Понедельник, 15 Август 2022

198 просмотров
Важное, Культура

Чароўныя вечары ў Нясвіжы

У мінулыя выхадныя рэзідэнцыя рода Радзівілаў ізноў стала другім домам для Вялікага тэатра Беларусі
і галоўнай летняй пляцоўкай фармата open-air.

“Музычную скарбніцу Нясвіжа” адкрывалі перад гледачамі лаўрэаты міжнародных конкурсаў, уладальнікі медаля Францыска Скарыны Таццяна Гаўрылава і Юрый Гарадзецкі

Нагадаем, што творчы праект “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”, які праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры, Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, Мінскага аблвыканкама і Нясвіжскага райвыканкама, нарадзіўся ў 2010-м годзе, і вось ужо 12 раз запар (не лічачы 2020-га), у Нясвіжскім замку збіраюцца аматары добрай музыкі не толькі з Беларусі, але і з іншых дзяржаў свету (на гэты раз на канцэрты “Вечароў” купілі білеты гледачы з 20 краін), каб стаць сведкамі гэтай грандыёзнай падзеі культурнага жыцця нашай Радзімы. Артысты балета, оперы, хора, аркестра, міманса штогод выязджаюць з камфортных сцен роднага тэатра, каб падарыць жыхарам і гасцям Нясвіжа радасць ад сустрэчы з шэдэўрамі сусветнай опернай і балетнай класікі. За 11 мінулых гадоў гледачы ўбачылі 75 унікальных тэатральных імпрэз.
Сёлета публіцы было прапанавана цэлых 10 прадстаўленняў, што стала своеасаблівым рэкордам за ўсе гады. “Рэкард- сменам” аказаўся якраз першы дзень “Вечароў” — ён увабраў у сябе чатыры музычныя па- дзеі і прэс-канферэнцыю, падчас якой арганізатары фестывалю — прадстаўнікі Вялікага тэатра Беларусі, Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” і мясцовай улады — адказвалі на пытанні журналістаў аб асаблівасцях сёлетняга тэатральнага фэсту. А пачаўся ён з аўтарскага праекта “Беларускія прэм’еры”, рэалізаванага ў рамках гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы, адукацыі, культуры і спорце, які прадставіў яго аўтар, лаўрэат міжнародных конкурсаў, тэнар Дзмітрый Шабеця. У нашай гутарцы артыст патлумачыў, што ідэя гэтага праекта ўзнікла год таму, калі ён пазнаёміўся з партыямі Рамана з “Сівой легенды” і Дубатоўка з “Дзікага палявання караля Стаха”:
— Я тады зразумеў, што гэта вельмі прыгожая музыка, якая цудоўна стасуецца і з рускай, і з беларускай мовай, і што яна мала вядомая шырокаму колу слухачоў. Таму я вырашыў папулярызаваць творы нашых беларускіх кампазітараў — аўтараў цудоўнай, прыгожай музыкі, дастойнай вялікай увагі.
І сапраўды, песні і рамансы на музыку Алены Атрашкевіч, Аліны Безансон, Ігара Лучанка, Юрыя Семянякі, Уладзіміра Алоўнікава і іншых кампазітараў, уключаючы славутую “Зорку Венеру” на верш Максіма Багдановіча, якія прагучалі ў выкананні аўтара праекта і яго калег, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Марыі Галкінай і Андрэя Сялюціна, сталі меладычным музычным аповедам пра Беларусь і яе шчырых, добрых людзей.

Спявае аўтар праекта “Беларускія прэм’еры” тэнар Дзмітрый Шабеця

Затым у Тэатральнай зале замка і касцёле Божага Цела адначасова пачаліся яшчэ два цудоўныя канцэрты, кожны з якіх быў па-свойму непаўторны: “У час шумнага балю” і “Жамчужыны духоўнай музыкі XVI — XX cтагоддзяў” адпаведна. У Тэатральнай зале гучалі славутыя рамансы “У час шумнага балю”, “Толькі раз…”, “Гары, гары мне на зямлі” і іншыя, што ўразілі слухачоў мастацкімі перакладамі папулярных тэкстаў на беларускую мову, а ў старадаўніх сценах храма эпохі барока аматараў класікі зачароўвалі творы Гендэля, Баха, Вівальдзі, Шуберта і іншых музычных геніяў.
Вечарам пятніцы 17 чэрвеня фестываль афіцыйна адкрыўся балетам Барыса Асаф’ева “Бахчысарайскі фантан” па матывах паэмы Аляксандра Пушкіна — феерычным, бліскучым, захапляльным. Мовай музыкі і пластыкі чалавечага цела ён распавядаў пра каханне і рэўнасць, жарсць і жорсткасць. У галоўных партыях былі занятыя заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Людміла Хітрова, Алег Яромкін, Антон Краўчанка, а таксама Вераніка Аўчыннікава і Аляксандр Місюк.
На другі дзень “Вечароў” на своесаблівую музычную экскурсію па замку Радзівілаў аматараў класічнай музыкі запрасіла канцэртная праграма “Музычныя легенды старадаўняга замка”. Перад слухачамі нібыта ажывалі партрэты і скульптуры, старажытныя легенды і паданні, і з самага першага гука яны траплялі ў атмасферу тайнаў, загадак, цудаў і чараўніцтва.
Наступны канцэрт гэтага дня — “Песні вялікай краіны” — перанёс прысутных у больш блізкі нам час. Тут прагучалі незабыўныя савецкія хіты ў выкананні струннага квінтэта “Серэнада” і салістаў оперы.
Вечарам другога дня фесты- валю ўнутраны двор Нясвіжскага замка ізноў напоўніўся светлай, лёгкай, захапляльнай музыкай — у ім гучала аперэта Іагана Штрауса “Лятучая мыш”. Перэпетыі сямейнага жыцця тут зліваліся з рытмамі вальса, полькі і чардаша, а калі дадаць сюды мноства трапнага, жыццёвага гумару і не толькі вакальнае, але і акцёрскае майстэрства артыстаў, то стане зразумелым, чаму гледачы так доўга не хацелі адпускаць выканаўцаў са сцэны, стоя- чы апладзіруючы ім.

У апошні дзень фестывалю ў Тэатральнай зале замка для меламанаў адкрылася “Музычная скарбніца Нясвіжа” — тэатралізаваная праграма, у якой у выкананні струннага квартэта “Vivat-quartet!” гучалі творы Мацея Радзівіла, Яна Давіда Голанда, Міхала Клеафаса Агінскага, Восіпа Казлоўскага, а таксама фрагменты са знакамітага “Полацкага сшытка” ў апрацоўцы сучасных кампазітараў. Адметнасцю гэтага канцэрта стала тое, што яго аўтары звярнуліся да асобы княгіні Францішкі Уршулі Радзівіл, у ролі якой выступіла салістка оперы Вольга Маліноўская. Паміж музычнымі творамі яна чытала ў вобразе княгіні вершы, якія тая прысвяціла сваёй дачцэ, назваўшы іх “Перасцярогі збавенныя”. Іх прысвячэнне гаворыць само за сябе: “Перасцярогі дачцэ маёй Ганне Марыі, як яна паводзіць сябе павінна ў далейшым бегу жыцця свайго, калі я сама не змагу даць ёй павучанні…”. Гэтыя перасцярогі, складзеныя таленавітай княгіняй у вершы, і зараз уражваюць сваёй мудрасцю, глыбінёй, адсутнасцю ўсялякай пыхі і паважлівым стаўленнем да людзей.
Перадапошнім канцэртам у рамках “Вечароў” стала праграма “Нясвіжскі кактэйль”, у якой прынялі ўдзел музычны калектыў “A.M.A.D.I.S. Brass”, салісты оперы і артысты аркестра Вялікага Тэатра Беларусі. Гэта творчая імпрэза стала сапраўдным кактэйлем з твораў замежных і савецкіх кампазітараў (ад Соні Кампанэка і Астара П’яцолы да Аляксандра Цфасмана), усе кампаненты якога былі па-свойму адметныя і дасканалыя, але аб’яднаныя адным — добрым густам рэжысёра Наталлі Кузьмянковай, якая змяшала гэты “кактэйль” у адзінае музычнае цэлае. Працяглыя авацыі гледачоў у фінале канцэртнай праграмы прымусілі артыстаў падарыць ім яшчэ адзін твор — “The Klezmer’s Freilach” Гіоры Фейдмана, дзе бліскучае сола на кларнеце Віктара Пузыні пераўзышло ўсе чаканні залы.
Завяршыліся сёлетнія “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” гала-канцэртам зорак Вялікага тэатра Беларусі “Замкавыя забавы ў Нясвіжы”. Ён стаў сапраўдным летнім балем у гаспадароў замка — Францішкі Уршулі Радзівіл і яе мужа Міхала Казіміра па мянушцы Рыбанька.
І ўсім, хто здолеў патрапіць на гэты баль, вельмі пашанцавала, таму што тая высокая энергетыка, якую дарылі са сцэны артысты, бу- дзе напаўняць душы гледачоў яшчэ вельмі доўга, праганяючы смутак і тугу, як сонца праганяе цень.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!