Меню
Курс $  3.07 | €  3.48 | ₽100  3.86 |
Погода 12 °C

Радуюцца поспехам, рухаюцца наперад

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Пост опубликован: 27.07.2022

Пагадзіцеся, багатая нясвіжская зямля заўсёды славілася таленавітымі людзьмі — нам заўсёды ёсць кім і чым ганарыцца.
А яшчэ заўжды прыемна, калі гэты талент раскрываюць з самага дзяцінства,развіваюць яго з малых гадоў. У нашым раёне створаны якасныя ўмовы для развіцця творчага патэнцыялу дзяцей і моладзі. На базе агульнаадукацыйных устаноў існуюць гурткі па інтарэсах, цэлы спектр творчых напрамкаў прадастаўляюць гарадскі маладзёжны цэнтр і цэнтр дзіцячай творчасці, а таксама раённы цэнтр культуры, мясцовыя дамы культуры і дзіцячыя школы мастацтваў.



Аб адной з такіх школ, размешчаных у аграгарадку Аношкі, мы сёння раскажам нашым чытачам. Найперш варта адзначыць, што ў 2021-2022 навучальным годзе ва ўстанове змяніўся кіраўнік: ім стала настаўнік класа акардэона і фартэпіяна Кацярына Андросік. А як след — змянілася і сама школа, яе прыярытэтныя накірункі і, адпаведна, поспехі.
Тут навучаюцца 97 дзяцей, з якімі працуюць 7 педагогаў па трох напрамках: музычным, харэаграфічным і дэкаратыўна-прыкладным. Акрамя самой школы ў Аношках, у аграгарадку Грыцкевічы адкрыты клас для заняткаў на баяне.
— Гэты год для школы мастацтваў выдаўся прадуктыўным, завяршыўся значнымі поспехамі і дасягненнямі нашых вучняў і настаўнікаў у конкурснай і канцэртнай дзейнасці. Менавіта на гэта мы робім упор, і зараз такая актыўнасць з’яўляецца неад’емнай часткай жыцця школы, — расказвае дырэктар Аношкаўскай дзіцячай школы мастацтваў К.С. Андросік.
Што пасееш, тое і пажнеш — упэўнены тут. Таму працуюць плённа і майстэрства сваё дэманструюць адпаведна. Так, на І Міжнароднай прэміі ў вобласці інструментальнай творчасці “Хрустальны акорд”, што праходзіла ў ан-лайн фармаце ў Санкт-Пецярбурзе, Дыпломам Лаўрэата І ступені ў намінацыі “Інструментальная творчасць” (фартэпіяна) адзначана Анастасія Ходар. Танцавальны калектыў школы “Сонейка”, пад кіраўніцтвам Ірыны Саленік, дыстанцыйна прыняў удзел у Міжнародным конкурсе-фестывалі мастацтваў “На Алімпе” (у г. Масква) і атрымаў два Дыпломы І ступені ў намінацыях “Эстрадны танец” і “Народны танец”.
Ёсць поспехі і ў выяўленчым мастацтве. Пад кіраўніцтвам настаўніка Глеба Маргачова, Мацвей Ломскі стаў Лаўрэатам І ступені, а яго сястра Карына — Лаўрэатам ІІІ ступені ў Адкрытым конкурсе дзіцячай і юнацкай творчасці “Зоркі Маладзечна”. У гэтым жа конкурсе свае вакальныя здольнасці прадэманстраваў вучань музычнага аддзялення Дамір Дубойскі і атрымаў Дыплом ІІІ ступені. Над нумарам ён працаваў разам са сваім настаўнікам Арцёмам Шаўчэнкам.
А вось з 13-га адкрытага рэгіянальнага конкурса-пленэра юных мастакоў імя Міхаіла Сеўрука вучні Аношкаўскай ДШМ прывезлі Дыплом І ступені (Карына Ломская) і Дыплом ІІ ступені (Данііл Гаціла).
Гонарам не толькі ўстановы адукацыі, але і ўсёй Нясвіжчыны з’яўляецца ўзорны ансамбль гарманістаў “Аношкаўскія музыкі”. Калектыў, вядома, прымае актыўны ўдзел у канцэртах раёна, Мінскай вобласці, а таксама выдатна выступае на конкурсах. Дарэчы, за мінулы навучальны год у ансамбля было каля трыццаці выступленняў. Сярод іх — перамогі ў міжнародных ан-лайн конкурсах “Марозка”, “Тэрыторыя поспеху” і “Хрустальны акорд” у Санкт-Пецярбурзе. Дыплома Лаўрэата І ступені ў ансамблевых гульнях удастоены Рыгор Антановіч і Валерый Дыдышка, а ў намінацыі “сола” — Рыгор Антановіч. З рэпертуарам і тэхнікай выканання хлопцам дапамагае працаваць кіраўнік ансамбля — Аляксей Андросік, які таксама ўдзельнічаў у вышэйзваных конкурсах і ў намінацыі “Інструментальнае выканальніцтва” (узроставая катэгорыя 26 — 40 гадоў) атрымаў два Дыпломы Лаўрэата І ступені.
“Аношкаўскія музыкі” наведалі і Міжнародны фестываль фальклору “Мотальскія прысмакі”, сталі ўдзельнікамі “Дня народнага яднання” ў Мінску і турыстычнага форуму “Спадчына Беларусі”. У сакавіку бягучага года на ХХ абласным аглядзе народных і ўзорных аматарскіх калектываў мастацкай творчасці Мінскай вобласці наш ансамбль гарманістаў паспяхова пацвердзіў званне “ўзорнага”.
— Для таго, каб нашы дзеці вучыліся новаму, удасканальвалі свае ўменні і дасягалі нейкіх вяршынь, у іх развіццё трэба ўкладаць шмат намаганняў. І размова не толькі пра веды і вопыт, але і пра ўмовы, якія створаны для заняткаў, — упэўнена дырэктар школы. — Мы стараемся своечасова аднаўляць памяшканні, добраўпарадкоўваць тэрыторыю вакол будынка. З гэтай нагоды вельмі хочацца падзякаваць людзям, якія неабыякава ставяцца да любых пытанняў, гаспадаркам — ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” і яго дырэктару — Віктару Худніцкаму і ААТ “Гарадзея” ў асобе кіраўніка — Мікалая Салаўя. Яны вельмі пасадзейнічалі нашай установе: дапамаглі набыць новую мэблю і ўнікальны музычны інструмент — колавую ліру.
Пасля летніх канікул вучні вярнуцца ў сцены музычнай школы і з новымі сіламі будуць дасягаць яшчэ большых поспехаў. Пажадаем ім безумоўных перамог!
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!