Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 10 °C

Пад шатамі дрэў векавых

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 0

Парк жыве, гарыць і дыша.
Як каралі на шнурах,
Скрозь дарожак ззяе-пыша
І калышацца ў агнях
Срэбра лісцяў на галінках
Старасвецкіх ліп, дубоў.
То — маёўка-вечарынка,
То — банкет-гульня паноў.
І спакойна, ціха, роўна
Блеск ільюць свой ліхтары
І сплятаюць так чароўна
Святло-цені на кары
Комляў тоўстых, нерухомых,
На галінках, на суках,
Бы застыў тут веснік громаў,
Блеск маланак на камлях…



Якуб КОЛАС.

Паэма “Сымон-музыка”.
Месца адпачынку, прагулак, спатканняў, рэлаксацыі, спартыўных і культурных мерапрыемстваў, вывучэння батанікі і садова-паркавага дызайну, прадмет любавання і захаплення… Усё гэта, а магчыма, і яшчэ штосьці — асаблівае, патаемнае — нясвіжскія паркі. Маўклівыя або шумлівыя, зялёныя, залацістыя або беласнежныя — яны ў любую пару года мілыя сэрцу кожнага.
Калі гуляеш па іх алеях, гладзіш шурпатую кару векавых дрэў, любуешся ніцымі срэбранымі вербамі, цяжка ўявіць, што некалі тут, па абодва берагі Ушы, проста была голая раўніна, з забалочанай поймай ракі. І пакуль узнікнуць гэтай беларускай пярлінцы — Нясвіжскаму парку, былі праведзены патрэбныя гідратэхнічныя работы па рэгуляванні воднага рэжыму сажалак, па асушэнні балот, зроблена нівеліроўка паверхні глебы.
Ініцыятарам закладкі парку была Марыя Дарота дэ Кастэлян, жонка князя Антонія Вільгельма Радзівіла. Першым дрэвам, пасаджаным у 1875 годзе на левым беразе сажалкі Дзікай, на месцы базарнай плошчы, была канадская таполя. У 1878 г. быў закладзены Стары парк. Пра тыя часы сведчыць камень з надпісам: “На ўсёй прасторы парку ў момант яго закладкі знаходзілася толькі гэтая таполя”. Ландшафтныя кампазіцыі Старога парку (ці Азярыны) пабудаваны на паслядоўна размешчаных палянах — Спартыўнай, Цэнтральнай і Выставачнай. Тут шмат алей — кляновая, ліпавая, каштанавая, грабавая. Іншыя дрэвы высаджаны групамі. Яны падабраны па вышыні, па форме кроны, па афарбоўцы лісця; іх акружаюць кусты. Гэтыя пейзажы настолькі сталі прывычнымі нашым вачам, што мы не заўважаем нейкіх спецыфічных асаблівасцей. А вось для спецыялістаў, для прафесіяналаў ландшафтнага дызайну яны з’яўляюцца высокай планкай майстэрства.
Старая таполя на Выставачнай паляне жыла 129 гадоў. Яна не ўстаяла перад штармавым ветрам 18 лістапада 2004 года.
У 1905 годзе на ўсходніх берагах сажалак Дзікая і Замкавая была закончана закладка Новага (Марысінага) і Англійскага паркаў. У 1911 — 1914 гг. разбілі Японскі парк, зрабілі пасадкі на Паповай горцы. Але работы не былі закончаны, бо пачалася Першая сусветная вайна.
Саджанцы для нясвіжскіх паркаў прывозілі з Берлінскага гадавальніка князёў Радзівілаў, з лясоў і гадавальнікаў Вінклераўскага і Навінкаўскага лясніцтваў. Батанічная калекцыя налічвае каля 180 відаў драўнінна-хмызняковых парод, у іх ліку — альха, ясень, клён, вярба, ліпа, елка, глог, спірэя, акацыя, дзікі вінаград, бузіна, парэчкі. З іншых месцаў былі пераселены елка калючая, елка Энгельмана, піхта аднаколерная, сасна Веймутава, сасна горная, клён ясенелістовы, клён-явар, клён серабрысты, барбарыс Тунберга, айва японская, чаромха віргінская. Травяное покрыва прадстаўлена 90 відамі раслін. Несвіжане і госці горада любяць фатаграфавацца на фоне бялюткіх і блакітных дываноў з вясновых першацветаў, прыгожага пахучага язміну, сарамліва, бы вейкі ў цнатлівай дзяўчыны, апушчаных долу галін ніцай вярбы, ці проста пад шатамі векавых дрэў.
Адкрываецца наш цудоўны зялёны ансамбль Замкавым паркам. Ён пачынаецца ад цэнтральнага ўваходу, ад вуліцы Міцкевіча, ажурнымі варотамі. Справа ад іх стаіць будынак старажытнай вартоўні. Да замка ідзеш па дамбе, і суправаджаюць цябе магутныя дрэвы. Яны і далей утвараюць сапраўдны зялёны шацёр. Збягаюць ад аб’язной, вакол замка, дарогі да воднай гладзі сажалкі. У розныя часы па-рознаму выглядаў парадны двор замка. Але заўсёды — па-асабліваму, дыхтоўна.
Нясвіжскія паркі служаць цудоўным абрамленнем воднага люстэрка рукатворных сажалак, якія каскадам месцяцца на русле Ушы. Бернардзінская, замкавая, Дзікая. На іх здалёк бачны белыя постаці гордых лебядзяў, шэра-карычневымі камячкамі снуюць дзікія качкі…
Ахопліваючы ўсё гэта позіркам, прахожыя шчыра захапляюцца:
— Якое хараство!
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
г. Нясвіж.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!