Так цудоўна супала ў нашым беларускім календары, што на працягу сёлетняга Года гістарычнай памяці мы адзначаем 140-ю гадавіну з дня нараджэння класікаў нацыянальнага прыгожага пісьменства Янкі Купалы ды Якуба Коласа. Кожны беларус проста абавязаны прачытаць таленавітую спадчыну нашых Майстроў, нешта нават вывучыць на памяць, каб беларускасць засталася ў сэрцах назаўсёды. Нездарма вялікі Янка Купала адзначаў:
Не шукай ты шчасця, долі
На чужым, далёкім полі…
Непаўторна вялікі талент Янкі Купалы заззяў на золку ХХ стагоддзя, аднак і ў ХХІ стагоддзі яго самабытная класіка не страціла сваёй актуальнасці. Яму ўдалося стаць выказнікам самых запаветных дум і светлых надзей беларускага народа. Здаецца, што са школы кожны з нас помніць многае пра Песняра, аднак пачынаеш па-новаму перагортваць яго творы — і кожны раз адкрываеш для сябе нешта новае, цікавае, раней нязведанае. Міжволі праз яго вершы, паэмы, драматургію, публіцыстыку пачынаеш гутарыць з Чалавекам з вялікай літары, які, безумоўна, і сёння — наш сучаснік, наш духоўны спадарожнік. І гэта ўжо на стагоддзі: час не мае ўлады над напісаным ім!
Для мяне, грамадзяніна Беларусі, проста чытача, лірыка Купалы — сонейка, якое грэе душу і сэрца, пастаянна асвятляе тыя шляхі, якімі ішла айчынная літаратура да сучаснага росквіту. Паэт здолеў арганічна спалучыць у сваёй творчасці шырыню гістарычнага кругагляду з вострым адчуваннем сучаснасці. Купала стаў Прарокам, чыстым і непадкупным сумленнем беларусаў і беларусачак. Вобразы адважнага Гусляра, непакорнай і гордай Бандароўны, змагара за народнае шчасце Сымона Зябліка, вясковага настаўніка Якіма Сарокі, увасоблены ў дзяўчыне вобраз маладой Беларусі — усе яны назаўсёды ўжо прапісаны ў сэрцах удзячных нашчадкаў. Купала не толькі выйшаў з народа, стаў Народным паэтам, але і сам заставаўся з гэтым народам да апошніх дзён жыцця.
Заснавальнікам новай беларускай літатаратуры разам з Янкам Купалам стаў і Якуб Колас — народны паэт Беларусі. Асноўны змест яго твораў — жыццё і побыт, сацыяльны і нацыянальны прыгнёт беларускага народа, яго барацьба за свае правы, за лепшую будучыню. Ён здолеў даследаваць вострыя актуальныя праблемы сучаснасці, ажыццявіць філасофскі роздум над вечнымі праблемамі жыцця, уславіць духоўнае багацце і маральную прыгажосць беларуса, чалавека. Творы Якуба Коласа ўвайшлі выдатным здабыткам у культурную скарбніцу беларускага народа. У сваіх вершах, апавяданнях, паэмах, аповесцях, п’есах пісьменнік паказаў таленавітасць народа, яго звычаі, мараль, традыцыі, духоўную веліч і загартаванасць. Ён вырашыў або ўзняў праблемы агульнанароднага значэння. Паэмы “Сымон-музыка”, “Новая зямля”, “Рыбакова хата”, “Адплата”, аповесці “Дрыгва”, “На прасторах жыцця”, трылогія “На ростанях” сталі любімымі для чытачоў многіх пакаленняў.
“Новая зямля” па праву стала сапраўднай энцыклапедыяй народнага жыцця. І сама зямля-матухна, зямля-карміцелька ва ўсе стагоддзі хвалявала наш народ. І таму вобраз зямлі — вечны, красамоўны, надзвычай рэалістычны і эстэтычны. Услед за Купалам Колас дадаваў:
Зямля дасць волі, дасць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх не кіне,
Зямля — аснова ўсёй Айчыне.
Раю многім запомніць і залатыя слоўцы Якуба Коласа: “Няма ў чалавека нічога прыгажэй і даражэй за радзіму. Чалавек без радзімы — бедны чалавек”. Гэта прамы запавет тым, хто ўсё яшчэ адварочваецца ад Бацькаўшчыны, думаючы, што шчасце на чужыне.
Канстанцін КАРНЯЛЮК.