Меню
Курс $  3.07 | €  3.53 | ₽100  3.8 |
Погода 5 °C

Вы яго пазнаеце па капелюшы!

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Пост опубликован: 12.07.2022

Пагадзіцеся, асабліва цікава назіраць за дзейнасцю людзей, якія “гараць” сваёй справай, не здраджваюць ёй, упарта рухаюцца да пастаўленых мэтаў і дасягаюць іх. Падобнае па-сапраўднаму захапляе.
Лічу, што адзін з такіх творцаў-майстроў — ліпскі рамеснік Дзмітрый Малеж. Ён займаецца незвычайнай і даволі рэдкай справай — вырабам рэчаў са скуры. Асноўная дзейнасць мужчыны — арганізацыя культурна-масавага жыцця ў сельсавеце, бо ён працуе загадчыкам Ліпскага сельскага дома культуры. А рамесніцтва для яго — хобі і так званая “медытацыя”, каб адключыцца ад дзённых турбот і пабыць крышачку сам-насам.



Захапляцца “скураной” справай Дзмітрый стаў каля пяці гадоў таму. Каб дасягнуць таго вопыту і прафесіяналізму, якімі майстар валодае зараз, прыйшлося прайсці праз мноства спроб і памылак. “Толькі так. Без гэтага нічога не атрымалася б…” — сцвярдждае рамеснік.
— Спачатку шукаў інфармацыю ўсюды. На шчасце, ёсць інтэрнэт: шмат артыкулаў, фота і відэа, рознага кшталту дапаможнікаў — усё ў тваім распараджэнні. — дзеліцца Дзмітрый. — Зручная і карысная штука — анлайн-форумы, там не толькі ёсць магчымасць задаць сваё пытанне і атрымаць адказ ад больш вопытных майстроў, але і пачытаць ці пагля-дзець як у іншых, хто якія памылкі дапускае і павучыцца на іх прыкладзе. Ды і настрой там асаблівы: адчуваеш сябе сярод сваіх, такіх жа ўцягнутых — як у суполцы.
Рамеснік успамінае, што першыя крокі даваліся зусім няпроста. У адзін момант нават кінуць усё хацелася… Але ж толькі ўзяўшы сябе ў рукі ды спрабуючы зноў і зноў, прыйшло разуменне — не ўсё адразу. Галоўнае, старанна падыходзіць да справы і спрабаваць, спрабаваць, спрабаваць… Вучыцца і зноў спрабаваць. Такім цярністым шляхам Дзмітрый і атрымаў тое, што мае зараз. А мае нямала: ва ўласнай скарбонцы вырабаў — і вокладкі на пашпарт, і сумачкі, і ключніцы, і рамні, і візітоўніцы, і кашалькі, і шмат чаго іншага. На выставах рамесніцкіх вырабаў усе гэтыя рэчы Дзмітрый дэманструе і прадае. Яго можна пазнаць па адметным каўбойскім капелюшы са скуры — таксама ўласнай ручной работы.
Свае веды і ўменні рамеснік перадае малодшаму пакаленню — у сельскім цэнтры культуры ён арганізаваў гурток для дзяцей.
— Калі сам нешта рыхтую, у працэсе работы застаюцца нейкія рэшткі, або дзе-нідзе ўжо непатрэбны матэрыял. Прыношу яго сваім хлапчукам (аўт. — у асноўным гурток наведваюць хлопцы-падлеткі) для творчасці. А там — хто як нафантазіруе, — тлумачыць мой суразмоўца. — Ім жа таксама цікава зрабіць якую-небудзь штучку ці для сябе, ці бацькам, ці ў падарунак. Ды і ўвогуле, я лічу, калі дзеці займаюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, гэта не можа быць бескарысна.
А што датычыцца планаў на будучыню, то ў Дзмітрыя яны адназначна ёсць. Спыняцца на дасягнутым ён не збіраецца. У перспектыве — выраб якаснага аўтарскага скуранога абутку.
— Толькі вось часу ў сутках крыху болей трэба, а жадання і ідэй хапае! — уздыхае майстар. — У ім уся замінка. Але ж мы бу- дзем старацца і рухацца наперад. Тады, вядома, усё будзе!
Падрыхтавала Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!