Традыцыйна ў навагоднія святы віншуюць пажылых людзей. Вось і 3 студзеня ў рамках акцыі “Ад усёй душы” першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Іюльская і інспектары па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Нясвіжскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Зубовіч і Ала Страцкевіч наведалі пажылых людзей нашага раёна, якія знаходзяцца на надомным абслугоўванні РТЦСАН.
Маршрут дня ўключаў у сябе самыя розныя аддаленыя населеныя пункты — ад Гарадзеі да Еськавіч. Пажылыя лю- дзі ветліва сустракалі гасцей, расказвалі пра свае трывогі і радасці, з удзячнасцю ўспаміналі сваіх сацыяльных работнікаў, якія дапамагаюць ім, і прасілі заязджаць да іх яшчэ. А Зінаіда Кур’ян з в. Хадатавічы нават праспявала для гасцей некалькі вядомых песень і прыпевак, такім чынам дзякуючы за праяўленыя ўвагу і клопат.
У любым узросце важна сацыяльнае ўзаемадзеянне, але чым сталейшы чалавек, тым больш асаблівае значэнне яно набывае. У шаноўным узросце, а тым больш жывучы ў аддаленай вёсачцы, не так проста знайсці сілы і час з кімсьці сустрэцца. А без размоў і абмену думкамі і эмоцыямі чалавек згасае.
Таму такая акцыя, як “Ад усёй душы”, нагадвае пажылым лю- дзям, што яны многім патрэбныя, дорыць ім часцінку цяпла, а гэта — неацэнна.
Дзед Мароз дорыць падарунак жыхару аддзялення
сястрынскага догляду Гарадзейскай гарадской бальніцы

Жыхарка г.п. Гарадзея Зінаіда Рашатко і інспектар па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Нясвіжскага РТЦСАН Галіна Зубовіч
У аддзяленне — з добрым настроем
У той жа дзень першы сакратар Нясвіжскага РК ГА “БРСМ” Кацярына Іюльская і старшыня РС ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” Таццяна Жучко наведалі аддзяленне сястрынскага догляду Гарадзейскай гарадской бальніцы.
На сённяшні дзень тут знахо- дзяцца 23 пажылых чалавекі, якім неабходныя догляд і медыцынская дапамога. Гасцей у аддзяленні не прывыклі сустракаць, асабліва апошнім часам, калі COVID-19 і грып унеслі свае карэктывы. І няхай сюды нячаста прыходзяць госці, але іх тут сапраўды чакаюць.
Дзед Мароз і Снягурка, у ролі якіх выступілі работнікі цэнтра дзіцячай творчасці нашага раёна, прынеслі з сабою святочны настрой. Яны выказалі пажылым людзям шмат цёплых пажаданняў і падарылі салодкія падарункі.
Сустрэча з галоўнымі героямі Новага года стала добрай нагодай для радасці і адчування свята.
Таксама ў аддзяленне сястрынскага догляду былі перададзеныя сродкі і прадметы асабістай гігіены.
Калі бачыш усмешкі падапечных аддзялення, лішні раз пераконваешся, што паважаны ўзрост мае патрэбу ў любові і клопаце.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.