Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 10 °C

Галіна Рыбалтоўская: …А мы працуем

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

За нашымі граніцамі штарміць. У ваенным, палітычным і эканамічным плане. Выпешчаная сучаснай палітычнай элітай Захаду ідэалогія чалавеканенавісніцтва, гегеманізму і расавай дыскрымінацыі, эканамічнага гнёту акунула і працягвае апускаць народы ў хаос, беднасць ці галечу. У багатай дагэтуль Еўропе паліцы магазінаў пусцеюць. З-за санкцый супраць Беларусі і Расіі кошт прыроднага газу ўзняўся на біржы вышэй чым 3200 долараў за тысячу кубаметраў, а яшчэ ў пачатку мінулага года ён быў 300 — 400 долараў. Цана на электраэнергію ў Германіі перавысіла 700 еўра за мегават-гадзіну — гэта ў 14 разоў больш сярэдняга паказчыка за апошнія пяць гадоў. З-за недахопу мінеральных угнаенняў зніжаецца ўраджайнасць культур. Не згодныя з палітыкай кіраўнікоў сваіх дзяржаў, выходзяць на пратэсты фермеры, работнікі іншых сфер. Як сведчаць аналітыкі, такога эканамічнага заняпаду ў Еўропе не было з часоў Другой сусветнай вайны. А беларусы ў гэты час спакойна займаюцца сваімі паўсядзённымі справамі. Сеюць, жнуць, косяць, дояць кароў, будуюць жыллё… Як працуецца сёння нашым аграрыям, з якімі думкамі, надзеямі, планамі? Аб гэтым мы пагутарылі з галоўным заатэхнікам ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” Галінай Рыбалтоўскай. Галіна Віктараўна апавядае:



— Я не магла спакойна глядзець, як італьянскія фермеры ў знак пратэсту супраць рашэнняў сваіх улад вылівалі з бідонаў малако на асфальт перад будынкам адміністрацыі. Іх праца аказалася нікому не патрэбна з-за палітычных амбіцый і няўдалага кіраўніцтва. Гэта такі крык душы! І ніякай у нас злараднасці няма, наадварот — шкада простых людзей, працаўнікоў. Пра іх ніхто ў высокіх кабінетах не думае.

Мы ж паступова нарошчваем вытворчасць і рэалізацыю сельгас- прадукцыі. Закончыўся жнівень, і можна прааналізаваць, чаго за восем месяцаў 2022 года дабіліся жывёлаводы нашага адкрытага акцыянернага таварыства. Малака надаілі 7309 тон — на 506 тон больш, чым было за аналагічны перыяд летась. Тэмп росту склаў 107,4 %. Сярэдні надой на адну фуражную карову — 6423 (+381 кг). Лепшыя паказчыкі ў калектыва МТФ “Макашы”: прадуктыўнасць каровы тут 7262 кг (плюс 514 кг да леташняга), валавы надой малака дасягнуў 2350 тон. Узначальвае гэту ферму вельмі добрасумленны, старанны, адказны чалавек, патрабавальны кіраўнік — Яніна Гецман.

Варта адзначыць і іншых працаўнікоў малочнай галіны. Гэта загадчык МТФ “Астроўкі” На-       дзея Сукала, аператары машыннага даення з гэтай жа фермы Галіна Сухава, Галіна Валуевіч, Ала Несцяровіч і Кацярына Батчанка, аператар рабатызаванай фермы “Макашы” Генадзь Камера.

У гаспадарцы прыкметна вырасла таварнасць малака. За 8 месяцаў яна склала 93,6 % — на 2 % больш мінулагодняга. Дзякуючы строгаму захаванню тэхналогіі даення і захавання малака, утрыманню кароў у належным стане, кантролю за іх здароўем, 94 % малака прадаём гатункам “экстра”.

Мы пастаянна абнаўляем тэхналогію вытворчасці, умовы працы людзей. У вёсцы Макашы дзейнічае рабатызаваная ферма. У аграгарадку Астроўкі тры гады таму запрацавала новая МТФ з даільнай залай. Сёлета ў вёсцы Прасці зда-дзім першую чаргу малочнатаварнага комплексу на 800 галоў. Сюды нядаўна паступіла даільнае абсталяванне германскай фірмы “Вестфалія” — “Паралель 2х16”. У верасні яно будзе зманціравана, і пачнём запаўняць кароўнік жывёлай.

А будаўнікі прадоўжаць сваю справу на другой чарзе аб’екта. Здача ўсяго комплексу запланавана на лета 2023 года. І мы будзем атрымліваць яшчэ болей малака.

Займаюцца нашы жывёлаводы і вытворчасцю ялавічыны. З пачатку года яе атрымалі 480 тон — на 5 тон больш леташняга.

Працаўнікі “Нясвіжскіх Астровак” ганарацца збожжавай нівай гаспадаркі, кожны гектар якой даў сёлета па 77,6 цэнтнера адборнага зерня. Такога ўраджаю на іх землях яшчэ не было. Вось вынік удумлівага, планамернага, дбайнага гаспадарання, клопатаў пра родную зямлю кожнага вяскоўца.

Усяго ў гаспадарцы намалочана сёлета 9704 тоны збожжа. Здаўшы неабходную колькасць дзяржаве, астатняе засыпалі на ўласныя патрэбы, у т.л. на фураж. Частка ідзе на давальніцкай аснове Баранавіцкаму збожжапрыёмнаму прадпрыемству для прыгатавання камбікорму каровам МТФ “Макашы”, іменна для рабатызаванай дойкі. Частку мелюць ва ўласным млыне і з дабаўленнем сланечнікавага і рапсавага шроту, кармавых дрожджаў і прэміксаў рыхтуюць кармасумесі з сенажом ці сіласам для ўсяго пагалоўя.

Як і да ўсіх сельскагаспадарчых работ, у акцыянерным таварыстве вельмі адказна ставяцца да нарыхтоўкі кармоў. Ствараюць іх паўтарагадовы запас — такая страхоўка абавязковая на выпадак непрадбачных абставін. Сёлета назапашана 3116 тон кармавых адзінак, гэта 42 % да задання. На адну ўмоўную галаву жывёлы прыпадае па 12 цэнтнераў кармавых адзінак. Заклалі 546 тон сена, план па ім выканалі, але нарыхтоўку працягвалі. Маюць амаль 9,4 тысячы тон сенажу. На мінулым тыдні прыступілі да закладкі сіласу з кукурузы. Апошняй з гэтай мэтай скосяць 470 га, 150 га пойдзе на зерне. На кормаўборачным камбайне распачаў новы этап сельгасработ механізатар Аляксандр Сукала.

 

Тысяча кубаметраў прыроднага газу абыходзіцца зараз гаспадарцы

ў 714,26 руб., або, для параўнання

з ЕС, 285,7 долара. На пачатак 2021 г. было 276,68 долара.

За 1 кілават-гадзіну электраэнергіі плацяць 26 капеек.

У студзені 2021 г. было 24 кап.

 

 

Адначасова ствараецца падмурак ураджаю-2023. Пасеяўшы азімы рапс, перайшлі да азімых збожжавых. На ворыве глебы заняты Кірыл Зуй і Юрый Манулік на трактарах МТЗ-3522. Перадпасяўную яе працоўку АКШ вядуць Аляксандр Цвірка і Віктар Камёнка. Сеялку вывеў у поле механізатар Віктар Люмін.

— Усё ў нас ладзіцца, усё добра, — з задавальненнем сцвярджае Галіна Рыбалтоўская. — І земляробы, і жывёлаводы вырашаюць адну агульную задачу: забяспечваць харчовую бяспеку. Толькі б так было і далей. Мір, спакой на зямлі, стваральная праца беларусаў! Працаваць трэба добрасумленна і напружана. Расслабляцца нельга ні ў якім разе. У свеце ідзе вялікая эканамічная вайна, і мы проста не маем права пацярпець у ёй фіяска.

Я пацікавілася ў Галіны Віктараўны:

— Калі б Вам давялося ўдзельнічаць у сацыялагічным даследаванні “Сацыяльнае мысленне пад санкцыйным рэжымам”, якое нядаўна праводзіў беларускі аналітычны цэнтр ЕсооМ, як бы адказалі на пытанне “У якім накірунку, на Вашу думку, у цяперашні час развіваюцца падзеі ў Беларусі?”?

— Адказала б: у правільным накірунку.

— А на пытанне “У якой ступені вы давяраеце Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь?”?

— Я была б у ліку тых 76,3 % беларусаў, якія давяраюць нашаму кіраўніку дзяржавы. А як жа інакш?! Беларусь пад яго кіраўніцтвам трымае правільны палітычны курс. Усё робіцца ў інтарэсах народа. А зроблена ў нас вельмі шмат, асабліва калі параўноўваць з дзевяностымі гадамі, калі пасля развалу Савецкага Саюза Беларусь — асколак велізарнай супердзяржавы — засталася ні з чым. І наш мудры і мужны народ пабудаваў сваю новую, суверэнную дзяржаву. Мы развіваем навейшыя тэхналогіі ў розных сферах, выпускаем прадукцыю, своечасова атрымліваем зарплату і пенсію, узводзім новае жыллё, маем бясплатную медыцыну і адукацыю… Жыццё вёскі ідзе па шостай па ліку праграме адраджэння і развіцця сяла. Вёску захавалі. Поўнасцю вырашылі пытанне харчовай бяспекі краіны. Паўтаруся: мы жывём у мірнай і прыгожай краіне. Трэба цаніць тое, што ёсць. Берагчы мір, незалежнасць і моц нашай дзяржавы.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!