Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 7 °C

Педагагічная праца не церпіць абыякавасці

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 0

Гераіня нашага інтэрв’ю – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Нясвіжскай гімназіі Людміла Зубрыцкая. На раённым свяце, прысвечаным Дню настаўніка, Людміла Леанідаўна атрымала значную ўзнагароду за сваю шматгадовую плённую працу – нагрудны знак Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Выдатнік адукацыі». Мы вырашылі пагутарыць з педагогам, каб падрабязней даведацца пра яе прафесійны шлях і сакрэты настаўніцкага майстэрства.



– Людміла Леанідаўна, як Вы вырашылі, што хочаце быць менавіта настаўнiкам?
– Мабыць, як і ўсе дзеці, я любіла гуляць ў школу. Мы збіраліся разам з сяброўкамі, ставілі сталы, стулы, майстравалі дошку з вялікіх лістоў паперы і гулялі. Канешне, кожная з нас хацела быць настаўніцай. Таму рабілі мы гэта па чарзе. (Дарэчы, дзве мае сяброўкі таксама сталі настаўнікамі). Пасля заканчэння 8 класаў я паступіла ў Нясвіжскае педагагічнае вучылішча. Гэта выдатная педагагічная ўстанова, якая дала не толькі веды, але навучыла нас, будучых настаўнікаў, любіць і цаніць сваю прафесію.
– Што садзейнічала выбару прадмета?
– Чаму вырашыла стаць менавіта настаўнікам беларускай мовы і літаратуры?
Напачатку я працавала настаўніцай пачатковых класаў, але пазней вырашыла паспрабаваць свае сілы па другой сваёй спецыяльнасці.
Калі я вучылася яшчэ ў школе ў мяне была выдатная настаўніца рускай мовы і літаратуры – Бушук Вольга Іванаўна. На яе ўроках мы сядзелі як зачараваныя, настолькі цікава расказвала яна на ўроках літаратуры. Безумоўна, мая цікавасць да літаратуры і мовы – гэта яе заслуга.
Чаму беларускай? Таму што лічу, што кожны беларус павінен ведаць сваю родную мову, літаратуру, гісторыю. Упэўнена ў гэтым сама і хачу, каб гэта разумелі дзеці.
– Якія цікавыя выпадкі сустракаліся на Вашым прафесійным шляху?
– У гэтым годзе споўнілася 30 гадоў, як я працую ў школе. За гэты час былі розныя вучні: матываваныя і не вельмі, працалюбівыя і гультаяватыя. Але гэта дзеці, і наша задача зацікавіць iх сваім прадметам, паказаць значнасць, асаблівае месца і ролю – верыць ў гэта самому – і павераць дзеці. Калі гаварыць аб вопыце маёй работы (а ён ўжо ёсць, хочаш — не хочаш за столькі гадоў ён з’явіцца), то ніякага асаблівага сакрэту няма. Больш таго, тое што я скажу, ведае кожны. –
Адкуль бяруцца поспехі, дасягненні, перамогі?
•Трэба любіць і ведаць прадмет выкладання
•Пастаянна самому ўдаскасканальвацца, вучыцца, не спыняцца ў развіцці
•Ствараць на ўроках атмасферу добразычлівасці, узаемапавагі, узаемаразумення.
•Паважаць усіх вучняў і сябе як прадстаўніка ўсяго настаўніцтва.
•Пры гэтым усім пажадана мець пачуццё гумару і крышачку скептыцызму.
– Як Вы лічыце, што найважнейшае ў працы настаўнiка?
– Адзін з важных накірункаў ў сваёй дзейнасці бачу ў рабоце па падрыхтоўцы дзяцей да алімпіяды.
Часам калегі пытаюцца: «З чаго пачаць падрыхтоўку да алімпіяды?» Вядома, з дзяцей.
Вельмі цікава, і ў той жа час адказна браць 5 клас. Важна ўбачыць неардынарных вучняў, якія маюць добрую памяць, абстрактнае мысленне, прапаноўваць альтэрнатыўныя варыянты. Адным словам, убачыць маленькіх зорачак.
А калі вы ўжо знойдзеце такіх вучняў — зорачак, то будзьце гатовы працаваць з імі няспынна і нястомна, заўсёды вышукваць новую інфармацыю ў Інтэрнэце, кнігарнях, пастаянна сачыць за алімпіяднымі заданнямі ўсіх узроўняў, не мець свабоднага часу нават на канікулах, жыць тыднямі ў інтэрнатах … і нейкі вынік будзе абавязкова.
– Як дасведчаны выкладчык, чаго б Вы пажадалі маладым настаўнікам?
– Перш за ўсе, памятаць аб тым, што педагагічная праца не церпіць абыякавасці. Яна патрабуе ад настаўніка пастаяннага пошуку, натхнення, ініцыятывы і творчасці. Памятайце, што шмат у чым менавіта ад нас залежыць будучае пакаленне нашай краіны!
– Дзякуй, Людміла Леанідаўна! А Вас і ўсіх настаўнікаў мы віншуем з прафесійным святам і жадаем вам плёну!
Валерыя КОБАЗЕВА.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!