У лік перадавых гаспадарак нашага раёна, якія ўжо не першы год дабіваюцца найвышэйшага выхаду збожжа на адзін балагектар зямлі, уваходзіць ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”. У гэтым буйным сельгаспрадпрыемстве добра развіты розныя галіны вытворчасці — ад раслінаводства да перапрацоўкі.
Як расказаў дырэктар таварыства Віктар Худніцкі, пасяўная плошча збожжавых сёлета тут займала 1400 гектараў. Валавы збор збожжавых склаў 12735 тон пры ўраджайнасці 91 ц/га.
— Мы вырошчваем толькі пшаніцу і ячмень, — адзначыў у нашай гутарцы Віктар Уладзіміравіч. — Азімая пшаніца расла на плошчы 920 гектараў, з якіх удалося сабраць 9146 тон. Ураджайнасць склала 99,4 ц/га. Азімы ячмень займаў 130 гектараў, якія далі 1110 тон збожжа. Ураджайнасць тут таксама парадавала — 83,5 ц/га. Усяго ж валавы збор азімых збожжавых склаў 10256 тон пры ўраджайнасці 97,7 ц/га. Яравога ячменя было пасеяна 350 гектараў, з якіх было атрымана 2479 тон пры ўраджайнасці 70,8 ц/га.
З 280 гектараў азімага рапсу было сабрана 1382 тоны пры ўраджайнасці 49,4 ц/га.
Пасля жніва прыйшла чарга наступных палявых работ. Так, была засеяна тая ж самая плошча азімага рапсу, але азімых збожжавых было вырашана засеяць на 125 гектараў больш, чым у мінулым годзе яны занялі 1175 гектараў. Закончана і ўборка кукурузы на зерне. Яна займала 450 ц/га, якія далі 5721 тону. Ураджайнасць склала 127 ц/га. З кукурузы на зялёную масу нарыхтавана 28587 тон сіласу з плошчы ў 758 гектараў пры ўраджайнасці 387 ц/га. Гэта на пяць з паловай тысяч тон перавышае ўзровень мінулага года.
Было зроблена 4 укосы шматгадовых траў, з якіх закладзена 13461 тон сенажу. У цэлым жывёлагадоўчая галіна гаспадаркі забяспечана кармамі больш чым дастаткова, што дае падставы спакойна сустракаць зіму.
На дзень нашага візіту ў гаспадарку тут рыхтавалі глебу пад зябліва, было пройдзена каля 650 гектараў. Ішло таксама ўнясенне арганікі пад ворыва, касьба траў і падбор зялёнай масы, нарыхтоўка сенажу.
На азімай сяўбе былі задзейнічаны Віктар Буйко і Яўген Кораб, на касьбе траў — ізноў жа Віктар Буйко і Дзмітрый Смірноў, на ворыве — Юрый Ханцэвіч і Мікалай Акулік, на падборы шматгадовых траў — Іван Акулік, на ўнясенні арганікі — Яўген Кораб, Ілля Стрэльчык, Аляксандр Смірноў, Віктар Аніскаўцоў.
Што да перспектыў на наступны год, то яны ў “НОВЫМ ЖЫЦЦІ” сапраўды цікавыя: да Новага года гаспадарка ўключыць у свой склад каля 400 гектараў зямель ТАА “Карцэвічы”, дзякуючы якім пашырацца яе магчымасці для сельгасвытворчасці.
Што тычыцца жывёлагадоўчай галіны, то і тут ёсць прагрэс у параўнанні з мінулым годам: валавы надой малака склаў 12301 тону (+1075, або 109,6 працэнта росту да леташняга ўзроўню), а удой на адну карову павялічыўся на 662 кг і склаў 7947 кг.
Вырашчана ўсяго прадукцыі жывёлагадоўлі 1369 тон, або +104 тоны да леташняга ўзроўню.
Прадукцыя жывёлагадоўчай галіны “НОВАГА ЖЫЦЦЯ” праходзіць праз уласную перапрацоўку. Перапрацоўчы цэх сельгаспрадпрыемства выпускае ўсю лінейку прадукцыі — ад дэлікатэсаў да самых простых яе відаў. Гэта і вяленыя, і сыравэнджаныя, і паўвэнджаныя, і вараныя, і ліверныя каўбасы, і сасіскі, і крывяныя каўбасы, і зельцы, і сырыя каўбаскі для наступнай тэрмічнай апрацоўкі. Тут выпускаюць цудоўныя паўфабрыкаты — розныя часткі ялавічнай і свіной тушаў, вельмі танныя супавыя наборы, розныя віды фарша з чыстага мяса — “Ялавічны” і “Дамашні”. Тут апрацоўваюцца і ідуць у справу і ўсе субпрадукты, рыхтуюць на продаж і цэлыя мясныя тушы. Як расказала загадчык перапрацоўчага цэха Антаніна Высоцкая, многія людзі, якія купляюць іх, затым вяртаюцца за такой пакупкай ізноў.
— У нас вельмі добрая сыравіна, — з задавальненнем адзначыла Антаніна Вячаславаўна. — У нас у гаспадарцы ёсць усё — і свініна, і ялавічына. І ўсё — вельмі добрай якасці, таму мы даём гарантыю выдатнай якасці нашай прадукцыі, якая прадаецца ў чатырох фірменных магазінах, размешчаных у саміх Аношках, а таксама ў Нясвіжы і на яго ускраінах.
Яшчэ адзін паказальны момант, які сведчыць аб жыццяздольнасці сельгаспрадпрыемства — гэта наяўнасць у ім будаўніцтва. Калі яно вя- дзецца — значыць, гаспадарка развіваецца і ў яе ёсць перспектывы. У “НОВЫМ ЖЫЦЦІ” ў лютым гэтага года завяршылася будаўніцтва дапаможнага памяшкання на тэрыторыі машынна-трактарнага парка сельгаспрадпрыемства. У верасні была выканана перапланіроўка будынка па вуліцы Цэнтральнай, 12, у аграгарадку Аношкі. Памяшканне былога магазіна, якое выкупіла гаспадарка, ператварылася ў камфортнае жыллё, у якое ўжо засялілася шматдзетная сям’я. Верасень адзначыўся таксама заканчэннем будаўніцтва сіласна-сянажных траншэй на тэрыторыі МТФ “Жанкавічы” ў раёне вёскі Долкінды. У бягучым месяцы запланаваны ўвод аб’екта “Будаўнітва кароўніка на 200 галоў” на тэрыторыі МТФ “Наруцавічы”.
У цяперашні час таксам ідзе будаўніцтва склада мінеральных угнаенняў паблізу вёскі Каменка, заканчэнне якога запланавана на снежань.
Будаўніцтва не спыніцца і ў наступным годзе. У планах — узвядзенне даільна-малочнага блока і двух кароўнікаў на 800 галоў дойнага стада на тэрыторыі фермы “Жанкавічы”, якое, згодна з рашэннем Мінскага аблвыканкама, будзе весціся па дагавору пазыкі ад Мінскага малочнага завода №1. На гэта ўжо выдзелена 5 мільёнаў рублёў.
Вядуцца праектныя работы па будаўніцтве 12-кватэрнага трохпавярховага жылога дома ў аграгарадку Аношкі па вуліцы Маладзёжнай, 8. Акрамя гэтага, сёлета “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” будуе дзве кватэры ў Нясвіжы для работнікаў. Гэта, безумоўна, станоўча паўплывае на замацаванне кадраў у сельгаспрадпрыемстве, таму што людзі — гэта галоўнае звяно ў любым вытворчым працэсе, і ад таго, якія створаны для іх умовы, у многім залежыць поспех агульнай справы.
На жаль, у адным газетным матэрыяле немагчыма расказаць пра ўсіх выдатных працаўнікоў таварыства, таму мы прапаноўваем нашым чытачам фотазнаёмства з некаторымі з іх.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.