Вторник, 9 Август 2022

172 просмотров
Главное, Новости

Святочнае Шчыра і ад душы — у Нясвіжы адзначылі Дзень Незалежнасці

Для несвіжан, як і для кожнага беларуса, 3 ліпеня — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — сімвал моцы народа, свабоды і яднання. Гэта летапіс жалю і болю, які заўсёды палае ў сэрцах беларусаў светам неўміручай памяці і ўдзячнасці за мужнасць, сілу і годнасць нашых продкаў, якія здолелі перажыць і перамагчы фашызм. Гэта дань павагі бессмяротнаму подзвігу тых, хто паднімаў краіну з руін, і тым, хто штодзённымі намаганнямі падтрымлівае аўтарытэт нашай  дзяржавы і захоўвае яе гістарычную спадчыну.
З гэтай нагоды нясвіжская зямля грандыёзна адсвяткавала Дзень Рэспублікі,
прымаючы на сваіх прасторах усіх жадаючых, уключаючы міжнародных гасцей і турыстаў.

Маштабная святочная праграма пачалася з мітынга-рэквіема каля гранітнай пліты на Брацкай магіле воінаў-вызваліцелей у гарадскім парку. А першай гадзіне дзеянне разгортвалася ўжо на спартыўнай паляне. Там адбыўся І адкрыты фестываль гасціннасці “Гасціннасць па-радзівілаўску”. Госці сталі сведкамі конкурснай праграмы “Шчыра вітаем…”, адкрытага чэмпіянату па прыгатаванні дранікаў “Бульба-хіт”, майстар-класа ад кіраўніка Гільдыі шэф-павароў Беларусі Аляксандра Чыкілеўскага, а таксама паўдзельнічалі ў дэгустацыі.

Адкрываючы фестываль, шчыра і гучна прысутных віталі галоўныя ўладары Нясвіжскіх зямель — князі Радзівілы — яго вялікасць Караль Станіслаў Радзівіл, вядомы яшчэ як пане Каханку, і яго сястра — Тэафіля Канстанцыя Ра- дзівіл. Менавіта яны разам з раённым кіраўніцтвам і гасцямі з Расійскай Федэрацыі сталі асноўнымі знаўцамі народных беларускіх традыцый, якія ў сваю чаргу шырока прадэманстравалі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна. Кожны з падворкаў запрашаў да сябе шаноўных гасцей, частаваў самаробнымі прысмакамі. Тут красаваліся шматлікія вырабы з бульбы (па рэгламенце конкурснай праграмы іх павінна было быць 15), упрыгожаныя зелянінай і свежай гароднінай, рознага кшталту дранікі, піражкі і слойкі з разнастайным начыненнем, халаднік і мачанка, сала, каўбасы, рулеты, падсмажаная ці запечаная хатняя птушка. Ласункаў — на любы густ! Таксама гаспадары прапаноўвалі пакаштаваць свежазваранага морсу, хлебнага квасу ці бярозавага соку; забаўлялі прысутных ігрой на музычных інструментах, спявалі для іх вясёлыя песні, а самых гарэзлівых — вялі ў скокі. Без сумнення, тут можна было пабачыць усё тое, чым багата душа сапраўднага беларуса.
Журы ацэньвала і пачастункі, і вытрыманасць стылю, і адпаведнасць традыцыям, і падачу, і забаўляльную праграму. Асаблівымі момантамі сталі конкурс галоўнай кулінарнай стравы “Трафей паляўнічага” і чэмпіянат па прыгатаванні дранікаў “Бульба-хіт” (з удзелам шэф-повара А. Чыкілеўскага), якія, безумоўна, з’ядналі членаў каманд і запалілі пачуццё сапраўднага спаборніцтва.
Вырашыць хто з канкурсантаў самы лепшы сярод бясспрэчна лепшых, было вельмі складана, бо кожны не проста вызначыўся асобным мастацкім стылем, але і відавочна ўклаў душу ў агульную справу. Гэта ацанілі не толькі члены журы, але і звычайныя гледачы. Ім таксама прадастаўлялася магчымасць акунуцца ў атмасферу шматвекавой беларускай самабытнасці, пакаштаваць нацыянальныя стравы, спытаць рэцэпты і сакрэты іх прыгатавання, зрабіць фотаздымкі ці відэа на памяць.
На працягу ўсяго дзеяння са сцэны гучалі музычныя творы ў выкананні народных калектываў раёна: ансамбляў песні “Млечны шлях”, “Ланская бяседа”, “Вяночак” і інструментальнага ансамбля народнай музыкі “Зараніца”.
Пасля ўсіх спаборніцтваў увагай прысутных завалодаў госць свята — кіраўнік Гільдыі шэф-павароў Беларусі Аляксандр Чыкілеўскі. Каля га- дзіны ён стасаваўся з аматарамі хатняй кухні і проста жадаючымі, право- дзячы майстар-клас па прыгатаванні стравы з бульбы — капыткоў са смажаным бяконам, цыбуляй і грыбамі. Гледачы з цікавасцю слухалі майстра кулінарнай справы і задавалі яму свае пытанні. А ён у сваю чаргу ў дэталях каментаваў працэс і дзяліўся гісторыямі з уласнага прафесійнага вопыту. У завяршэнні сустрэчы кожны змог пакаштаваць гатовыя гарачыя капыткі.
Фінальнай кропкай фестывалю, як мае быць, стала ўзнагароджанне. У конкурсе “Шчыра вітаем…” прызавыя месцы занялі ААТ “17 Верасня” і “Нясвіжскі райаграсэрвіс”, “СВК “Агракамбінат Сноў”. Аднак, журы прыняло рашэнне адзначыць адзін з падворкаў дыпломам “Гран-пры”, бо ў арыгінальнасці афармлення, дызайне і стылёвай афарбоўцы яму не было роўных. Чый гэта падворак — пакуль інтрыга. Дыплом пераможцы будзе ўручаны на раённым свяце Зажынак. Што датычыцца чэмпіянату “Бульба-хіт”, то ў выніку заўзятай барацьбы першай стала каманда ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”, другое месца — у Нясвіжскай доследнай станцыі па цукровых бураках, а трэцяе — у каманды “Гарачы пацалунак”. А вось самай смачнай і арыгінальнай стравай у конкурсе “Трафей паляўнічага” стаў асётр, фаршыраваны свінінай. Яго прадставілі кулінарныя майстры-першамайцы.
У гэты святочны дзень Нясвіж поўніўся музыкай, спевамі і прыўзнятым настроем людзей, які міжволі адчуваўся ў разагрэтым ліпеньскім паветры. Уздоўж сцежак парка працавалі гульнявыя пляцоўкі, выставы майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і выстава рэтра-аўтамабіляў, а таксама гандлёвыя рады, дзіцячыя атракцыёны і палявая кухня. Асобную пляцоўку занялі цэнтр дзіцячага мастацтва Нясвіжскага раёна і маладзёжны цэнтр, якія падрыхтавалі майстар-класы па рукадзеллі, квэсты і забаўляльныя праграмы для дзяцей і падлеткаў. Аб бяспецы малодшаму пакаленню і іх бацькам напомніла каманда юных выратавальнікаў-пажарных, вучняў 4-й гарадской школы.
Калі ж дзённая спякота спала і надышлі першыя хвіліны змяркання, у дворыку Радзівілаўскага палаца разгарнуўся святочны гала-канцэрт “Квітней, Радзіма, пад небам жураўліным!”. Спачатку на сцэне амфітэатра адбылася тэатралізаваная канцэртная праграма “Роднай зямлі прысвячаецца…”, якую віншавальным зваротам адкрыў старшыня райвыканкама Аляксандр Ломскі. Адметнасцю усёй праграмы стаў арыгінальны рэжысёрскі ход — пескаграфія (маляванне пры дапамозе пяску, ці канкрэтна — пясочная анімацыя) на галоўным экране: працэс з’яўлення замалёвак пад пранізлівыя словы дыктара адназначна прыцягваў увагу гледачоў і захопліваў навізной і шчырасцю. Гэта дзейства змянялі лепшыя артысты Нясвіжчыны — ад самых маленькіх выступоўцаў да ўжо вядомых народных калектываў. Патрыятычныя, лірычныя і народныя песні і танцы — кожны нумар быў цалкам прадуманы і добра падрыхтаваны. Бурныя апладысменты і шматлікія воклічы захаплення былі гэтаму пацвярджэннем.
Пасля 22 гадзін вечара пачаўся “Песенны мікс” — эстрадная канцэртная праграма, якая парадавала прысутных добра вядомымі песнямі і яшчэ болей падцяпліла настрой. А лагічным фіналам урачыстасці сталі эфектнае лазернае шоу, рэспубліканская акцыя “Праспяваем Гімн ра- зам” і традыцыйны святочны салют.
Агульнымі намаганнямі кожнага, хто быў да гэтага датычны, Дзень Рэспублікі ў Нясвіжы атрымаўся маляўнічым і запамінальным.
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.
Фота Дарыны МІТРАКОВАЙ
і Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!