Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 4 °C

Вясна…каханне…

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 2

Пост опубликован: 27.04.2022

Вясна — пара кахання і летуценнасці. Менавіта ў гэты перыяд года асабліва хочацца пяшчоты, ласкі і палёту пачуццяў. Мы правялі невялікае апытанне на гэту тэму сярод маладых людзей і дзелімся з чытачамі “НН” іх адказамі.

Яна Віхор, студэнтка 3-га курса факультэта міжнародных эканамічных зносін БДЭУ:



— Вясна для мяне — сапраўдная пара натхнення. Прырода абуджаецца, паветра становіцца лёгкім і адноўленым, раздаюцца такія доўгачаканыя птушыныя спевы. Адчуваючы ўсё гэта хара-ство, душа напаўняецца надзеяй, як быццам бы адкрываецца для кахання. Для мяне гэта, безумоўна, рознакаляровае пачуццё, яно не можа быць толькі аднаго адцення. Каханне асацыюецца ў мяне з цеплынёй, прыемнымі турботамі, трапятаннем. Хаця ў каханне з першага погляду я не веру. Прынамсі, са мной такога не адбывалася. Так, чалавек можа спадабацца як асоба, зачапіць сваёй энергетыкай, але я не магу назваць такое сапраўдным каханнем, хутчэй за ўсё — проста сімпатыяй.

Аляксандр Жураўскі, памочнік машыніста электравоза ў дэпо “Маладзечна”:
— Думаю, што вясна — перыяд, калі ўсё адраджаецца ізноў, нібы фенікс. Наваколле пачынае набываць сваю першапачатковую прыгажосць, да якой нас міжвольна цягне. У гэтым, мусіць, і ёсць вялікае падабенства з каханнем… А наконт “кахаць” лічу, што ў наш час гэта складанае паняцце, але ўсё ж каханне існуе. Кахаць — гэта не толькі жаданне праводзіць час з любімым чалавекам, гэта не толькі клопат і дапамога, гэта яшчэ і павага да выбару твайго чалавека, гэта шчырасць і сумленнасць у адносінах да яго, гэта вялікая адказнасць. Добра гаворыцца ў творы Экзюперы “Маленькі прынц”: “Людзі забылі пра гэтую ісціну, — сказаў Ліс. — Але ты не павінен пра яе забываць. Мы заўсёды будзем у адказе за тых, каго прыручылі”.
А каханне з першага погляду, як па мне, сапраўды існуе. Я сам прайшоў праз такое. За сваё жыццё я знаёміўся і меў зносіны з рознымі людзьмі, аднак нічога падобнага не адчуваў. Здарылася гэта ў адзін з летніх дзён. Мы нядаўна пазнаёміліся і пайшлі гуляць, а напрыканцы сустрэчы зірнулі адзін на аднога… і далей адбылося тое, што я буду помніць заўсёды. Эмоцыі перапаўнялі мяне, а сэрца нават выскоквала з грудзей…
Каханне я параўнаў бы з маяком, які ззяе ў цемры. Нездарма кажуць, што менавіта любоў выратуе свет!

Алеся Сугак, выкладчык замежнай мовы Крупіцкай сярэдняй школы:
— У маім разуменні ў сапраўднага кахання заўсёды адкрытыя вочы, то бок любячы чалавек не носіць ружовых акуляраў, а бачыць і прымае ўсе недахопы свайго каханага ці каханай, не стараецца нешта сілком змяніць, паважае захапленні і не абясцэньвае дасягненні. Стараецца падтрымаць, нават калі падтрымка — проста пастаяць побач. Сапраўднае каханне для мяне — гэта ўтульныя вечары перад камінам дома, яно напоўнена насычанымі, глыбокімі адценнямі, пры гэтым у ім няма шэрых або чорных колераў.
А вясна — час адкрыццяў і пачынанняў. Калі з’яўляецца сонца, безумоўна, лягчэй спраўляцца са штодзённасцю. Гэта матывуе адкрываць для сябе штосьці новае і падштурхоўвае цікавіцца светам.

Падрыхтавала Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!