Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 4 °C

Чалавек у кантэксце эпохі

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 2

Пост опубликован: 25.09.2022

Гэтыя радкі з’явіліся на свет пасля таго, як у мае рукі трапіла ладная кніга ў цвёрдай вокладцы.

Залітае шчодрым сонцам жытнёвае поле. Золата збажыны аблямавана хваёвым пералескам, а над ім у светлым блакіце неба плыве чародка белых аблокаў. Пасярод поля ўздымаюцца тры словы: ЖИЗНЬ… ЛЮБЛЮ… БЕЗМЕРНО… Злева, уверсе партрэт мужчыны сталых гадоў, пра што сведчыць сівізна і ледзь прыкметныя маршчыны. Правільныя, злучаныя ў прывабны вобраз рысы твару. Чорны пінжак, белая кашуля і гальштук гавораць пра няпростасць і значнасць асобы. Крыху прыжмураныя вочы не ўзіраюцца ў аб’ектыў камеры, а імкнуцца процістаць сонечным промням, смела глядзяць уперад, можа нават, у невядомую далёкую будучыню. На зваротным баку вокладкі таксама збажына, стужка хваёўніка і нябёсаў. Пасярэдзіне поля словы:



— Хотел бы дать только один совет моим детям, внукам, близким, друзьям и товарищам — пре- одолевать все невзгоды и продолжать свой путь, утешаясь, что всё могло бы быть иначе, возможно, сложнее. В своей жизни я всегда следовал этому правилу, что помогало мне в любых обстоятельствах не терять способности радоваться и любить жизнь. (Владимир ДРАЖИН).

Лёс і жыццё У.Н. Дражына — гэта шэраг яскравых сведчанняў і ілюстрацый не толькі яго асабістага жыццёвага шляху, але і старонкі гісторыі нашай краіны. З глыбокай сардэчнасцю ён піша пра бацькоў і сясцёр, родныя старадарожскія мясціны, свой радавод і паходжанне свайго прозвішча. Гэты раздзел аўтар выклаў на матчынай мове. У сувязі з гэтым прыпамінаецца, з якой прыхільнасцю ў першыя гады незалежнасці нясвіжская інтэлігенцыя ўспрымала выступы Уладзіміра Несцеравіча на прыгожай беларускай мове.

Дзякуючы надзвычай вострай памяці Уладзімір Несцеравіч узгадвае сотні людзей, якія ішлі побач з ім па жыцці, у выніку чаго непазбежна частае для аўтабіяграфічнага твора “Я” патанае сярод шматлікіх падзей і імён. У той жа час падаецца выключна ўдалым і абгрунтаваным усім зместам кнігі загаловак “Человек в контексте эпохи”.

У.Н. Дражын не замоўчвае горкай гістарычнай праўды, калі распавядае пра тое, як яго бацьку падлеткам вывезлі ў Германію, дзе Несцер Іванавіч спазнаў пакуты фашысцкіх канцлагераў. Пасля вызвалення амерыканскімі войскамі, нягледзячы на папярэджанне аб непазбежных рэпрэсіях, Несцер Іванавіч марыў толькі аб вяртанні на Радзіму. Разам з другімі небаракамі яго прагналі пешшу 1600 км (!!!) да горада Ковеля, затым павезлі ў Данбас. Праца ў шахце была неймаверна цяжкай, але асабліва лю- дзей даймаў голад. Брат яго жонкі С.С. Германчук, франтавы разведчык, кавалер мноства баявых узнагарод, разумеючы, што зняволенага сваяка чакае непазбежная смерць, накіраваўся ў Макееўку і дамогся, каб швагра вызвалілі пад яго распіску.

Пры іншым раскладзе ці давялося б нарадзіцца на свет здольнаму вучню, якому адразу па заканчэнні сярэдняй школы даверылі выкладаць матэматыку ў 8-годцы вёскі Прусы? Ці прыйшлося б камсоргу танкавага падраздзялення сумаваць аб немагчымасці паехаць   на экзамены ў інстытут з-за па- дзей у Чэхаславакіі? І наогул ці меў бы месца ў далейшым лёсе У.Н. Дражына даўжэзны шэраг далёка неардынарных падзей?

“Кантэкст эпохі” мяняўся ў наступныя гады самым нечаканым чынам. У 1988 г. упершыню ў гісторыі Беларусі прайшлі выбары на альтэрнатыўнай аснове. Гэта адбылося ў Нясвіжы, дзе першым сакратаром райкама партыі быў абраны У.Н. Дражын.

Час паказаў, што была зроблена стаўка на чалавека з вялікім патэнцыялам кіраўніка. Нясвіжчына заўжды была трамплінам для многіх савецкіх і партыйных функцыянераў, дзе яны набіраліся жыццёвага і прафесійнага досведу. Яны найбольш засяроджваліся на пытаннях сельскагаспадарчай вытворчасці. А Уладзімір Несцеравіч — адзіны з тых, каго ў свой час называлі “першым” ці “гаспадаром раёна”, — мог дазволіць сабе такое выказванне: хлеб, малако і мяса на Нясвіжчыне былі і будуць заўсёды, а пра культуру трэба клапаціцца тэрмінова. І сапраўды — пытанні культуры знаходзіліся ў цэнтры яго ўвагі, калі ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама, віцэ-прэм’ерам урада.

Нельга не ўзгадаць і плённую міжнародную дзейнасць Ула-дзіміра Несцеравіча. Дыпламат таіўся ў глыбіні яго істоты на працягу ўсяго жыцця. Учыняць разносы, прыніжаць  годнасць падначаленых, дапускаць брыдкаслоўе — гэта было не для яго. Наадварот, яму заўжды была ўласціва павага да чалавечай асобы, а таксама няспешнасць і разважлівасць ў прыняцці рашэнняў, прага да новых ведаў, настойлівасць пры дасягненні пастаўленай мэты. Ва ўсім гэтым і асабліва ў важкім унёску Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла ў Літве і па сумяшчальніцтву ў Фінляндыі ў стварэнне станоўчага вобраза Беларусі на міжнароднай арэне, наладжванне добрасуседскіх стасункаў не толькі з названымі, але і іншымі краінамі пераконвае напісаная Уладзімірам Дражыным кніга “Беларусь — Финлядия: в часе полета”.

Як аўтар гэтых радкоў хачу ўзгадаць адзін з самых незабыўных момантаў жыцця, калі я з заміраннем сэрца, не могучы стрымаць слёз, слухаў паланэз Агінскага — на мой погляд, адзін з самых бліскучых музычных твораў ва ўсім свеце — на першым нацыянальным фестывалі “Музы Нясвіжа”. Зноў жа, я ніколькі не сумняваюся, што рашэнне аб правядзенні такога цудоўнага мерапрыемства прымалася не без уліку таго, што найлепш справіцца з яго арганізацыяй зможа такі кіраўнік, як У.Н. Дражын.

Спадзяюся, што, прачытаўшы гэтыя радкі, Уладзімір Несцеравіч будзе надзвычай усцешаны тым, што яны напісаны чалавекам, які меў з ім толькі некалькі выпадковых асабістых сустрэч, якога ён не прызначаў на высокія пасады, якому не ўручаў ніякіх узнагарод.

Неаднойчы, працуючы перакладчыкам, з нязменным пачуццём гонару за гісторыю маёй Бацькаўшчыны, я праводзіў замежных гасцей па шыкоўных залах палаца Радзівілаў, і калі-нікалі на нейкае імгненне засяроджваўся на думцы, што ўсё гэтае хараство вернута з нябыту і сёння паўстае перад вачыма наведвальнікаў з розных куткоў свету, дзякуючы намаганням таленавітага і няўрымслівага чалавека Уладзіміра Дражына.

Шкада, што продкам Ула-дзіміра Несцеравіча не прыйшлося хоць краем вока, хоць бы на фотаздымку, пабачыць свайго нашчадка ў чорным смокінгу на дыпламатычным прыёме. Вельмі гожа яму пасуе гэты смокінг — нібыта ён ў ім нарадзіўся!

Каму яшчэ, як не такому джэнтльмену, уздымаць чарговую цаліну і распаўсюджваць па абшарах Беларусі арыстакратычны від спорту пад назвай гольф! За апошнія восем гадоў з’явіліся палі і пляцоўкі для міні-гольфа ў розных гарадах і навучальных установах.

Я ўжо збіраўся ставіць кропку ў гэтым аповедзе, але падумаў, што было б не зусім правільна абмежавацца пералічэннем старонак няхай сабе і надзвычай багатай біяграфіі Уладзіміра Несцеравіча, не ўзгадаўшы самых блізкіх яму людзей. Найперш, Тамару Цімафееўну, яго верную спадарожніцу на працягу ўжо цэлага паўстагоддзя. Да яе, на мой погляд, вельмі падыходзіць выказванне з Псальмаў Давіда: “Жонка твая, як лаза плодная ў доме тваім, сыны твае, як галіны алівы”.

Сын Дражыных Вадзім і дачка Вольга абралі прафесіі, звязаныя з архітэктурай і будаўніцтвам, і плённа працуюць дзеля таго, каб беларуская сталіца мела свой дастойны і непаўторны выгляд сярод гарадоў цывілізаванага свету. Унук Вадзім у гэтым годзе стаў студэнтам факультэта будаўніцтва. Яшчэ чацвёра ўнукаў з’яўляюцца навучэнцамі мінскай гімназіі № 7, а самая маленькая Даша толькі пайшла ў дзіцячы садок.

Тры пакаленні Дражыных размясціліся на розных ступеньках узроставай лесвіцы, але, мне здаецца, што ўсе яны мерна рухаюцца ў адным напрамку, каб збываліся словы наймудрэйшага цара Саламона: “Вянок старых — сыны сыноў і слава дзяцей бацькі іхнія”.

Я рады, што магу ад усёй душы павіншаваць Уладзіміра Несцеравіча з 75-годдзем і пажадаць яму шчодрых Божых дабраславенняў на доўгія гады.

Уладзімір БРУЙ,

Нясвіжскі раён.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!