На чым трымаецца чалавечае жыццё

За шматгадовую добрасумленную працу ў аграпрамысловым комплексе Нясвіжскага раёна і значны ўклад у павышэнне эфектыўнасці вытворчасці сельскагаспадарчай галіны свінавода ААТ “Сейлавічы” Ганну Ліхадзіеўскую неаднаразова адзначалі як на раённым, так і на абласным і рэспубліканскім узроўнях. А месяц назад, у снежні 2022 года, яна была ўзнагароджана Ганаровым дыпломам Мінскага абласнога выканаўчага камітэта як пераможца абласнога спаборніцтва. Размова ў наступным аповедзе — пра адну з тых працаўніц, якімі ганарыцца Нясвіжчына. Працалюбівая і шчырая, яна любіць сваю зямлю, услаўляе яе добрымі справамі і ўчынкамі.




Жывёлагадоўля не заўсёды была спецыялізацыяй Ганны Канстанцінаўны. Скончыўшы школу, са сваіх родных Андрушоў яна паехала ў Бабруйск. Там атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю ў гандлёва-кулінарным вучылішчы. Працавала прадаўцом у гастраноме ў Нясвіжы.
Звязаўшы сябе шлюбам, дзяўчына вярнулася ў вёску. Месца прадаўца ў сельмагу на той час не было, таму пасля дэкрэтнага водпуску вырашыла пайсці працаваць у мясцовую гаспадарку. Да сельскай працы Ганна была прывучана з дзяцінства. Маці працавала даяркай, бывала, прыходзілася ёй дапамагаць. Ды і іх сям’я, дзе выхоўвалася трое дзяцей, трымала гаспадарку. З маленства дзяўчынку, а таксама яе сястру і брата прывучылі да работы. Ды і жывёлу дзеці любілі.

У гаспадарцы адразу працавала аператарам на адкорме падсосных свінаматак.

З кожным днём работы яна ўдасканальвала сваё майстэрства. Цярпліва штораніцу на золку адпраўлялася на свінагадоўчую ферму.

— Асноўны наш абавязак — догляд жывёлы: падрыхтаваць і раздаць кармы. У залежнасці ад стану падапечных — дабавіць вітаміны і мінеральныя рэчывы, — расказвае Ганна Канстанцінаўна. — Пачысціць клеткі, правесці дэзінфекцыю для прафілактыкі захворванняў жывёлы — таксама наша работа. Сёння практычна ўсе гэтыя працэсы аўтаматызаваныя. Для нас гэта добрая палёгка. Больш часу можна выдзеліць сваім гадаванцам, бо кожная свінка мае свой характар. А ўвогуле ўсе яны — клапатлівыя мамы.

Так, даглядаючы пагалоўе, Ганна Канстанцінаўна без усякай гідлівасці адсочвае кожны бокс: недзе трэба дапамагчы жывёліне справіцца з апаросам, недзе трэба паклапаціцца, каб рамонтная свінка спакайней вяла сябе з прыплодам.

— Іх паводзіны ў многім прадказальныя — першы апарос бывае больш клопатны, а “мамы з вопытам” звычайна спакайнейшыя, — расказвае мая суразмоўца. — Працуем на ферме ў шчыльнай звязцы з ветэрынарнай і заатэхнічнай службамі. Вядома, спецыялісты гэтага профілю вельмі важныя ў жывёлагадоўчай галіне, таму мы, жывёлаводы, стараемся пераняць некаторыя веды ад іх. Бывае, што трэба самім і ўкол зрабіць, каб дапамагчы жывёле пры апаросе. Але галоўнае ў нашай рабоце — ствараць адпаведныя ўмовы для падтрымання здароўя свінаматак і парасят, а значыць — рабіць усё магчымае для павелічэння колькасці пагалоўя, павышэння прадуктыўнасці. А ўжо ў выпадку неабходнасці аказваць дапамогу пры дыягностыцы і лячэнні хвароб жывёлы, бо яна заўсёды ў нас на віду.

Сапраўды, прафесія жывёлавода мае немалаважнае значэнне для развіцця сельскай гаспадаркі. Добра разумеючы гэта, Ганна Канстанцінаўна дзень у дзень (бо выхадных тут не бывае) праводзіць агляд свінак. Уважлівасць і назіральнасць дапамагаюць вопытнай працаўніцы прыкмячаць найменшыя змены ў іх паводзінах. Работа штохвілінна патрабуе клопату, цярпення, дабрыні. Сёння яе гадаванцы — не толькі больш ста свінаматак у шасці боксах, але і сотні іх візглівых дзетак самага маленькага ўзросту — ад нараджэння да месяца.

Узнагароды — прызнанне вынікаў напружанай працы, бо лёгкай работы ў жывёлаводаў, як вядома, не бывае. А шанаванне людзей працы, увасобленае ў прыказках і прымаўках, добра падыходзіць Ганне Канстанцінаўне, яе працоўнаму лёсу: «Дзе нарадзілася, там і згадзілася».

А пра сваю работу гаворыць яна наступнае:
— Ведаю, што існуе многа прэстыжных і цікавых прафесій, але ў мяне ніколі не было пачуцця, што я не на сваім месцы. Заўсёды старалася працаваць сумленна, як і ўсе ў нашым калектыве. А каму здаецца, што работа на ферме нецікавая, дык гэта не так. Хіба можа пакінуць каго-небудзь раўнадушным маленькае, з ружовым носікам-пятачком парасятка, якое даверліва рохкае ў цябе на руках, а пасля вырываецца, каб паспець з усім вывадкам да мамы, якая спецыяльна ляжыць на баку, каб ўсім яе дзеткам зручна было смактаць малако. Можа, крыху становіцца сумна, калі з парасяткамі прыхо- дзіцца развітвацца — аддаваць іх на дарошчванне. Але на чарзе — новыя вывадкі. Зноў — апрацоўка пупкоў, абціранне сурвэткай, уладкаванне пад лямпу для сугрэву, падразанне хвосцікаў і строгі ўлік — афармленне карткі з датай апаросу і колькасці парасятак. Тут не засумуеш, — працягвае яна размову.

Штогод у Ганны Канстанцінаўны прырост галоў парасят павялічваецца. У параўнанні з папярэднім, 2021-м годам, у 2022-м гэтая лічба склала 133 працэнты. А зна- чыць і клопатаў у жывёлавода стала значна больш.

Сваімі поспехамі сельская жанчына дзялілася сціпла, маўляў, усе на комплексе добра працуюць, не толькі яе тут заслуга. А вось пра “адносіны” са сваімі падапечнымі, пра іх характары расказвала з задавальненнем.

Сама Ганна Канстанцінаўна ўжо на пенсіі. Але, выйшаўшы на заслужаны адпачынак, вырашыла застацца працаваць у гаспадарцы, перадаваць вопыт маладзейшым, як некалі і яе ўсяму навучыла Марыя Васільеўна Багдановіч.

Сёння Ганна Канстанцінаўна жыве ў сваім доме ў вёсцы Кунаса, дзе ра- зам з мужам некалі будавалі сваё сямейнае гняздо, гадавалі дзяцей. Пяць гадоў таму, на жаль, не стала гаспадара дома. Застаўшыся адна, жанчына не страціла цікавасці да жыцця. Сумаваць маме і бабулі не даюць дзеці і ўнукі. Пастаянна наведваюцца да яе ў госці. Толькі калі раней больш яна радавала сям’ю рознымі прысмакамі, асабліва родныя любілі яе торты (а яшчэ Ганна Канстанцінаўна вязала для іх розныя рэчы), то цяпер — дачка і ўнучка перанялі ад яе лепшыя ўменні і самі здзіўляюць сваімі кулінарнымі здольнасцямі. А бабулі звычайна заказваюць смачныя беларускія стравы — дранікі і бабку.

Мая суразмоўца жыве, кіруючыся сваімі галоўнымі прынцыпамі: сумленнасцю, добразычлівасцю і працавітасцю. А гэта і ёсць тое, на чым трымаецца чалавечае жыццё.

Іна ВАСІЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!