Суббота, 2 Июль 2022

179 просмотров
Актуально, Духовность

З падарожжаў па Нясвіжчыне

Для тых, хто зразумеў смак падарожжаў духоўных, любая дарога не ў цяжар.         А пачаткоўцам лепей не ехаць за далягляды, а азірнуцца спачатку навокал. У любой мясцовасці па міласці Божай захаваны храмы, у якіх абавязкова трэба пабываць. Удзельнікі сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, раённай газеты і радыё, СШ № 4 горада Нясвіжа, наведвальнікі гуртка “Юны журналіст” гэтай навучальнай установы і клуба духоўна-маральнага выхавання падлеткаў і моладзі “Ноеў каўчэг”, што працуе пры бібліятэцы, працягваюць свае падарожжы па Нясвіжчыне. На гэты раз яны пабывалі ў Свята-Крыжаўзвіжанскім храме вёскі Вялікая Лысіца. Пра яго гісторыю расказаў настаяцель храма іерэй Аляксандр Мельнікаў.
Рабяты даведаліся, што храм Узвіжання Крыжа Гасподня быў пабудаваны ў 1914 годзе замест драўлянага храма, які пасля ра- забралі. Зараз месца старога храма не занята пабудовамі, а цяперашнюю царкву людзі называюць новай, нягледзячы на тое, што яна колькі гадоў таму адзначыла сваё стагоддзе. Святар расказаў і пра аднаго з навамучанікаў зямлі беларускай, протаіерэя Матфея Крыцука, які некалі служыў у гэтым храме.
Гэта быў сапраўдны пастыр, які дапамагаў сваёй пастве малітвай, словам і справай. Яго арыштавалі за захаванне нібыта антысавецкай літаратуры. У 1950 годзе, у зняволенні, айцец Матфей аддаў свой дух Богу, якому служыў. Айцец Аляксандр звярнуў увагу рабят на тое, што і на Нясвіжчыне ёсць свае нябесныя заступнікі за нас, за нашу зямлю, нашу Айчыну.
Ікона гэтага святога — адна з самых прыгожых у храме. Яе падараваў святар, які калісьці асабіста ведаў айца Матфея, вянчаў яго з матушкай, а таксама благаславіў на паступленне у духоўную семінарыю.
Айцец Аляксандр адзначыў:
— Кожны чалавек, які заходзіць у царкву, становіцца на некаторы час святым, таму што за парогам храма мы пакідаем усе свае клопаты, смутак і патрэбы. Мы далучаемся да той святасці, якую падараваў усім вернікам сам Бог. У храме мы молімся, каб жыць з усімі людзьмі у любові і міры. Бо чым болей любові і міра, тым лепш жывецца ўсім.
Працягам падарожжа стаў майстар-клас па прыгатаванні піцы ў італьянскай печы, якую святар зладзіў сваімі рукамі. Матушка Наталля прапанавала найсмачнейшы чай з траваў, якія таксама сабрала і нарыхтавала сама.
Па першай адукацыі айцец Аляксандр — повар. Калісьці з чырвоным дыпломам  закончыў Гомельскае вышэйшае вучылішча кулінарыі.
Калі святар будаваў свой дом, печы ладзіць яшчэ не ўмеў, але з цягам часу навучыўся. Печ, у якой юныя журналісты пад наглядам айца Аляксандра выпякалі піцы, знаходзіцца ў двары яго дома. Бацюшка расказаў, што гатуе ў ёй розныя стравы, робіць відэазапісы і размяшчае на сваім канале, тым самым папулярызуючы традыцыйныя стравы беларускай і рускай кухняў. А што да печаў, то святар таксама мае афіцыйнае пасведчанне — ён закончыў прафесійна-тэхнічнае вучылішча ў Екацярынбурзе. На момант пачатку навучання быў ужо прафесіяналам у гэтай справе, і пасведчанне спатрэбілася толькі як пацверджанне яго кваліфікацыі.
Айцец Аляксандр не толькі падзяліўся з рабятамі кулінарнымі сакрэтамі, але і паразважаў пра галоўныя ісціны нашага жыцця, благаславіў на добрыя справы.
Зацікавіліся ўдзельнікі праекта і шляхам да храма самога святара.  Мы даведаліся, што айцец Аляксандр нарадзіўся ў Расіі, у вёсцы Чырвоная Кудраўка Балашоўскага раёна Саратаўскай  вобласці, у няверуючай сям’і. Мама Ніна Іванаўна ўсё жыццё працавала ў школе настаўніцай. Бабуля была камуністкай. Пра Бога Аляксандр упершыню пачуў ад сяброў на вуліцы. Прыехаў адзін хлопчык з горада, а ў яго на грудзях з’явіўся крыжык. Ён і расказаў, што яго хрысцілі, што ён ходзіць у храм, што прычашчаўся.
— Нам гэта было не зразумела. Мы былі савецкімі школьнікамі. Мы смяяліся над гэтым. Але ў апошнія гады існавання Савецкага Саюза ўлады сталі лаяльна адносіцца да веры і наша сям’я хрысцілася, хоць і без глыбокага разумення гэтага кроку. Але для мяне гэта стала сведчаннем таго, што хрышчэнне можа закласці ў чалавеку зерне, якое не загіне, а прарасце. І маё жыццё гэтаму сведчанне. Пасля хрышчэння я зразумеў, што Бог ёсць, як быццам гэта ведаў заўсёды, як быццам з гэтым нарадзіўся. Да гэтага быў абсалютна няверуючым чалавекам.
Бацькі будучага святара пераехалі ў Беларусь перад самым распадам СССР. Жылі на Гомельшчыне ў вёсцы Шарнілаўка. Там Аляксандр скончыў школу і па размеркаванні разам з другімі навабранцамі трапіў на Нясвіжчыну для тэрміновай воінскай службы. Пры першай магчымасці малады салдат стараўся наведваць багаслужэнні ў Свята-Георгіеўскім храме нашага горада. Настаяцель храма айцец Дзмітрый Хмель заўважыў новага прыхаджаніна і папрасіў кіраўніцтва вайсковай часці адпускаць Аляксандра на багаслужэнні. А калі прыйшоў час звальнення і заставалася ўсяго гадзіна да падпісання кантракта на звыштэрміновую службу, на кантрольна-прапускны пункт прыйшоў невядомы святар і сказаў Аляксандру, што для яго ёсць іншая прапанова. Святаром наш суразмоўца быць не збіраўся, толькі дзесьці амаль падсвядома марыў аб семінарыі, але адразу пасля службы ў арміі, у  1999 годзе, Аляксандр Мельнікаў стаў  настаяцелем храма Узвіжання Крыжа Гасподня. Зараз у асобе айца Аляксандра цудоўна спалучаецца дзейнасць у славу Царквы Божай, праца з моладдзю ў мясцовай школе, штогадовы ўдзел у праваслаўным злёце “Святая Русь”, праца ў створанай ім печавай арцелі “Огниво” (“Крэсіва”), пры тым, што айцец Аляксандр добрасумленна нясе пачэснае званне бацькі чатырох дзяцей, а таксама не забываецца пра іншыя абавязкі, знаходзіць час для захапленняў. Два гады святар па благаславенні мітрапаліта Філарэта працаваў педагогам Нясвіжскага цэнтра дзіцячай творчасці, вёў гурток “Юны матацыкліст” на базе Лысіцкай школы. Галоўнае, што стараўся данесці, гэта тое, што справа, да якой спрычыніліся дзеці, складаная, адказная, небяспечная, але і цікавая:
— У нас былі два матацыклы. Мы іх рамантавалі, вучыліся ез- дзіць. Рабяты вывучалі правілы дарожнага руху. Пасля здавалі экзамены ў аўташколе, атрымлівалі вадзіцельскае пасведчанне. Паколькі ў вёсках вакол Нясвіжа нідзе няма аўташколы, у нас была такая магчымасць. Цяпер гэтыя рабяты ўжо дарослыя, у іх ужо свае сем’і. Але і сёння ў нас захаваліся цудоўныя адносіны, узаемаразуменне і калі неабходна якая-небудзь дапамога ў храме, на прыходзе, якая патрабуе мужчынскіх рук, я магу на іх спадзявацца. І стаўленне да храма ў іх станоўчае.  Зараз у большасці маладых людзей на першым месцы не кніга, не кіно, не стасункі з равеснікамі, бацькамі, другімі людзьмі, а менавіта гаджаты, ютуб, інтэрнет, чаты і г.д. Адтуль ідзе інфармацыя. І сярод гэтага пакалення вельмі пратэстнае стаўленне да царквы. З гэтым сёння вялікая праблема.
Айцец Аляксандр упэўнены, што прыход чалавека ў храм, нараджэнне веры ў яго душы здзяйсняецца нейкім цудоўным чынам:
— Гэта дзіўна, калі чалавек становіцца вернікам. Ён можа расці ў веруючай сям’і, але стаць атэістам і нават ганіцелем царквы. Мы ведаем Іуліана адступніка (гэта са старажытных часоў), Уладзіміра Ульянава, які таксама рос у сям’і вернікаў. Ведаем Сталіна, які нават у семінарыі вучыўся, але яго жыццё пасля перавярнулася кардынальна. Я лічу, што гэта Бог прыводзіць чалавека да веры, як калісьці апосталаў. Ні нядзельная школа, ні размова са святаром вялікіх вынікаў не дадуць, калі не будзе Божай волі. Хаця не аднойчы я назіраў, што бацькі наведвальнікаў нядзельнай школы пачынаюць далучацца да храма.
Святар звярнуў увагу юнакоў на тое, што менавіта на іх кла-        дзецца вялікая адказнасць за будучую сям’ю, за дзяцей, іх думкі, настрой, за ўсё.
Пацікавіліся юнакі і дзяўчаты і тым, якім кнігам  айцец Аляксандр аддаваў перавагу ў юнацтве і што б раіў пачытаць маладым.
— Паколькі я рос у няверуючай сям’і, нейкага асаблівага накіравання ад бацькоў, якую літаратуру чытаць, не было. Я чытаў фантастыку. Наша сям’я часта пераяз- джала, але ва ўсіх бібліятэках тых мясцін, дзе нам надаралася жыць, мая фатаграфія вісела на стэн-дзе лепшых чытачоў, бо кніг было перачытана шмат. І калі фантастыка ў новай бібліятэцы заканчвалася, падыходзіў да бацькоўскай паліцы, там таксама было шмат добрых кніг. У дзевятым класе я прачытаў “Трыумфальную арку” Рэмарка. Гэта вельмі сур’ёзны твор, які не ўсе дарослыя могуць зразумець. Цяпер я не бачу ніводнай кнігі, якая магла б падысці абсалютна для усіх людзей, акрамя Евангелля. Менавіта гэту кнігу я магу рэкамендаваць з поўнай упэўненасцю ў тым, што яна будзе мець карысць для кожнага чалавека. Менавіта яна перайначыла маё жыццё і мой свет у свой час, — падзяліўся сваімі думкамі святар.
Сярод пажаданняў, выказаных айцом Аляксандрам юным журналістам падчас гасцявання ў Лысіцы і яшчэ раней, на сустрэчы ў бібліятэцы, было наступнае:
— Ёсць такі выраз: “Прыгажосць уратуе свет”. Я думаю, што яно памылковае, таму што не прыгажосць уратуе свет, а любоў. Мы ведаем, што Бог — гэта любоў. І менавіта праз любоў бацькоў мы з’явіліся на гэты свет, праз любоў блізкіх мы ўспрымаем лепшае ў гэтым жыцці. Таму любоў уратуе свет. І я жадаю усім любові. У гэта паняцце зараз укладваецца многа няправільнага. Жадаю ўсім          разабрацца, што такое сапраўдная любоў. Яшчэ хачу пажадаць шчырасці і праўдзівасці. Калі чалавек будзе шчырым у першую чаргу з самім сабой, то многае можна перамагчы, многае выправіць. Па-іншаму можна сябе выхаваць. Па іншаму будуць складвацца адносіны з блізкімі людзьмі, аднакласнікамі, настаўнікамі, калегамі, сябрамі і нядобразычліўцамі ў тым ліку… Таму дзвюх рэчаў жадаю — шчырасці і любові.
Будзем спадзявацца, што словы святара назаўсёды застануцца ў памяці ўдзельнікаў падарожжа, спраўдзяцца ў кожным лёсе.
Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік праекта
“Парады з вуснаў несвіжан”.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!