходы мясцовых жыхароў, гутарым з імі, выдаем пры неабходнасці паведамленні аб замене ці афарбоўцы агароджы, навядзенні парадку на прыдамавых тэрыторыях з указаннем канкрэтных тэрмінаў. Але адна з асноўных задач — рэалізацыя праекта “Сквер Вясёлка”, які размяшчаецца каля Навагарадзейскага цэнтра культуры і адпачынку. Мы ўжо ўзгаднілі месца знаходжання на тэрыторыі сквера дзіцячай гульнявой пляцоўкі. На 0,53 гектара будзе зроблена пясочніца, гульнявы комплекс, арэлі, качалка-балансір са спінкай, турнікі, карусель, а таксама месца для старых добрых гульняў на асфальце — “класікі”, “лабірынт”, “блытаніна” і іншых. Важнымі элементамі абноўленага сквера таксама стануць і лавачкі, скрынкі для смецця, прыгожыя клумбы, дэкаратыўныя хмызнякі. У планах — кладка новых тратуараў, уладкаванне сцежак, ёсць ідэі па стварэнні фота-зоны. На дадзены момант гэта найбольш ідэальны план, які мы пастараемся ажыццявіць. Недалёка ад сквера — па вуліцы Савецкай, насупраць магазіна і сталовай ААТ “Гарадзея”, хочам зрабіць паркоўку для аўтамабіляў. Кіраўніцтва таварыства зацікаўлена ў паляпшэнні населенага пункта і дапаможа нам у доб- раўпарадкаванні аграгарадка, — адзначыла старшыня сельсавета.

Валун на добраўпарадкаванай тэрыторыі аграгарадка Астроўкі

Актыўная дзейнасць вядзецца і па іншых напрамках. Па праграме жыллёвага будаўніцтва сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі ўзводзяцца новыя будынкі для сваіх спецыялістаў і работнікаў. У сельсавеце прадстаўлена інфармацыя па прынцыпе “адно акно” з указаннем пераліку паслуг, якія могуць аказвацца (усяго 44 пункты). Таксама створана і працуе назіральная камісія ў скла- дзе 18 чалавек, савет грамадзянскага пункта аховы правапарадку, добраахвотная дружына. Шмат робіцца ў сферы культуры: акрамя тэматычных канцэртаў, право- дзяцца экалагічныя гульні, сямейныя, народныя святы і святы здароўя, пазнавальныя праграмы. У мінулым годзе праведзены ўрачыстыя святы вёсак Вялікая Лысіца, Завітая і аграгарадка Астроўкі.
За ўсёй гэтай дзейнасцю ста- яць людзі. Іх клопат, жаданне і аддадзеныя роднаму краю сілы. Гэта тыя, хто ніколі не застаецца абыякавым да лёсу сваіх суайчыннікаў, сваёй зямлі. Адна з такіх жыхароў Гарадзейскага сельскага савета — стараста вёскі Студзёнкі Марыя Аляксандраўна Гібкая. У гэтым годзе жанчыне споўніцца 80 год, але, гледзячы на яе рухавасць і зацікаўленасць, з упэўненасцю можна сказаць, што ўзрост — гэта толькі лічбы. Марыя Аляксандраўна валодае камп’ютарам, актыўна карыстаецца сацыяльнымі сеткамі. Яна заўсёды цвёрда трымае сваю пазіцыю і адстойвае свае меркаванні, ніколі не пройдзе міма чужой бяды. Зусім нядаўна Нясвіжскі раённы Савет дэпутатаў падводзіў вынікі работы, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы М.А. Гібкая была ўзнагароджана Граматай Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў. Сама Марыя Аляксандраўна пра свае поспехі гаварыць не прывыкла. Абагульняе ўсё адным, рытарычным: “Ну як, калі чалавеку блага, я яму не дапамагу?”
Такія ж дзейныя і натхнёныя старасты ў вёсках Ужанка і Прасці — Вольга Рыгораўна Шэфер і Галіна Аляксандраўна Хваль. Яны заўсёды на сувязі са старшынёй сельсавета — своечасова і адказна паведамляюць ёй аб падзеях, пытаннях, якія ўзнікаюць. А Наталля Леа- нідаўна, у сваю чаргу, можа быць упэўнена, што праз стараст да вяс- коўцаў будзе даведзена неабходная інфармацыя, а калі трэба, жыхары будуць арганізаваны для той ці іншай справы.
Так і ладзіцца работа Гарадзейскага сельвыканкама — у цесным супрацоўніцтве з насельніцтвам. І гэта, напэўна, і ёсць галоўная ўмова яе поспеху.
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!