Што думаюць пра нас

Напэўна, лішнім будзе тлумачыць, што любая газета, у тым ліку і “НН”, працуе для сваіх чытачоў. Таму жывая сувязь з нашымі прыхільнікамі — гэта абавязковая ўмова для паспяховай работы. Што падабаецца людзям у нашым выданні і над чым нам яшчэ трэба папрацаваць — мы распыталі ў нашых чытачоў. Вось іх адказы.




Антаніна КАРПУК,
в. Слаўкава, пенсіянерка:
— Для мяне наша “раёнка” — проста настольная кніга. У асноўным мне ўсё ў ёй падабаецца. Тут можна пачытаць і пра людзей вёскі, а ўлічваючы, што я сама вясковы чалавек, мне гэта асабліва цікава. Вельмі блізкая мне і тэма Вялікай Айчыннай вайны — у ёй удзельнічалі і мой тата, і свёкар, якія вярнуліся з фронту інвалідамі. Гэта сапраўды нельга забыць.
А як цікава ўбачыць на газетнай старонцы знаёмых лю- дзей, з якімі бывае, сустракаешся ў звычайным жыцці, і даведацца пра іх нешта новае, убачыць у нечаканым ракурсе!
Я і сама, бывала, дасылала ў газету свае допісы. Асабліва помніцца, як, дзякуючы нашай “раёнцы” я некалі парадавала сваю свякроў, якую даглядала апошніх 13 гадоў яе жыцця. Яна перажыла вельмі цяжкія выпрабаванні, і я даслала ў “Нясвіжскія навіны” аповед пра яе — “Слова пра свякроў”. І яго надрукавалі. Гэта было вельмі радасна для нас абедзвюх.
Што да таго, чаго б мне хацелася больш бачыць у газеце, то гэта такіх артыкулаў, якія б нас аб’ядноўвалі, дапамагалі зразумець, што мы — адзіная нацыя, адзіны народ, і нам трэба разам ва ўзаемаразуменні і ўзаемадапамозе рухацца наперад па нашым гістарычным шляху, каб байка “Лебедзь, рак і шчука” была не пра нас.

Аляксей АНТОНЧЫК,
слесар па абслугоўванні
і рамонце
газавыкарыстальнага
абсталявання
Нясвіжскага РГС філіяла
ВУ “Стоўбцыгаз”
УП “Мінскаблгаз”:
— Раённую газету “Нясвіжскія навіны” заўсёды чытаю ад першай старонкі да апошняй. Таксама з навінамі раёна знаёмлюся і на сайце раённай газеты. Але больш за ўсё люблю трымаць “жывы” аркуш ў руках. Я думаю, што гэта перадалося мне ад майго прадзядулі Вікенція Іванавіча Таратуты, які ўсё сваё жыццё (а пражыў ён 85 гадоў) выпісваў “Чырвоны сцяг”. Мне падабаецца бачыць знаёмыя твары на фотаздымках, даведвацца, чым жыве раён і яго жыхары, як развіваецца, якія ў яго поспехі і ўдачы. Хачу адзначыць, што наша “раёнка” вельмі змянілася за гэты год і добра, што ў лепшы бок. З цікавасцю чытаю нататкі пра жыццё і адпачынак маіх равеснікаў. Увогуле, чытаю ўсё і пра ўсіх. І абавязкова выпішу “Нясвіжскія навіны” ў сваю сям’ю і маёй бабулі.

Міхаіл ПЕТРАЧКОЎ,
намеснік дырэктара
па ідэалагічнай і кадравай
рабоце — начальнік бюро
кадраў ААТ “Нясвіжскі завод
медыцынскіх прэпаратаў”:
— Газету выпісваю ўсё сваё свядомае жыццё. Магчыма, гэта таму, што я сам — з настаўніцкай сям’і і мае бацькі выпісвалі “раёнку” колькі сябе помню. Мне падабаецца наша газета тым, што яна ахоплівае практычна ўвесь узроставы склад чытачоў — ад людзей самага саліднага ўзросту да моладзі і дзяцей. Разнастайны і спектр інфармацыі, якая падаецца на старонках — гэта і агульнараённыя падзеі, і такія, якія тычацца асобных арганізацый і ўстаноў, і змены ў падатковым заканадаўстве, і работа служб энерга- і газазабеспячэння, і парады аўтамабілістам, і цікавыя факты для пенсіянераў, і многае іншае. Мне гэта дапамагае і ў рабоце — я павінен быць заўсёды ў курсе падзей, і дзякуючы “Нясвіжскім навінам” гэта атрымліваецца хутка і проста, дастаткова толькі пагартаць газету.

Алена ХОМІЧ,
загадчык касцюмернай
Нясвіжскага РЦК,
народны майстар Беларусі
па саломапляценні:
— Я нашу “раёнку” звычайна купляю ў кіёсках “Белсаюздруку”, адзін з іх якраз стаіць каля маёй работы. Таму з’яўляюся пастаянным чытачом. Хачу адзначыць, што асабіста мне вельмі па душы матэрыялы, звязаныя з аховай навакольнага асяроддзя, яшчэ люблю чытаць аповеды людзей сталага веку пра жыццё ў ранейшыя часы, пра гісторыю нашых мясцін. Заўсёды сачу за прагнозам надвор’я ў газеце, але, вядома, асаблівую цікавасць выклікаюць матэрыялы, звязаныя са сферай культуры, у якой я працую ўжо шмат гадоў. У газеце заўсёды ёсць, што пачытаць, і хачу пажадаць нашым “Нясвіжскім навінам” заўсёды заставацца такімі ж цікавымі і неабходнымі нам — жыхарам Нясвіжчыны.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!