Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.51 |
Погода 3 °C

Не размінуцца з галоўным

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 0

Пост опубликован: 09.02.2023

Сярод спраў, якія выконвае чалавек на сваім жыццёвым шляху, выхаванне дзяцей з’яўляецца ці не самай пачэснай, асабліва, калі размова ідзе пра жанчыну.
Глафіра Анатольеўна Лабынько, рэгент аднаго з хораў храма Святога Георгія Перамоганосца ў Нясвіжы, — маці пяці сыноў. Двое з іх — святары. Протаіерэй Яўгеній Лабынько — кандыдат багаслоўскіх навук, настаяцель храма Святога Георгія Перамоганосца, протаіерэй Мікалай Лабынько — магістр багаслоўя, сакратар Гродненскай епархіі, да нядаўняга часу настаяцель Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора. Пра гэта і многае іншае пачулі ўдзельнікі сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, раённай газеты і СШ № 4 г. Нясвіжа, завітаўшы ў прыхадскі дом Свята-Георгіеўскага храма.



Мы даведаліся, што Глафіра Анатольеўна нарадзілася ў сям’і святара. Дзядуля па татавай лініі Мікалай Феафілавіч Корзун таксама быў святаром. У яго сям’і было дзесяць дзяцей. І ў асноўным хлопцы станавіліся святарамі, а дзяўчаты выходзілі за святароў замуж. Дзядуля скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, быў настаўнікам у Мікалаеўшчыне. Яму давялося вучыць будучага класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Падчас аднаго з царкоўных святаў у Мікалаеўшчыну прыехаў Уладыка. Мікалай Феафілавіч выступіў з прывітальным словам. Развітваючыся, Уладыка звярнуўся да настаўніка:

— Мікалай Феафілавіч, давайце рукапалагацца.

Пасля, падчас першай сусветнай вайны, дзядуля матушкі Глафіры быў палкавым святаром. І тата, Анатоль Мікалаевіч, нарадзіўся ў Опцінай Пустыні. У юнацтве бацька марыў стаць архітэктарам, але падчас хрышчэння, а хрысціў яго старац айцец Анатолій Патапаў, святар падарыў яму маленькі поручань, чым прадказаў немаўляці будучы лёс.
Дзядуля пайшоў з арміяй, а бабуля з дзецьмі засталася ў Опцінай Пустыні. Яны гаравалі, вельмі галодны быў час.

— Мама мая Лідзія Іванаўна нарадзілася на Клетчыне, у вёсцы Галынка ў сям’і фельчара… Сёння я думаю пра тое, што ўсё жыццё пражыла, як у Хрыста за пазухай. Хутчэй за ўсё па малітвах усіх родных нашых. А вось маме маёй прыйшлося вельмі цяжка. У вайну яна пахавала чацвёра дзяцей, яны памерлі ад дыфтэрыі. Але мы заўсёды жылі з верай, мы жылі малітвай. Гэтаму нас вучылі бацькі. Галоўнае, што я ўзяла з роднай сям’і, — гэта вера ў Бога. На маю думку, так павінна быць і ў кожнай сучаснай сям’і. Бо ўсё астатняе дабавіцца. Выхаванне мастацтвам, фізічнае выхаванне… Калі будзеце верыць у Бога, то Ён зробіць так, што вы ўсё паспееце, у вас будзе ўсё ў парадку. Напаткаюць, безумоўна, і цяжкасці, і непрыемнасці, але з Богам гэта ўсё пераносіцца вельмі лёгка. І калі бацькі не навучаць дзяцей веры, яны нічаму іх не навучаць. Тое, чаму можна навучыцца ва ўніверсітэтах і інстытутах, без веры ў Бога — пустое, — разважае Глафіра Анатольеўна.Не размінуцца з галоўным

У сям’і нашай суразмоўцы быў такі выпадак, калі асабліва адчувалася прысутнасць Бога і Маці Божай. Падчас вайны тату прыйшла павестка і яго забралі. Маці звярнулася ў зборны пункт і сказала:

— Вазьміце і мяне. У мяне столькі дзяцей! Што мне рабіць?

Па ваенным часе такое становішча было не толькі ў Лідзіі Іванаўны, і просьба жанчыны засталася без адказу. Яна пайшла ў храм. Храм быў зачынены, але, стоячы насупраць, прамовіла ў роспачы:

— Маці Божая, Скорапаслушніца, я Табе ікону напішу, толькі вярні мне майго мужа.

На той час Лідзія Іванаўна не ведала, што ёсць такая ікона — Скорапаслушніца. І вось прыйшоў дзень адпраўлення на фронт. Пачынаецца пераклічка, называюць прозвішчы навабранцаў. А прозвішча бацькі ў спісе няма.

— Зусім нядаўна мы наведаліся з сястрой у Дубна, дзе я нарадзілася. Гэта Гродненская вобласць. У Свята-Мікалаеўскім храме я звярнула ўвагу на адну ікону Божай Маці. Яна была напісана неяк вельмі проста, адрознівалася ад іншых. Ці не тая гэта ікона, якую заказала мама, калі тату забіралі на вайну? І я лічу, што гэта цуда Маці Божай, што тату тады пакінулі, не забралі, — працягвае свой аповед матушка Глафіра.

Але сям’і прыйшлося ўсё ж восем з паловай гадоў пражыць без бацькі. Яго асудзілі як святара па 58-м артыкуле і адправілі ў лагер, у Комі ССР. Сям’ю пакутніка за веру ратавала міласць Божая, шмат добрых людзей не засталося ўбаку.

Пасля школы Глафіра Анатольеўна паступала ў чыгуначны інстытут. Не паступіла, але гэта палічыла промыслам Божым — патрэбна было карміць сям’ю. Калі тата вярнуўся, яму не дазволілі служыць. У лагеры ён закончыў курсы электраманцёраў. І гэта дало магчымасць пасля ўладкавацца на мэблевую фабрыку.

— Старэйшы брат з’ехаў, сярэдні паступіў у вучылішча, а мяне ўладкавалі на пошту. Была спачатку паштальёнам, пасля мяне ўзялі на сарціроўку. Крыху пазней адправілі на курсы начальнікаў аддзялення. Калі пераехала ў Мінск, пайшла на курсы стэнаграфістак, працавала сакратаром-машыністкай. А калі выйшла замуж, пераехала да бацькі, зноў пайшла ў храм, стала пеўчай. Тату ўсё ж дазволілі служыць, месца для яго знайшлося толькі ў адным з храмаў Комі ССР. Толькі там упаўнаважаны па справах рэлігій па просьбе Уладыкі Нікана выдаў патрэбную даведку. Уладыку пасля перавялі ў Калугу. Услед за ім пераехала і наша сям’я, але на новым месцы служэння тату прыйшлося вельмі цяжка. Да храма была прыстаўлена жанчына, якая шпіёніла і не давала нармальна служыць. Неўзабаве тата захварэў. Памёр ён у кватэры сястры, у Мінску, куды прыехаў, шукаючы паратунку ад невылечнай хваробы, — успамінае Глафіра Анатольеўна.

Муж нашай суразмоўцы быў макетчыкам на заводзе. У дзевяностыя гады яго звольнілі. Пётр Фадзеевіч атрымаў прапанову ад адной з фірм, якія пачыналі тады пладзіцца, як грыбы пасля дажджу. Але Глафіра Анатольеўна вырашыла адправіцца ў Сергіеў Пасад, каб папрасіць благаславення ў старца — айца Кірыла Паўлава, удзельніка Сталінградскай бітвы. Айцец Кірыл так адказаў сваёй госці:

— Дык падмануць яго. Ведаеш што, як прыедзеш, ідзіце да Уладыкі Філарэта, прасіце, каб рукапалажылі.

Так Пётр Лабынько стаў святаром. І матушка Глафіра адчувала, што яе муж быў да гэтага гатовы.

У нейкі момант свайго жыцця Глафіра Анатольеўна ўсё ж адышла ад храма. Зацягвалі бытавыя праблемы, шмат часу ішло на выхаванне дзяцей. За дзесяць гадоў шлюбу ў сям’і нарадзілася пяцёра хлопчыкаў. У бацькоўскай сям’і ўсё было проста: усе збіраліся і ішлі ў храм. А тут бацькоў ужо няма, а Бог далёка. Так і адкладвалася ўсё кожны раз на потым.
Пасля рукапалажэння айцу Пятру аддалі пад храм былы мэблевы магазін у Смілавічах. Будынак быў вялікі і вельмі халодны. Спачатку там размясціўся храм Маці Божай Казанскай. Там яны прабылі зусім нядоўга. Неўзабаве туды са Снова перавялі айца Валяр’яна, зараз там храм Георгія Перамоганосца, які і адбудаваў святар. А Пятра Фа- дзеевіча накіравалі на служэнне ў Сноў.

Святара рукапалажылі на Свяціцеля Мікалая зімняга, і ў Смілавічах ён праслужыў да 1 чэрвеня наступнага года, калі адбылася першая служба ў Снове. Менавіта 1 чэрвеня, праз восем гадоў, ва ўзросце пяцідзясяці двух гадоў ён пайшоў у вечнасць. Пётр Фа- дзеевіч быў вельмі добрым чалавекам, вельмі ўспрымальным. Ён мала гаварыў, ніколі не скардзіўся, усё пераносіў у душы.

Юныя суразмоўцы спыталі, што для Глафіры Анатольеўны было самым складаным у выхаванні дзяцей.

— Складанасць у тым, што гадавала я сваіх дзяцей амаль адна. Калі муж працаваў на заводзе, ён яшчэ ўдзельнічаў у іх выхаванні. Ён быў вельмі добрым чалавекам. Бывае, у кагосьці з сыноў забаліць зуб, бацька яго пашкадуе, і боль праходзіць. Мне падабаліся моманты, калі Пётр Фадзеевіч забіраў усіх сыноў, а я заставалася дома адна. Я наводзіла чысціню, адкрывала балкон, садзілася ў крэсла, да твару лагодна дакранаўся ветрык… Пасля я выходзіла па сваіх справах, а калі вярталася, усё станавілася на кругі свая разам з сынамі, што вярнуліся з прагулкі. Ад майго парадку нічога не заставалася. А калі муж стаў святаром, яму ўвогуле не ставала часу на ўласную сям’ю. Складаным для мяне было тое, што ўсіх патрэбна было накарміць, абмыць. Але я спраўлялася. Адзінае, што мне хацелася, — калі-нікалі пабыць адной.

Глафіра Анатольеўна заўсёды любіла кнігі. Яшчэ ў школьныя гады, наведаўшы бібліятэку, па дарозе назад ужо пачынала чытаць. Юным журналістам мудрая жанчына параіла прачытаць кнігу Шарлоты Брантэ “Джэйн Эйр”.

— Асноўная думка, што імкнецца данесці аўтар гэтай кнігі, — чыстае каханне, — заўважыла яна. — Цяпер у нашым жыцці такога мала. Галоўная гераіня вельмі любіла свайго абранніка, але сталася так, што яна не магла застацца з ім і з’ехала. У той момант быць разам было немагчыма. Менавіта такой чыстай любові зараз не хапае ў свеце.

Матушка Глафіра і сёння нясе сваё паслушанне на клірасе, кіруе адным з хораў храма. Нягледзячы на паважаны ўзрост, гэты занятак яна пакінуць не можа. Сярод галоўных парад, якія прагучалі ў адрас нас і нашых землякоў, была наступная:

— Час цяпер складаны, нам трэба аб’ядноўвацца і маліцца, каб Гасподзь усё наладзіў. Трэба спыніць бясконцую мітусню і хоць крыху падумаць, дзеля чаго жывём. Не дай Бог бяда, то ўсё будзе дарэмна: і багацце, і ўсё нажытае за жыццё. Трэба прыпыніцца і маліцца аб тым, каб Гасподзь збярог нас у міры.

Малодшы сын Глафіры Анатольеўны таксама некаторы час правучыўся ў Жыровіцкай духоўнай семінарыі, ды з-за нейкіх прычын пакінуў. Цяпер Павел — вадзіцель ва Уладыкі Антонія, Архіепіскапа Гродненскага і Валкавыскага. Але матушка лічыць, што ён трапіў менавіта туды, куды было патрэбна. Яшчэ з дзяцінства хлопчык вельмі захапляўся машынамі. Цяпер гэтае захапленне стала прафесіяй. Малодшы Аляксандр — начальнік аддзела збыту на Мінскім маторным заводзе. Самы старэйшы — Кірыл — таксама абраў свецкую прафесію.

Узятае з роднай сям’і Глафіра Анатольеўна з цягам часу перанесла і на сваю асабістую: ні раней, ні зараз яна не спадзяецца толькі на свае сілы. Кожная яе надзея ўскладаецца на Бога і Маці Божую. І найчасцей гэтыя спадзяванні спраўджваюцца, самыя гарачыя просьбы і малітвы ніколі не застаюцца без адказу. І мы, шаноўныя землякі, возьмем пад увагу гэты добры прыклад, правераны жыццём вопыт нашай зямлячкі і пастараемся ні ў гэтым жыцці, ні ў вечнасці не размінуцца з Богам.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік праекта “Парады
з вуснаў несвіжан”.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!