Не прадаецца хата бацькоў…
(З песні.)
Многія з нас нарадзіліся ў вёсцы і помняць маму за вечнымі сялянскімі клопатамі, вішні на дварэ, траву зялёную і кветкі пад акном. Згатаваную ў печы бульбу, спеў птушак вакол…Многім знаёма гэта цудоўнае настальгічнае пачуццё, звязанае з роднай хатай. Не ўсе вяртаюцца ў яе па розных жыццёвых прычынах, а ёсць такія, што не здрадзілі роднаму кутку і берагуць яго. Як, напрыклад, Вольга Канстанцінаўна Апанасік, ураджэнка вёскі Панюцічы. Яна працавала загадчыцай кардыялагічнага цэнтра ў Мінску, пасля выхаду на заслужаны адпачынак жыве ў бацькоўскай хаце, хаця ў сталіцы ёсць кватэра. Я пацікавілася ў сваёй зямлячкі, калі прыйшло да яе такое рашэнне.
— Як не стала мамы, бо яна гаварыла: “Свая хатка, як родная матка”. Хаця бацька калісьці сказаў: “Прадавайце”. Але я разумею, што кожная пядзя гэтай зямлі прасякнута працай і потам маіх бацькоў, тут нарадзілася я і мае сёстры. Пакінуць хату ці прадаць — значыць, здрадзіць сваім продкам, нашаму мінуламу.
Дарэчы, дом Апанасікаў стаіць на ўзгорку, у канцы вёскі. Заўсёды быў акуратны, дагледжаны. І цяперашняя гаспадыня змагла ўсё зрабіць для таго, каб ён стаў яшчэ прыгажэйшым. Пасадзіла ружы розных адценняў, саджанцы яблынь, зелянее блішчастым лісцем дэкаратыўны самшыт, чырванеюць трускалкі, далей акуратны агарод, дзе цвіце бульба, падрастаюць гурочкі і салата, цыбуля. Усё так міла сэрцу…
Вольга гаворыць:
— Скажу шчыра: каля сваёй хаты адпачываю душой. Люблю пасядзець у цяньку пад чарэшнямі, паслухаць спеў птушак, вясной заліваўся недзе ў кустах салавей. А вераб’і пад страхой зрабілі гняздо, я іх падкормліваю, асабліва зімой.
Усур’ёз заняўшыся родным домам, Вольга Канстанцінаўна ўцяпліла яго, падвяла ўсе камунікацыі, абнавіла мэблю, але захавала маміну шафу з люстэркам, засталіся і белыя дзверы. Зойдзеш сюды — усё ў светлых і прыемных колерах, утульна і слаўна. Клопатаў і матэрыяльных затрат было шмат, але яны таго вартыя.
Шлях Вольгі ў прафесію пачынаўся з Баранавіцкага медыцынскага вучылішча, закончыўшы якое, яна атрымала накіраванне ў 3-ю клінічную бальніцу Мінска. Але няўрымслівая медсястра на гэтым не спынілася, яна паступіла ў медыцынскі інстытут. Без адрыву ад вытворчасці, як кажуць. Нялёгка было бегчы на работу, затым на заняткі. Выручалі калегі, якія захапляліся настойлівасцю і працавітасцю Вольгі, падмянялі пры неабходнасці. Спецыяльнасць кардыёлага выбрала адразу, вучыцца нялёгка, але трэба. Стыпендыю атрымлівала, старалася мець веды ў поўнай меры.
— Студэнцкае жыццё цікавае, выкройвалі час, каб схадзіць у кіно ці на танцы, — успамінае мая сураз- моўца. — Да экзаменаў рыхтаваліся групай, падказваючы тэмы адзін другому. Заняткі не прапускалі, бо ведалі, што ад нас будзе зале- жыць здароўе людзей.
Пасля інстытута працавала ў кардыялагічным дыспансеры, былі розныя выпадкі. Запомнілася, як аднаму пацыенту бальнічны ўжо выпісалі, але ўрач В.К.Апанасік не змагла супакоіцца, яе нешта трывожыла. Выклікала “хуткую”, у чалавека спынілася сэрца, прынялі ўсе меры для рэанімацыі і выратавалі. Падобных здарэнняў хапала, і заўсёды трэба прымаць правільнае рашэнне, своечасова дапамагчы хворым. А потым яны, удзячныя, прыходзілі да кардыёлага з кветкамі і словамі шчырай удзячнасці.
— Я любіла сваю работу, — дзеліцца Вольга, — патрэбны былі добрыя веды і вопыт. Як у кожнай справе, так і ў кардыялогіі не ўсё вывучана да канца, трэба шукаць новыя метады і падыходы. Гэтаму садзейнічалі кангрэсы і канферэнцыі, у якіх прымала ўдзел. Запомніліся паездкі ў Вену, Барселону, Мюнхен, Маскву, Парыж. Слухала ўважліва выступ- ленні калег, дома расказвала сваім, многае прымянялі. Шмат даў і Мінскі інстытут кардыялогіі, дзе навучылі прагрэсіўным метадам лячэння і адносінам да навукі і работы.
За 39 гадоў працы В.К. Апанасік атрымала дыпломы, граматы і сертыфікаты за прафесіяналізм і старанне. Між іншым, урачу давялося лячыць і сваіх бацькоў. Праўда, у той час яшчэ не было сучасных метадаў, не магла ўсё ведаць. А бацька, Канстанцін Міхайлавіч, вярнуўся з вайны параненым, ваяваў на ІІ Беларускім фронце з 1941 года, удзельнічаў у баях пад Калінінградам. Дайшоў да Польшчы, дзе яго параніла. Ляжаў там у шпіталі, затым зноў на фронт, трапіў у Германію. Расказваў выпадак, калі салдаты зайшлі ў кафэ, а тут маршал Ракасоўскі. Нечаканая сустрэча абярнулася гаупвахтай. Дамоў К.М. Апанасік вярнуўся ў 1946 годзе інвалідам, кавалерам ордэна Чырвонай Зоркі. Працаваў у калгасе, на чыгунцы. Быў добры, прыстойны чалавек і дзяцей вучыў таму. Вольга запомніла, як сказаў ёй пасля вучылішча: “Будзь заўсёды акуратнай з людзьмі, дачушка”. З землякамі-франтавікамі любіў спяваць ваенныя песні, у тым ліку і “Вставай, страна огромная”.
Між іншым, дачка выканала бацькоўскі наказ: яна спакойная і карэктная ў зносінах, сапраўды акуратная, да людзей ставіцца з павагай. Я была ў яе ў гасцях, сядзелі пад чарэшнямі, пілі пахучую каву, прыгатаваную гаспадыняй, частаваліся вітаміннай салатай і жэле з трускалак, успаміналі наша дзяцінства і бацькоў. І так гэта было прыемна, душэўна, доўга не разыходзіліся.
Вольга Канстанцінаўна — чалавек духоўны, што перадалося ёй ад маці, Феафаніі Сафронаўны. Яна ведала напамяць усе трапары, ха- дзіла ў храм, была працавітая, прыгожа спявала. Вольга Канстанцінаўна апошнія два гады лячыла маму, клапацілася аб ёй. І, напэўна, недарэмна: маці пражыла 96 гадоў.
Урач В.К. Апанасік наведвае Космадаміянаўскі храм у Снове, акрамя таго, захапляецца культурным жыццём. Прыязджала на канцэрты Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў, чытае духоўныя і свецкія кнігі. Сябруе з суседкай Валянцінай Буян, разам ездзяць на культурныя мерапрыемствы. З ёй цікава пагутарыць на розныя тэмы. Я спытала, што б яна пажадала землякам і чытачам, ці шчаслівая.
— Знайсці мір і спакой у душы, цаніць добрыя адносіны да лю- дзей, жыць з Богам у душы. А наконт шчасця? Я шчаслівая, бо люблю сваю прафесію і жыццё ў розных яго праявах.
Яшчэ дадам пастулат урача: сэрца — рэч далікатная. Таму яго трэба берагчы.
Раіса ХВІР,
г. Нясвіж.