Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 5 °C

Жыццёвыя шляхі-дарогі Міхаіла Гацілы

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 1

Пост опубликован: 11.09.2022

Шмат гадоў прайшло з той пары, як апошні савецкі салдат пакінуў зямлю Афганістана. Дзевяцігадовы тэрмін

шматпакутнай вайны ў краіне з камяністымі пустынямі і сухімі стэпамі, дзе большую частку тэрыторыі займаюць горы

і пласкагор’і, дзе амаль кожны абстрэл заканчваўся калецтвам ці гібеллю чалавека. Гэта быў час, калі салдацкія маці месяцамі не ведалі, дзе служаць іх дзеці, і бачылі толькі нумар вайсковай часці на канвертах і ў лістах, якія прыходзілі адразу па некалькі штук, са словамі сына-салдата: «Добры дзень, родныя.



Як у вас справы? У мяне ўсё добра…».

Тыя салдаты даўно ўжо самі сталі бацькамі. І дзеці іх часам толькі здагадваюцца, што прыйшлося ім перажыць там,

у абстрэлах і баях, падчас цяжкіх пераходаў па дарогах між цяснін і гор, дзе за кожным валуном мог хавацца душман,

а слупок тэрмометра паднімаўся да адзнакі +50°С…

У выданні Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея

«Воінам-інтэрнацыяналістам прысвячаецца» пад рубрыкай

«Яны прайшлі дарогамі вайны» размешчаны фотаздымак

нашага земляка Міхаіла Гацілы. На ім — малады чалавек

з аўтаматам у руках, у суровым позірку якога застыла сталасць, якая не зусім адпавядала яго юнацкаму ўзросту…

З тых страшных дзевяці гадоў роўна два ўпісаны ў юнацкую біяграфію героя гэтага аповеду.

Міхаіл Пятровіч разумее горыч страт, якія панеслі воіны-інтэрнацыяналісты ў час баявых аперацый, калі на працягу сваёй ваеннай службы нават не ўспаміналі пра ўласны дзень нараджэння, бо трэба было проста выжыць у тых, іншы раз нечалавечых, абставінах і вярнуцца на радзіму. Сёння мой суразмоўца час ад часу ўзважвае мінулае і сучаснае шматпакутнага Афганістана, які і зараз жыве ў трывожных снах і ўспамінах удзельніка баявых дзеянняў. Не сцерці з памяці тое, як многа чалавечых жыццяў залежала ад яго, радавога салдата, які адказваў за спраўнасць тэхнікі, што ўдзельнічала ў доўгіх пераходах і баях. А ў тэхніцы радавы Гаціла толк ведаў…

Нарадзіўся Міхаіл Пятровіч у вёсцы Малева, у звычайнай сялянскай сям’і.

— Вучыўся я ў Карцэвіцкай школе. Пасля васьмі класаў вырашыў паступаць, — расказвае мой суразмоўца. — Выбраў СПТВ у Новай Мышы Баранавіцкага раёна. Па абранай спецыяльнасці тры гады трэба было вучыцца на трактарыста-машыніста шырокага профілю. Помню, што веды давалі нам добрыя — мы навучыліся разбірацца не толькі ў транспарце, але і ў сельскагаспадарчых агрэгатах (сеялках, капалках і іншым), авалодалі пытаннямі агранаміі, вывучылі многія культуры. Наша СПТВ выпускала і ва- дзіцеляў «цягачоў», якія ў той час ездзілі ў Сібір. Некаторыя хлопцы атрымлівалі спецыяльнасць каваля. У дзяўчат свае спецыяльнасці былі — повар, швачка, даярка.

У 1980 годзе, атрымаўшы прафесію, я прыйшоў у родны калгас «Радзіма» на практыку. А праз некалькі месяцаў, 22 кастрычніка, атрымаў павестку з ваенкамата.

З нашага раёна разам са мной яшчэ некалькі хлопцаў прызываліся ў армію.

Некалькі сутак мы чакалі размеркавання ў абласным ваенкамаце. А пасля, атрымаўшы сухпаёк, селі ў «Ікарусы» — і нас павезлі на вакзал. Пазней мы ўжо даведаліся, што каманда наша адпраўлена на поўдзень.

Па дарозе да месца службы фарміравалі новыя чыгуначныя саставы, дабаўляліся навабранцы. За акном вагона праносіліся Масква, Ташкент, Кушка… Толкам нам нічога не гаварылі, але з кароткіх фраз афіцэраў было зразумела — зона баявых дзеянняў бліжэй і бліжэй. Акліматызацыю мы, навабранцы, праходзілі, за некалькі кіламетраў ад мяжы з Афганістанам. Начавалі ў вайсковай часці. Кансерва на дваіх і кавалак хлеба — увесь абед. Так было адзін дзень. А пасля — служба.

Я быў малога росту, худы на той час…

«Годны для службы ў танкавых войсках» — прагучала заключэнне ў мой адрас. І праз суткі мы пераехалі ў вучэбны цэнтр. Ноччу навічкам выдалі абмун-               дзіраванне (так званую «пясчанку» для маскіроўкі ў той мясцовасці). Уначы «падшываліся». Раніцай у форме нас было проста не адрозніць адзін ад аднаго.

У «вучэбцы»  знаёміліся з ваеннай тэхнікай. Многія навабранцы, як і я, вучыліся карыстацца зброяй. Пазней разам са мной былі хлопцы з Печаў з-пад Барысава. Яны на той час ужо прайшлі «вучэбку».

Цяпер мы ўсе дакладна ведалі: ідзём выконваць свой інтэрнацыянальны абавязак на вайну, якая на той час ужо доўжылася восем месяцаў… Сярод ваеннаслужачых былі беларусы, украінцы, грузіны, асеціны, рускія, узбекі, таджыкі…

Я служыў у складзе рамонтнай роты, дзе выконваліся самыя розныя работы, звязаныя з падрыхтоўкай і рамонтам тэхнікі.

Сонечны і чужы Баграм. Два гады службы ў Афганістане: жыццё ў палатках, кухня пад нацягнутай маскіровачнай сеткай, ахова аэрадрома і газаправода, што цягнуўся  ад Тэрмеза да Кабула, работа палкавых разведкі і сувязістаў, свіст куль над галавой у час абстрэ-лаў, пераходы праз высакагорны аднабаковы аўтадарожны тунэль Саланг, які знаходзіўся на вышыні каля 3,5 тысячы метраў над узроўнем мора, і на той час меў стратэгічна важнае значэнне (праз яго забяспечвалася бесперабойнае снабжэнне ўведзеных у Афганістан савецкіх войск) і мясцовы вецер у твар, які дзьмуў  цэлымі тыднямі — з пяском і пылам.

— Аднаго разу падчас пераходу на пад’ёме ў гарах нашу калону абстралялі.  Адзін з хлопцаў пры пераключэнні хуткасці ў машыне ў час спуску не справіўся з кіраваннем, і яго аўтамабіль рухнуў у бездань. Удар аб выступ скалы быў такой сілы, што барты і груз (а былі гэта мяхі са збожжам) разляцеліся ў розныя бакі, як трэскі. Вадзіцель жа застаўся жывы, але яму заціснула ногі. Вызваліцца сам ён не мог. Мы адразу кінуліся на дапамогу, але паступіла каманда адыходзіць і выконваць сваё заданне, бо ад яго выканання залежала жыццё многіх салдат. Прыйшлося вярнуцца. Але мы былі цвёрда ўпэўненыя, што нашы сваіх не пакідаюць…

Роўна праз два гады, дзень у дзень, кіламетры Саланга і горную мясцовасць Панджэрскай цясніны Міхаіл Гаціла ўжо мог назіраць праз ілюмінатар верталёта, які з кожнай хвілінай прыбліжаў яго да беларускай зямлі, да бацькоўскай хаты.

Нарэшце чужыя назвы мясцовасці змяніліся звыклымі, роднымі.

Малады мужчына, за плячыма якога былі сотні дзён жудаснага Афгана, вярнуўся да мірнай працы, стварыў сям’ю, разам з жонкай выгадаваў дваіх дзяцей. Яго доўгія кіламетры той далёкай вайны і горная мясцовасць паўднёвай краіны, куды ён трапіў 19-гадовым юнаком, змяніліся на працоўныя будні ў роднай Беларусі.

Сёння трактарыст лінейна-дарожнай дыстанцыі 651 Міхаіл Гаціла працуе ў філіяле «Дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне № 65» рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства аўтамабільных дарог «Мінскаўтадар-Цэнтр» Міністэрства транспарта і камунікацый Рэспублікі Беларусь. Маршруты Парачаны — Навагрудак — Нясвіж, Пяршаі — Івянец — Нясвіж, Клецк — Ляхавічы, Нясвіж — Цімкавічы, Асіповічы — Баранавічы, што пралягаюць праз Нясвіжскі, Капыльскі, Клецкі і іншыя раёны, і знаходзяцца на абслугоўванні дарожнага прадпрыемства, ён вывучыў уздоўж і ўпоперак.

Штодня, падрыхтаваўшы свой трактар, у кабіне якога працуецца з камфортам у любое надвор’е, Міхаіл Пятровіч адпраўляецца за дзясяткі кіламетраў, каб прыво- дзіць у парадак абочыны дарог. Часам спідометр яго «жалезнага каня» адлічвае за дзень і сотні кіламетраў. Работнік дарожнага прадпрыемства ўпэўнены, што ад падтрымання парадку на дарогах залежыць не толькі прыгажосць і дагледжанасць дарожных артэрый сталічнага рэгіёна, але і (што яшчэ важней!) бяспека ўдзельнікаў дарожнага руху, захаванне і паляпшэнне тэхнічнага ўзроўню праезджай часткі.

Абслугоўваючы і рамантуючы тэхніку, яго парадамі як добрага спецыяліста не раз карысталіся маладыя работнікі. А Міхаіл Пятровіч зноў і зноў адпраўляецца ў працяглыя рэйсы, якія, хоць і бываюць няпростымі, але маюць сваю рамантыку, лічыць мой суразмоўца. Гэта заўсёды адчуваецца і тады, калі тэлефануеш яму. Пазітыўны настрой на рабоце яшчэ ніхто не адмяняў. Ды і параўноўваць яму, былому «афганцу», які зараз працуе пад мірным небам, ёсць што з чым, лічыць ён. Міхаіл Пятровіч не шкадуе, што некалі сеў за руль трактара. З гадамі работа перарасла ў сапраўднае майстэрства. Па словах кіраўніцтва, тэхніку і замацаванае за ім абсталяванне ён захоўвае ў тэхнічна-спраўным стане, ведае і ўдасканальвае метады бяспечнай работы — нездарма ж столькі гадоў без заўваг з боку Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі.

А калі гаварыць пра вольны час героя гэтага аповеду, то яго практычна не бывае, асабліва летам. Кожная гадзіна размеркавана. Пасля рабочай змены Міхаіла Пятровіча чакае бацькоўская хата і надзел зямлі, які ён даглядае з гаспадарскім падыходам. Акрамя таго наш герой яшчэ і заўзяты рыбак — любіць адпачываць на вадаёмах роднай Нясвіжчыны, бо знаходзіць у яднанні з прыродай асаблівыя спакой і раўнавагу.

У наступным годзе Міхаіл Гаціла адзначае своеасаблівы юбілей — дваццаць гадоў працы ў дарожнай арганізацыі. За адданасць абранай справе і высокія вытворчыя паказчыкі ў мінулым годзе Міхаіл Пятровіч удастоены пачэснай узнагароды. Яму ўручылі нагрудны знак «Ганаровы дарожнік Беларусі»         ІІ ступені.

Сярод сваіх калег Міхаіл Пятровіч заўсёды карыстаўся і працягвае карыстацца павагай. Што тычыцца яго мар, то запаветным жаданнем заўсёды было, каб шчасціла дзецям, каб жылі яны пад мірным небам. А ён для гэтага зрабіў усё, што мог — годна выканаў свой воінскі абавязак, і сёння, як і заўсёды, дае дастойны прыклад добрасумленнай працы, любові да роднай зямлі.

Іна ВАСІЛЕВІЧ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!