Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 10 °C

Неаб’яўленая вайна, або Як байцы польскай Арміі Краёвай учынялі генацыд беларускага народа

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 1

У ноч з 17 на 18 лістапада 1943 г. каля вёсак Дубнікі і Сабкоўшчына (Івянецкі р-н) па распараджэнні камандзіра польскага эскадрона ўланаў З. Нуркевіча былі расстраляны 12 савецкіх партызан-яўрэяў з атрада імя Чкалава…
У красавіку 1944 г. у в. Суднікі байцы Арміі Краёвай пад камандаваннем А. Пільха і З. Нуркевіча, якія пайшлі на змову з немцамі Івянецкага гарнізона, атрымалі ў іх зброю, боепрыпасы, прадукты і абмундзіраванне, з засады забілі 15 партызан брыгады імя Шчорса…



У час Беларускай наступальнай аперацыі 1944 г. батальён Налібоцкай АК разам з нямецкай арміяй вёў баі з часцямі савецкіх войскаў…

(Паводле артыкула М.А. Бабіч
у кнізе “Памяць. Нясвіжскі раён”).

Цяперашнім часам, калі расследуецца справа аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, апублікавана шмат адпаведных дакументаў, што захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Беларусі і архівах Расійскай Федэрацыі. Яны праліваюць святло на многія крывавыя падзеі, што адбываліся на шматпакутнай беларускай зямлі, паміма франтавых баёў Чырвонай Арміі з фашыс-тамі. Такі крывавы след пакінула на тэрыторыі Беларусі Армія Краёва, падпольнае ваеннае фарміраванне знішчанай гітлераўцамі польскай дзяржавы. Яна была сфарміравана ў лютым 1942 г. на базе нелегальнага “Саюза ўзброенай барацьбы”, што арганізавалі палякі на нашых землях у лістападзе 1939 г. Яны атрымлівалі ўказанні ад польскага эмігранцкага ўрада ў Лондане праз Варшаву. Ваявалі ў АК 14 тыс. чалавек — і супраць немцаў, і супраць савецкіх людзей.
Хаця антысавецкую барацьбу польскія банды вялі і раней, з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны дзейнасць польскага нацыяналістычнага падполля актывізавалася. Аб гэтым гаварылася і ў дакладной запісцы партызанскага камандзіра Васіля Каржа першаму сакратару ЦК КПБ Панцеляймону Панамарэнку, і ў першыя месяцы вайны Корж быў вымушаны вывесці свой атрад з Пінскай вобласці, таму што нешматлікія савецкія партызаны сутыкнуліся не толькі з нямецкімі карнікамі, але і з баявымі групамі польскага падполля, што дапамагалі немцам, забівалі савецкіх ваеннаслужачых, якія адступалі на ўсход, прадстаўнікоў савецкага партыйна-гаспадарчага актыву.
З 1943 г. камандзіры АК пачалі ўступаць у сувязь з гітлераўцамі, праводзіць разам з імі карныя аперацыі супраць партызан, учынялі тэрор над мірным насельніцтвам Беларусі. Яны рабавалі, палілі, забівалі… Чытаеш успаміны сведкаў, афіцыйныя данясенні — і валасы дыбам устаюць.
Найбольшы размах польскае нацыяналістычнае падполле набыло ў Лідскім і Шчучынскім раёнах. Так, у студзені 1944 г. у Лідскім раёне бандай “Крыся” былі забіты савецкія партызаны Лучык і Мядз- ведзеў, у лютым — савецкі дэсантнік-капітан, расстраляна і спалена сям’я партызана Сімановіча, дачку якога кінулі ў агонь жывой. У лютым — маі 44-га быў спалены 21 дом жыхароў в. Крывічы, якія лаяльна ставіліся да савецкай улады. Забіты 19 цыган, у т.л. дзеці 2 — 4 гадоў. 20 жніўня белапалякі забілі на сельгасработах лейтэнанта і двух байцоў Чырвонай Арміі. А каб зручней было знішчаць беларусаў, камандзір Наднёманскага злучэння паручнік Юзэф Свіда (“Лех”) заключыў з немцамі дагавор і ў студзені — сакавіку 1944 г. атрымаў ад іх пяць абозаў са зброяй.
У лютым — красавіку 1944 г. на тэрыторыі Лідскай акругі ад рук акаўцаў загінулі некалькі тысяч чалавек. У адной Беліцкай воласці былі забіты 480 мясцовых жыхароў.
Атрады толькі Навагрудскай акругі Арміі Краёвай у асенне-летні перыяд 1943 – 44 г. правялі 81 аперацыю супраць беларускіх партызан. Акаўцы ўзрывалі чыгункі, абстрэльвалі савецкія эшалоны, нападалі на тылавыя часці, ваенныя склады, забівалі ваеннаслужачых і працягвалі тэрарызаваць мясцовае насельніцтва.

Задачай Арміі Краёвай была барацьба за аднаўленне Польскай дзяржавы ў межах 1 верасня 1939 г. з уключэннем у яе Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і Віленскага краю Літвы.
Пытанні панам: а ці была прававая аснова захопу Польшчай у 1919 – 1920 гг. беларускіх зямель? ці справядлівым для Беларусі быў Рыжскі мірны дагавор 1921 г., навязаны белапалякамі, які раз’яднаў адзінакроўных братоў-беларусаў? якія страты панесла Беларусь падчас польскай акупацыі?

Жудасныя забойствы ўчыняліся ў Шчучынскім, Васілішкаўскім і Жалудокскім раёнах. У тым ліку загінуў старшыня Шчучынскага сельскага Савета Аляксандр Саўчук і яго 14-гадовая дачка. Былі спалены вёскі Турэйск і Загор’е, многія жыхары былі забіты і паранены.
Банда пад кіраўніцтвам Бельскага, жыхара в. Пескаўцы Вінінскага сельсавета Жалудокскага раёна, учыніла жорсткую расправу над упаўнаважаным сельсавета па гэтай вёсцы Іванам Казаком. Яго труп быў знойдзены ў кустах, з прастрэленай галавой і вывернутымі рукамі, усё цела было парэзана нажом і штыком. Вось такой была нечалавечая ідэалогія буржуазнай Польшчы: аднавясковец ішоў на аднавяскоўца, сусед на суседа, брат на брата. Калі думаеш інакш — значыць, ты вораг, цябе трэба знішчыць.
У Воранаўскім райне 24 жніўня 1944 г. банда белапалякаў напала на ваенную аўтамашыну, былі забіты і спалены 5 савецкіх ваеннаслужачых, у т.л. камандзір 92 асобнага матарызаванага батальёна 49-й арміі ІІ Беларускага фронту маёр Аляксандр Канарчык, Герой Савецкага Саюза — ён якраз накіроўваўся ў Маскву атрымліваць узнагароду. У в. Венанцы бандыты спалілі будынак сельсавета, забілі ўпаўнаважанага райкама КП(б)Б і паранілі сакратара сельсавета. У в. Вінцукі схапілі старшыню сельсавета, назад ён ужо не вярнуўся. У былым маёнтку Пажыжкі забіты загадчык гаспадаркі Міцкевіч, у маёнтку Гарманішкі — прадстаўнік улады Перапеча. Пры выкананні аператыўнага задання загінуў райупаўнаважаны НКДБ малодшы лейтэнант дзяржбяспекі Крывулін. Забіты ўчастковы міліцыянер Казак. У маёнтку Гартанішкі — танкіст Карпаў. Дарэчы, у гэтым маёнтку групай белапалякаў кіраваў ксёндз, былы падпалкоўнік польскай арміі.
Як лічыць доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы: “Страшэнны грэх — нацыянальнае забойства — ляжыць на польскіх ксяндзах-паланізатарах. Кагосьці гэта можа здзівіць, але многія сённяшнія палякі, што пражываюць на тэрыторыі Беларусі, такімі сталі толькі ў 30-х гадах ХХ стагоддзя. Таму што каталіцкі касцёл у міжваеннай Польшчы стаў важнейшым інструментам паланізацыі Беларусі. Ён усяляк замацоўваў у свядомасці вернікаў тэзіс аб тым, што католік — гэта абавязкова паляк”.
У сумежных сельсаветах Воранаўскага і Радунскага раёнаў бандай “Яскулка” было ўчынена 11 тэрарыстычных актаў. Загінулі два байцы войск НКУС, два работнікі райфа, старшы сяржант войск НКУС, група цыган з 20-і чалавек, дзве сям’і, савецкі актывіст, настаўнік, старшыня і сакратар сельсавета і падводчык.

У Польшчы акаўцаў называюць партызанамі, у Беларусі — бандытамі. Варшава лічыць іх нацыянальнымі героямі, а мы — праклінаем.

У 1944-45 гг. на Гродзеншчыне, Навагрудчыне і Віленшчыне супраць СССР ваявалі больш за 3000 акаўцаў, яшчэ каля 6 тыс. знахо- дзіліся ў падполлі. У сутычках з войскамі НКУС загінулі, па розных даных, ад 2 да 3 тысяч байцоў і падпольшчыкаў Арміі Краёвай. У баях з АК загінулі больш 500 савецкіх сілавікоў, палякамі былі забіты звыш 1000 мірных жыхароў.
На тэрыторыі сучасных Баранавіцкага, Валожынскага, Карэліцкага і Ашмянскага раёнаў дзейнічала белапольская банда, якую ўзначальваў афіцэр былой польскай арміі Вітольд Туронак (“Тур”). Ад рук бандытаў загінулі старшыня аднаго з сельсаветаў і малодшы лейтэнант, два чалавекі са зні- шчальнага батальёна, супрацоўнік раённай установы і яго сваячка, былая партызанка, дзве сям’і рускіх грамадзян, чые родныя служылі ў міліцыі…
У в. Лукашы Заслаўскага раёна акаўцы ўчынілі крывавую расправу над мірнымі сялянамі: аграбілі, затым спалілі зажыва 26 чалавек. Легіянеры толькі Стаўбцоўскага злучэння АК са снежня 1943 г. да канца чэрвеня 1944 г. забілі 6 тыс. “бальшавікоў”, як пісаў у сваіх мемуарах іх камандзір А. Пільх (“Гура”). А значнай часткай загінуўшых былі жанчыны і дзеці. 1 мая 1944 г. акаўцы пры падтрымцы ракаўскай паліцыі ўдарылі па пазіцыях партызанскіх атрадаў імя Шчорса і “Перамога”, уварваліся ў в. Дзьвінячы Заслаўскага раёна і спалілі яе, а жыхароў, якія не паспелі адысці з партызанамі, расстралялі…
Наша Нясвіжчына, як усе заходнебеларускія землі, 18 гадоў знаходзілася пад акупацыяй панскай Польшчы. Да 1939 года паланізацыя зрабіла сваю справу. Камендант рэгіёна, згаданы мной у самым пачатку артыкула Здзіслаў Нуркевіч, ураджэнец Вроцлава, да вайны прайшоў падафіцэрскую школу ў Нясвіжскім гарнізоне і школу харунжага кавалерыі. У пачатку вайны ад яго зыходзіла ініцыятыва групіравання антынямецкіх сіл. Створаныя ў нас польскія групы наладзілі сувязь з аддзеламі Навагрудскай акругі АК і атрымалі заданне перамясціцца ў Налібоцкую пушчу. Базай стала ўрочышча Дрывізна паблізу возера Кромань. У другой палове 1943 г. ім з Лондана паступіла ўстаноўка: з немцамі не ваяваць. Ваяваць белапалякі пачалі з беларусамі.
Акупацыя беларускіх зямель нямецка-фашысцкімі захопнікамі закончылася ў 1944-м, фронт пайшоў на захад, а барацьба з бандыцкімі фарміраваннямі працягвалася. У той жа Гродзенскай вобласці, напрыклад, са жніўня 1944 г. да жніўня 1945 г. было праведзена больш за 200 чэкісцка-вайсковых аперацый па іх знішчэнні. Ад рук бандытаў працягвалі гінуць работнікі міліцыі, мірныя жыхары, работнікі савецкіх устаноў, кіраўнікі калгасаў і іх сем’і.
Ужо закончылася Вялікая Айчынная вайна, адгрымелі пераможныя залпы салюта 1945 года. А легіянеры Арміі Краёвай працягвалі заліваць нашу зямлю крывёю. Прывяду толькі некалькі прыкладаў. У верасні 1946 г. у Лідскім раёне бандыты па-зверскі расправіліся са старшынёй сельсавета, яго жонкай, дзецьмі 22, 16 і 14 гадоў і дзвюма вясковымі ўпаўнаважанымі. Іх задушылі дротам, трупы кінулі ў бульбяныя ямы. У сакавіку 1946 г. былі забіты начальнік Гродзенскага РА МУС і два ўчастковыя ўпаўнаважаныя. Было ўстаноўлена, што забойства ўчыніла банда Фаля, сфарміраваная антысавецкім падполлем. Кіраваў падполлем (10-ы Гродзенскі абвод АК) Мечаслаў Няздзінскі — былы паручнік польскай арміі. У 1945 — 1948 гг. яго бандыты правялі больш 60 тэрактаў, ахвярамі сталі больш за 110 чалавек…
7 чэрвеня 1950 г. у Шчучынскім раёне ад рук узброеных бандытаў загінулі дзве сям’і.
…З абурэннем даведалася летась, што ў брэсцкай “польскай школе” ўшаноўвалі памяць Рамуальда Райса (“Бурага”), камандзіра польскага атрада спецпрызначэння, які з 29 студзеня па 2 лютага 1946 г. расстраляў больш за 80 мірных жыхароў Бельск-Падляскага павета Польшчы, якія былі беларусамі па нацыянальнасці. “Буры” ў час вайны з’яўляўся байцом Арміі Краёвай, а пасля яе роспуску стварыў сваю банду. Знішчэнне людзей па этнічнай прыкмеце — гэта і ёсць генацыд. А прысутнасць на ўшанаванні памяці бандыта польскага консула ў Брэсце лішні раз пацвярджае палітычны накірунак сучаснага польскага кіраўніцтва — укрыццё фактаў супрацоўніцтва з Трэцім рэйхам, нянавісць да ўсходніх суседзяў, рэваншызм, вялікі імперскі шавінізм. Кажуць, з такім суседам і вораг не патрэбны.
І ўсё ж беларусы, мірныя і талерантныя людзі, спадзяюцца, што логіка і справядлівасць, чалавечыя адносіны, праўда, паразуменне возьмуць верх.
Вольга ОКУНЕВА.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!