Нягледзячы на капрызы надвор’я — значнае пахаладанне з 6 на 7 ліпеня — Купалле ў гарадскім
парку прайшло гучна і эфектна.

На працягу святкавання на спартыўнай паляне ладзілі выставу-продаж сплеценых вянкоў. Тут іх красавалася на розны густ. Спрадвеку было прынята складаць вянкі з самых розных траў. Выкарыстоўвалі званочак, святаяннік, крываўнік, глог, базілік, ружу, папараць, дубовыя
і бярозавыя галінкі.
Менавіта гэтыя расліны надзяляюць святочны вянок асаблівымі, магічнымі ўласцівасцямі. Лічылася, што калі пляцеш вянок, складаеш свой шчаслівы лёс, таму да працэсу пляцення ставіліся вельмі сур’ёзна.
Уласнаручна сплецены вянок дэманструе загадчык раённага цэнтра народнай творчасці Любоў Дрык
Забаўляльная праграма распачалася тэатралізаванай імпрэзай “На Купала — сонца грала”. Госці сустракалі галоўных дзеючых асоб свята — Купалу і Купалінку, віталі русалак і ведзьму. Казачныя героі праводзілі конкурсы і эстафеты, загадвалі загадкі і варажылі. Музыка гучала няспынна: свае песенныя нумары дарылі прысутным народныя ансамблі песні “Млечны шлях”, “Ланская бяседа” і “Згода”, вакальныя ансамблі “Славіца” і “Натхненне”, а таксама Алеся Краснашчокава, Ігар Гарбачоў, Валерый Чучман, Аксана Пяткевіч, Аляксандр Іваноў, Іна Філіпава, Кацярына Шустал, Таццяна Мароз і Анастасія Галяк. Харэаграфіяй радаваў гледачоў танцавальны калектыў “Арыён” пад кіраўніцтвам Жанны Галавач.

Шчасце і ўдача ў гэтым годзе будуць гаспадарыць у сям’і Сініцыных. Яе галава — Уладзіслаў —
стаў пераможцам квэсту “У пошуках”, які арганізавалі работнікі маладзёжнага цэнтра. Уладзіслаў праявіў заўзятую долю спрытнасці і кемлівасці, выканаўшы ўсе неабходныя заданні першым, і як след — знайшоў галоўны сімвал Купальскай ночы — папараць-кветку.
На фота: ён разам з сынам Дабраславам атрымлівае заслужаны прыз з рук дырэктара маладзёжнага цэнтра Паўла Шупеніча
Работнікі гарадскога маладзёжнага цэнтра аб’ядналі ўсіх жадаючых паспрабаваць шчасця і правялі квэст “У пошуках”. Галоўнай задачай было знайсці папараць-кветку, выканаўшы ўсе прапанаваныя заданні, якія адначасова размяшчаліся ў тэлеграм-суполцы.

У вобразах далікатных купалінак — дзяўчаты з танцавальнага калектыву “Арыён”, кіраўнік — Жанна Галавач
Музычным госцем свята стаў кавер-бэнд “Not bad band”, а кульмінацыяй — захапляльнае фаер-шоу і традыцыйнае запальванне вогнішча. Завяршылася гулянне начной дыскатэкай.
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.
Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.

Адным з чароўных і доўгачаканых момантаў свята стаў момант спуску “плота” з кветкамі і свечкамі на ваду і купальскіх вянкоў. Яшчэ нашы продкі лічылі, што, незамужнім дзяўчатам па вянку варта варажыць на лёс: чый патоне хутчэй за астатнія, тая і звяжа сябе повязямі шлюбу найперш. З дапамогаю вянкоў таксама дазнаваліся, збудзецца жаданне ці не. Калі вянок плыў далёка — загаданае спраўдзіцца, а калі прыб’ецца да берага — прыйдзецца чакаць наступнага года, каб паспрабаваць ізноў