Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 9 °C

Беларусы замежжа наведалі Нясвіж

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 0

У аўторак Нясвіж наведалі ўдзельнікі творчай стажыроўкі кіраўнікоў замежных беларускіх аматарскіх калектываў мастацкай творчасці і старшынь грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа, якая праходзіць з 23 па 29 кастрычніка ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур.

Як паведаміла начальнік аддзела па рабоце з нацыянальна-культурнымі грамадскімі аб’яднаннямі і грамадскімі аб’яднаннямі беларусаў замежжа Аліна Самохіна, падобныя стажыроўкі праходзяць з 2016 года. Спачатку гэта былі не шматлікія па колькасці чалавек мерапрыемствы, а ў гэтым го- дзе ўдзел у стажыроўцы прымае 39 чалавек. Сярод удзельнікаў — беларусы з розных куткоў Расіі, а таксама з Казахстана, ЗША, Літвы, Латвіі, Італіі, Эстоніі.



— Гэтыя людзі працуюць над захаваннем нашай беларускай культуры за мяжой, таму мэта стажыроўкі — папулярызацыя беларускіх традыцый, культуры, дэманстрацыя беларускіх рамёстваў, — патлумачыла Аліна Мікалаеўна. — Падчас мерапрыемства госці ўдзельнічаюць у майстар-класах, наладжваюць кантакты з нашымі майстрамі для далейшага ўзаемадзеяння і прымянення атрыманых навыкаў у краінах свайго пражывання. Акрамя дэкаратыўна-прыкладной творчасці мы ла- дзім майстар-класы па харэаграфіі, спевах.
У праграме стажыроўкі бягучага года было наведванне Міра, Нясвіжа, Лагойска, у Мінску — практычныя заняткі ва ўніверсітэце культуры, наведванне Нацыянальнай бібліятэкі, сустрэча з міністрам культуры краіны, а таксама апаратам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей.
Работнікі ўстаноў культуры Нясвіжчыны падрыхтавалі для сваіх замежных калег насычаную праграму. Сустрэча пачалася з наведвання гарадской Ратушы, дзе ўдзельнікаў стажыроўкі віталі князі Ра- дзівілы, вобразы якіх увасобілі артысты заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра імя Уршулі Радзівіл і намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Балцянкоў. Затым адбылася цікавая экскурсія па выставачных залах Ратушы і пераезд у раённы цэнтр культуры, дзе былі арганізаваны майстар-класы на любы густ. Сваё майстэрства прадэманстравалі ўдзельнікі народнага клуба майстроў «Дыяменты Нясвіжскага краю» Алена Віхрова, Алена Івахніна, Святлана Емяльянава, а таксама прадстаўнікі цэнтра народнай творчасці Любоў Дрык і Дзіяна Мацкевіч.

Ала Сандлер, кампанія «Z — Best Entertainment» (г. Балцімор, ЗША):
— У Беларусь я прыязджаю вельмі часта, але на стажыроўку трапіла першы раз. Прыехала па сваім асабістым жаданні, таму што ўсё гэта мне вельмі цікава. Я не толькі вучуся, адкрываю для сябе штосьці новае, але і, паколькі я вельмі камунікабельны чалавек, з вялікім задавальненнем знаёмлюся з людзьмі, якія прадстаўляюць беларускія абшчыны ў розных краінах. У гэтым годзе, літаральна некалькі тыдняў таму, я занялася аднаўленнем музея славянскай культуры, які знаходзіцца ў г. Балціморы, там прадстаўлена не толькі Беларусь, але і яшчэ 14 краін. Падчас гэтай паездкі я нават набыла нейкія экспанаты для музея. Сёння ў мяне шчырая дзіцячая радасць, адчуваю сябе школьніцай, якую прывезлі на экскурсію, але тады, на жаль, мы не адчувалі ўсяго гэтага хараства, а зараз, калі шмат гадоў жывеш у далечыні ад радзімы, успрымаеш усё зусім інакш. Я заразілася гэтым настроем, вельмі ўражана ўсім прадстаўленым.

 

Любоў Богнат, старшыня грамадскага аб’яднання  «Беларусь» Паўладарскай вобласці  (г. Паўладар, Казахстан):
— Я ў захапленні ад усяго таго, што нам дэманструюць. Тое, што мы пабачылі сёння ў Нясвіжы, — гэта тое, што нас вабіць, чым нам хочацца займацца: ткацтва, кераміка, пляценне з саломкі, інкрустацыя… Больш за ўсё сёння ўразіла атмасфера гасціннасці, прыязнасці, міралюбнасці, вельмі высокага прафесіяналізму. Адчуваецца, што ў вас вельмі якасна пастаўлена работа. А самае галоўнае і каштоўнае, што я ўбачыла, — ваша моладзь захоўвае і працягвае традыцыі беларускай народнай творчасці.

Таксама былі арганізаваны інтэрактыўныя пляцоўкі Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея і Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы.
Не абышлося і без знаёмства з творчымі калектывамі Нясвіжчыны — сваімі музычнымі нумарамі гасцей радавалі народны інструментальны ансамбль «Нясвіжскія лыжкары» пад кіраўніцтвам Ула- дзіміра Сухавея, народны ансамбль народнай музыкі і песні «Зараніца» пад кіраўніцтвам Леаніда Шышко.
Напрыканцы ўдзельнікі стажыроўкі пабывалі ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж».
Наведванне Нясвіжчыны пакінула ў гасцей самыя яркія і незабыўныя эмоцыі, іх прыемна ўразіла майстэрства несвіжан.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!