Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 10 °C

Па той бок барыкад: экскурсія ў Нясвіжскім замку

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 1

Міжнародны дзень музеяў адзначаецца сёння, 18 мая, ужо ў 45-ы раз. Напярэдадні гэтай даты мне выпаў шанец ізноў (аўт. — я наведвала яго шмат разоў з рознай нагоды) пабываць у Палацава-паркавым ансамблі Радзівілаў Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”.

Але ж у гэты раз мой візіт стаў асаблівым: я апынулася па той бок барыкад і паспрабавала сябе ў ролі экскурсавода.



Трэба адзначыць, што гэта была субота — выхадны дзень, калі ў Нясвіж з’язджаецца вялікая колькасць турыстаў, якія, безумоўна, мусяць наведаць знакавае месца.
Адчуць на сабе асаблівасці прафесіі гіда мне дапамагла вопытны спецыяліст у сваёй справе — Вікторыя Лазінска. Яна працуе экскурсаводам у замку Радзівілаў ужо каля 10-і гадоў (аўт. — Ужо апасля, я зразумела, што мне сапраўды пашанцавала з настаўнікам: Вікторыя Георгіеўна не толькі выдатны прафесіянал, але і вельмі неабыякавы і чулы чалавек).
Пазнаёміўшыся са мной, гід прапанавала спачатку паназіраць за яе работай — убачыць, як трэба сябе паводзіць падчас уласнага маналогу, як і што гаварыць, на што звяртаць увагу, як рэагаваць на пытанні турыстаў і інш.

од Радзівілаў — магутны і старажытны, яго гісторыя
пачынаецца ажно з XV стагоддзя. Ведаючы біяграфіі прадстаўнікоў магнацкага роду і ацэньваючы прыжыццёвую дзейнасць кожнага з іх, Вікторыя Георгіеўна гаворыць, што асабіста ў яе ёсць сярод Радзівілаў тыя, да каго яна ставіцца з асаблівай павагай —
Мікалай Хрыштафор Радзівіл па мянушцы Сіротка (за яго “дзяржаўны розум”, ён быў чалавекам мудрым і праніклівым, духоўнай асобай) і Марыя Даратэя Элізабэт дэ Кастэлян-Радзівіл (першая прыгажуня Еўропы, якая ініцыявала закладку нясвіжскіх паркаў
і дапамагала аднаўляць замак пасля паўстання 1863-х гг.)

А 12-й гадзіны група прыезджых ужо чакала пачатку сваёй экскурсіі. Вікторыя Георгіеўна, узяўшы з сабой усё неабходнае (аўт. — указку і фотаздымкі, аформленыя ў адзіную папку), павіталася з людзьмі і запрасіла іх падняцца ў першае памяшканне — у пачатак агляду. Затым экскурсавод коратка і даступна расказала ў асноўных момантах і падзеях гісторыю Нясвіжскага замка, адзначыла яго знакавасць,паведаміла з чаго будзе складацца маршрут і папрасіла не фатаграфаваць экспанаты з успышкай. І пачала аповед.
Мы пераходзілі з залы ў залу, экскурсавод спынялася каля пэўных карцін, мэблі, звяртала нашу ўвагу на прадметы і дэталі дэкору, арыгінальнасць і аўтэнтычнасць экспанатаў. Гаварыла яна складна і вельмі жыва, падмацоўвала асноўную гаворку цікавымі фактамі і, часам, уласным ацэначным меркаваннем. Таму адчувалася, што яна ў поўным аб’ёме валодае інфармацыяй, ведае тое, пра што гаворыць. Падчас экскурсіі гледачы задавалі пытанні: некага цікавілі дэталі быту, хтосьці, суадносячы вядомыя даты гісторыі, атаясамліваў іх з жыццём прадстаўнікоў магнацкага роду, а кагосьці цікавілі падрабязнасці легендаў, звязаных з замкам. З усімі запытаннямі Вікторыя спраўлялася паспяхова. Ад пачатку да канца экскурсіі гіду ўдалося не проста канцэнтраваць увагу групы, але і захапляць, зацікаўліваць і ўражваць турыстаў. Аб гэтым сведчылі ўдзячныя вочы і ўсмешкі на іх тварах, калі маршрут быў пройдзены. Дзве гадзіны праляцелі зусім непрыкметна і лёгка. (аўт. — Ад сябе адзначу, што з задавальненнем пабывала б на экскурсіі ў Вікторыі Георгіеўны яшчэ раз!)

Падчас майго маналогу больш за ўсё дзяцей уразіла незвычайнасць і вытанчанасць страў, якім аддавала перавагу княжацкая сям’я. Зараз жа гэта гучыць прынамсі неадназначна: мядзведжыя лапы пад вішнёвым соусам, ноздры ці вусны лася, фаршыраваныя міндалём, смажаныя вожыкі, галовы кабаноў і бабровыя хвасты з ікрой

Літаральна праз 10 хвілін прыйшла мая чарга. Я павінна была правесці экскурсію наступнай — дзіцячай групе — вучням Ружанскай школы. (аўт. — Сказаць, што хвалявалася — нічога не сказаць!) Вікторыя Георгіеўна мяне супакоіла: мы падзялілі маршрут агляду на часткі. Пра нешта гаварыла я, а асноўную інфармацыю даводзіла яна. (Трэба адзначыць, што, новаму экскурсаводу, які толькі заступіў на пасаду, выдаецца так званы кантрольны тэкст — асноўная інфармацыя, па якой і будуецца ход гутаркі. Але гэта толькі драбніца ў параўнанні з той работай, якую трэба правесці — аўт.)
У першую чаргу я пазнаёмілася са сваімі слухачамі, расказала, хто я і якім чынам мы будзем супрацоўнічаць. А тады перадала слова Вікторыі — яна і пачала экскурсію. З дзецьмі працаваць прыйшлося, вядома, інакш: і гаварыць прасцей, і задаваць ім пытанні, каб не ўпусціць іх увагу і зацікавіць, і не марудзіць доўга на адным месцы. Я адразу адчула гэты прынцып і старалася яму адпавядаць. У Малой сталовай зале я пераняла эстафету і крыху расказала дзецям пра яе прызначэнне. Разыначкай майго выступлення стала гісторыя пра пачастункі, якія падаваліся князю і яго сям’і. (Думаю, мне ўдалося зацікавіць маленькіх гледачоў, бо слухалі яны ўважліва, са здзіўленнем! — аўт.). Другой часткай майго дэбюту стаў аповед пра Чорную панну Нясвіжа, якая дагэтуль нястомна блукае па пакоях замка. Дзяцей, вядома, узрушыла гэта гісторыя, і яны распытвалі мяне (а я ў сваю чаргу звярталася да Вікторыі Георгіеўны), як можна выклікаць прывід, ці кожны здольны яго ўбачыць, дзе, калі і якім чынам… На ўсе гэтыя пытанні вучні атрымалі адказы і прызналіся, што мараць цяпер ізноў вярнуцца сюды дзеля дзяйснення задуманага.
Пасля завяршэння экскурсіі ў Вікторыі Георгіеўны быў час адпачыць перад новай групай, таму ў мяне была невялікая магчымасць распытаць яе пра тонкасці прафесіі. Каб быць у ёй паспяховым, пажадана мець гістарычную адукацыю, або, прынамсі, шмат ведаць у гэтай сферы, цікавіцца гісторыяй, шмат чытаць і абавязкова абнаўляць свае веды. Астатнія навыкі і ўменні адточ- ваеш ці набываеш з практыкай. Важная асаблівасць — узаемадзеянне з людзьмі розных менталітэтаў, поглядаў і сацыяльнага статусу. За 10 гадоў практыкі Вікторыя Георгіеўна адзначае, што навучылася адчуваць кантынгент людзей і разумець, як да каго падыходзіць і на якія моманты рабіць акцэнт. Гэта і ёсць прафесіяналізм.
— Я лічу, што эмпатыя, талерантнасць і лагоднасць — асноўныя прынцыпы паспяховай работы з людзьмі. Да гэтага спісу, гаворачы канкрэтна пра экскурсаводаў, можна дадаць яшчэ і камунікабельнасць, уменне будаваць дыялог і імправізіраваць, лёгка выхо- дзіць з вострых сітуацый, — дзеліцца В.Г. Лазінска. — Цяжэй за ўсё працаваць са змешанымі групамі. Напрыклад, калі адразу збіраюцца мамы з дзецьмі, разам з імі людзі, якія глыбока цікавяцца гісторыяй і пара закаханых, якія чакаюць пачуць легенды. Тады зусім няпроста ўсіх аб’яднаць, шмат энергіі страчваеш. Але я гляджу на сваіх калег і сапраўды дзіўлюся. Кожны з іх — майстар, у кожнага свае “фішачкі”, кожнага прыемна слухаць і хочацца рабіць гэта зноў і зноў.
Я пагаджаюся са сваёй сураз- моўцай, бо няхай і не паўнавартасна, але ўсё ж дакранулася да прафесіі гіда. І, зрабіўшы пэўныя вывады, магу з поўнай адказнасцю заявіць, што гэта не так проста, як можа падацца на першы погляд. Але незвычайна і разнастайна. Дакладна так!
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!