Меню
Курс $  3.05 | €  3.52 | ₽100  3.8 |
Погода 2 °C

Велікоднае святло душы

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Пост опубликован: 15.05.2022

У светлыя Велікодныя дні па ўсёй краіне праводзіліся святочныя мерапрыемствы. Адно з іх — ІV раённы фестываль “Велікоднае святло душы”, які прайшоў на адкрытай пляцоўцы каля раённага цэнтра культуры.
Традыцыйна падчас святочнага мерапрыемства праваслаўных вернікаў павіншавалі з галоўным хрысціянскім святам святары Нясвіжскага благачыння — протаіерэй Яўген Лабынько, протаіерэй Алег Абрамовіч, іерэй Васіль Краеў і іерэй Іаан Уханаў.



Прыгожыя, многім вядомыя музычныя нумары гледачам падарылі Сняжана Лукша, Аляксандр Герасімовіч, Яўген Каладко, Алеся Краснашчокава, вакальнае трыа Грыцкевіцкага СДК, народныя ансамблі песні “Млечны шлях”, “Забава”, “Лянок”, “Ланская бяседа”, “Згода”, дзіцячы хор Храма святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца г. Нясвіжа, дзіцячы вакальны калектыў “Нота” і ўдзельнікі сумеснага праекта “Духоўнае слова” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Пранузы, Нясвіжскага благачыння і СШ №4 г. Нясвіжа.

Спявае дзіцячы хор Храма святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца г. Нясвіжа

Свае вершы прысутным прачыталі ўдзельнікі літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Валянціна Шчарбакова і Алена Шаблоўская.
У многіх краінах распаўсюджана традыцыя ўпрыгожваць “дрэва Вялікадня”, і вось ужо чацвёрты год яна ўвасабляецца падчас фестывалю. Упрыгожваючы гэта дрэва, дзеці і дарослыя падкрэсліваюць радасць і ўрачыстасць святочнага дня.
Яшчэ адна добрая традыцыя — правядзенне пасхальнай выставы “Яечак сёлета багата — мы шчыра сустракаем свята”, якая вось ужо ў 14-ы раз прайшла ў раённым цэнтры культуры напярэдадні Вялікадня. Гонар узнагародзіць лепшых майстроў мела кіраўнік народнага клуба майстроў “Дыяменты Нясвіжскага краю” Вікторыя Лукашэвіч.
Напрыканцы першай часткі фестывалю ўсе жадаючыя пакаштавалі смачныя кулічы, прыгатаваныя руплівымі ўдзельніцамі конкурсу на лепшы куліч. А пасля гледачы прайшлі ў РЦК, дзе іх чакала забаўляльна-гульнявая праграма і лялечны спектакль тэатра “батлейка” “Светлае Хрыстова Уваскрашэнне”.

Экспанаты пасхальнай выставы “Яечак сёлета багата — мы шчыра сустракаем свята”

Як адзначыла вядучая фестывалю Кацярына Шустал, у святочныя дні Вялікадня як ніколі адчуваецца анёльская прысутнасць.
— Фестываль стаў для ўсіх яго ўдзельнікаў сімвалам духоўнай еднасці, — казала Кацярына. — Дарагія сябры, хай у святочныя дні і ўвесь наступны год у кожнай сям’і захаваецца радасны, светлы настрой і ва ўсіх справах спадарожнічае поспех.
Сапраўды, няхай усім нам спадарожнічае поспех, а нашы ўчынкі будуць сведчыць пра чысціню душы і павагу адзін да аднаго.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.
Фота Уладзіслава НЕКРАША.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!