Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 7 °C

Справа пракурорская: я заўсёды была за справядлівасць

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Пост опубликован: 06.06.2022

Напрыканцы бягучага месяца, а дакладней 26 чэрвеня, споўніцца 100 гадоў з дня стварэння органаў пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Работа пракурора — складаная, адказная і мае асаблівае значэнне для захавання правапарадку і бяспекі ў грамадстве. Першыя звесткі аб ёй з’явіліся яшчэ ў Старажытным Рыме, калі фармавалася сістэма работы суда, якая была пабудавана на абвінавачванні і абароне падазраванага двума супрацьлеглымі бакамі пад кантролем суддзі. Чалавек, які займаецца пракурорскай дзейнасцю — гэта афіцыйная асоба, пастаўленая наглядаць за выкананнем законаў краіны ў розных сферах жыцця яе грамадзян. Таксама прадстаўнік прафесіі мае паўнамоцтвы дзяржаўнага абвінаваўцы, у якасці якога ён выступае ў судзе. Дзейнічаючы ад імя дзяржавы, супрацоўнік мае выразны пералік правоўі абавязкаў, якіх павінен прытрымлівацца пры любых абставінах. З кожным годам юрыспрудэнцыя становіццаўсё больш запатрабаванай сярод моладзі.



Таму напярэдадні прафесійнага свята я пагутарыла менавіта з маладым спецыялістам, памочнікам пракурора Нясвіжскага раёна Рытай Маковік.
— Рыта, на Нясвіжчыне Вы працуеце з кастрычніка мінулага года, раскажыце, якім быў Ваш шлях у прафесію?
— Сама я з гродзенскіх Карэлічаў, і пасля школы паступіла ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт эканомікі і права. Падчас пераддыпломнай практыкі, пасля пастаноўкі ў рэзерв, мне давялося праходзіць пазаштатную дзейнасць у пракуратуры Дзяржынскага раёна. Затым атрымала дыплом і здала экзамен у генеральнай пракуратуры (аўт. — для таго, каб стаць стажорам у любой з пракуратур Мінскай вобласці). А пасля паспяховай стажыроўкі стала памочнікам пракурора. Так і апынулася ў Нясвіжы.
— Ужо больш за паўгода прайшло, як Вы на пасадзе і ажыццяўляеце нагляд за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў. Якія ўражанні ад работы? Ужо асвоіліся?
— Так, прызвычаілася. З асноўнай дзейнасцю працаўніка органаў пракуратуры я была знаёма яшчэ з часоў практыкі: што і як выконваць, па якіх прынцыпах — ведала. Але калі стала паўнавартасным супрацоўнікам, з’явілася больш самастойнасці і адказнасці. Цяпер нават адчуванне іншае — здаецца, разам са статусам я атрымала асаблівае стаўленне да сябе. Варта дадаць, што з гэтым і абавязкаў стала больш. Таму ўсё роўна набіраюся вопыту, вучуся, гледзячы на старэйшых калег, і стараюся рабіць сваю работу якасна і добрасумленна.
— Цікава, а чаму Вы абралі менавіта прававую сферу? Чым было абумоўлена такое жаданне?
— Ведаеце, колькі сябе памятаю, я заўсёды была за справядлівасць і за сумленнасць. А спецыфіка прафесіі пракурора як раз такая: мы ажыццяўляем нагляд за выкананнем заканадаўства, ахоўваем інтарэсы грамадзян, юрыдычных асоб і ў цэлым грамадства ў дзяржаве. Я заўсёды прытрымлівалася падобных прынцыпаў.
— А што Вам больш за ўсё падабаецца ў вашай дзейнасці? За што любіце сваю работу?
— Найбольшае задавальненне атрымліваю ад зносін з людзьмі. Асабліва падчас прыёмаў грамадзян. Калі атрымалася камусьці дапамагчы ці хаця б задаць неабходны напрамак справе — ужо радуюся, настрой адразу падымаецца. Таксама люблю прысутнічаць на судовых пасяджэннях. Гэта заўсёды асаблівая інтрыга для мяне. Можаш увесь час мець адно меркаванне, а ў працэсе прыйсці да другога, а потым і дзівішся, як так атрымалася… Такое сапраўды мяне захоплівае.
Ды і наогул хочацца дадаць: галоўнае, каб тое, чым займаешся, табе падабалася. Ад гэтага любыя цяжкасці будуць здавацца наўпрост чарговымі задачамі, пераадольваючы якія, ты абавязкова атрымаеш незаменны вопыт і несумненна ўдасканаліш свае здольнасці.
— Рыта, а што скажаце наконт Нясвіжа? Ці палюбіўся Вам горад?
— Нясвіж — прывабнае і прыемнае месца. Тут вельмі ўтульна і ўсё пад рукой. Але ж душа ўсё роўна належыць родным Карэлічам. Часам сумую, шмат успамінаю блізкія сэрцу мясціны, калі выдаецца магчымасць, абавязкова прыязджаю на малую радзіму.
— Што пажадаеце ў першую чаргу сабе і, вядома, сваім калегам напярэдадні знакавай даты?
— Абавязкова моцнага здароўя, новых прафесіянальных імкненняў і іх дасягнення, а таксама не губляць цікавасці да сваёй работы і атрымліваць ад яе толькі задавальненне!
— Дзякуй за размову, Рыта! І Вам таго ж!
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!