Меню
Курс $  3.07 | €  3.53 | ₽100  3.8 |
Погода 13 °C

Жыццёвы вопыт і мудрасць сям’і Паповых

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 2

Пост опубликован: 12.10.2022

У сям’і Марыі і Аляксандра Паповых з Грыцкевіч выхоўваюцца пяцёра дзетак. Марыя Аляксандраўна таксама прадстаўлена да дзяржаўнай узнагароды.

Знаёмцеся — Марыя Папова, мама двух сыноў і трох дачок. Іх мнагадзетная сям’я жыве ў аграгарадку Грыцкевічы. Як і ў многіх іншых шматдзетных сем’ях, у бацькоў практычна адсутнічае вольны час, але гэта зусім не праблема, бо для 32-гадовай Марыі не было нечым незразумелым тое, што ў такой сям’і ўсю сябе без астатку трэба аддаць ім, самым родным, самым любімым, самым-самым.



Адно з галоўных прызначэнняў жанчыны — дарыць жыццё. Марыя ў гэтым ніколі ні на хвіліну не сумнявалася. Сама яна вырасла ў вялікай сям’і.
— Для мамы я была першай памочніцай, — расказвае яна. — Нас, дзяцей, было шасцёра. Я старэйшая. Таму і адказнасць з маленства выхавалася, як у дарослай. Мама раненька бегла на ферму. А я з меншымі братамі і сёстрамі снедалі і ішлі ў школу, малых падводзілі ў садок.
Пасля дзевяці класаў вырашыла паступаць. Вучылася ў Баранавічах. Атрымала спецыяльнасці швачкі і мадэльера-канструктара. І для мяне яны аказаліся вельмі дарэчы.
Сапраўды, Марыя Аляксандраўна стараецца, каб яе маленькія прыгажуні-дачушкі апраналіся прыгожа, асабліва на святочныя дзеі — навагоднія ранішнікі, розныя ўрачыстасці, проста моднічалі. Ды і як іначай, у сям’і тры мужчыны. І хоць аднаму з іх усяго адзін годзік, а ўсё ж лічыцца з ім прыходзіцца. Вельмі ж любяць усе маленькага Сашку. А ён на пяшчоту кожнага адказвае вясёлай дзіцячай усмешкай.
Увогуле ў сям’і Паповых пануе атмасфера дабрыні. З таго дня, як амаль дзесяць гадоў назад позіркі Марыі і Аляксандра сустрэліся, а адбылося гэта, калі яна выганяла карову на ранку, а ён на трактары накіроўваўся на ферму, дзе працаваў, у маладых лю- дзей з’явіўся новы сэнс існавання.
Марыя практычна ўвесь час знаходзіцца дома, але ні кроплі не шкадуе, бо радасць, якую прыносяць зносіны з дзецьмі, не можа параўнацца ні з якой прэстыжнай работай. Загружанасць і турботы яе не пужаюць, бо падтрымку і дапамогу знаходзіць у мужа. Ім заўсёды цікава разам. Больш за 10 гадоў таму Аляксандр Пятровіч прыехаў у Беларусь з Расійскай Федэрацыі, і яна стала для яго другой радзімай.
Як толькі старэйшыя дзеці падраслі, сталі ўсёй сям’ёй выязджаць на прыроду адпачываць. Купацца і загараць любяць усе. А дома ў вольны час дзеці малююць, лепяць, чытаюць цікавыя кніжкі. Старэйшы Андрэй займаецца музыкай — іграе на баяне. Жэня захапляецца робататэхнікай. Для школьнікаў арганізавана наведванне басейна ў Снове.
“Захварэлі” Паповы і зімовай рыбалкай. Падлёдны клёў захапляе і саму Марыю. Для большага камфорту на возеры ставяць палатку і пачынаюцца сапраўдныя зімовыя прыгоды.
За рулём уласнага аўтамабіля — сама мама. Яе вадзіцельскі стаж складае больш за пяць гадоў. Ды і аўтамабіль даўно не лічыцца раскошаю, проста на колах мнагадзетнай маме лепш усё паспяваць зрабіць — купіць прадукты, наведаць гандлёвыя кропкі перад новым навучальным годам і інш. Добрым падспор’ем для сям’і Паповых служыць свой агарод і гаспадарка. Усё ж такі сем “я” пад агульным дахам патрабуюць асаблівай адказнасці.
Як і ва ўсіх вялікіх сем’ях, у гэтай шматдзетнай сям’і, выхаванне кожнага дзіцяці патрабуе сур’ёзных затратаў. Але матэрыяльны бок дапамагае вырашаць дзяржава.
Вядома, няпроста іншы раз спраўляцца з праблемамі, бо дзеці патрабуюць асаблівай увагі і клопату, самі стараемся разлічваць сілы і адчуваем пастаянную падтрымку, — дзеліцца Марыя Аляксандраўна. — У школе нашы дзеці забяспечаны бясплатным харчаваннем. У дзіцячым садку таксама маем льготы — уносім толькі пяцьдзясят працэнтаў аплаты за харчаванне, але і гэтую суму нам вяртае сельгаспрадпрыемства ААТ “Грыцкевічы”, дзе муж працуе механізатарам. Так што значная частка расходаў на дзяцей дзяржава ўзяла на сябе, але гэта не памяншае адказнасці нас, бацькоў.
У выхаванне кожнага дзіцяці, лічыць Марыя Аляксандраўна, трэба ўкладваць душу і сэрца. А яшчэ жанчыне трэба захоўваць сямейны ачаг, куды вяртаецца з работы гаспадар. А дома яго чакаюць шматлікія мужчынскія справы, якім ён вучыць старэйшага Андрэя. Дзяўчаткі Яўгенія і Уладзіслава дапамагаюць маме — напрыклад, пазбіраць за малодшым брацікам цацкі. Любіць уся сям’я, калі з кухні даносіцца водар свежай выпечкі. Бісквіты, торты, яблычны пірог, піражкі з капустай або рысам — перавагу аддаюць прысмакам, зробленым мамінымі рукамі. Так што адпачываць асабліва ёй няма калі.
Бывае толькі час, калі Марыя садзіцца за сваю швейную машынку, каб нешта падшыць з адзення, падрамантаваць замкі, пашыць фіранкі. Свае патрэбы ёсць ды і знаёмыя звяртаюцца. Тады ўжо трэба, каб дзеці не заміналі маме дзеля іх жа бяспекі. Таму чоўнік машынкі працуе больш па начах.
Так і праходзяць дзень за днем будні і святы Паповых, дзе выхаванне дзяцей адбываецца ў шчырай бацькоўскай любові.
У вялікай сям’і і цеплыні заўсёды больш, чым у маленькай — лічыць Марыя Аляксандраўна. Сама яна штодзень марыць пра час, калі іх вялікая сям’я будзе жыць у новым доме, будаўніцтва якога рухаецца штодзень. Участак для новабудоўлі выдзелілі тут жа, у аграгарадку. Адкрыла дзяржава для шмат- дзетнай сям’і і крэдытаванне.
Сваю мару мнагадзетная маці песціць ужо не адзін месяц. Планы ў гаспадыні самыя разнастайныя. А для палісадніка ўжо прыдумалі абавязковае добраўпарадкаванне з зялёным аксамітам высокіх туяў і пяшчотаю пялёсткаў ружаў, якія будуць радаваць не толькі іх сям’ю, але і ўсіх вяскоўцаў, як сімвал жаночай пяшчоты і мацярынскай дабрыні.
Іна ВАСІЛЕВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!