Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 9 °C

Прызванне — ствараць прыгажосць і ўтульнасць

Софья ЛЮБАНЕЦ 1 год назад 0 16

Пост опубликован: 06.03.2023

Алена Калеснік працуе тынкоўшчыкам на Гарадзейскім цукровым камбінаце ўжо каля 20 гадоў.

— Мая работа мне вельмі падабаецца, — гаворыць Алена Яўгенаўна. — Кожную раніцу іду з добрым настроем на працу і ведаю, што мяне чакае добры, дружны калектыў, у якім кожны ведае сваю справу і калі трэба — дапаможа таварышу.

На камбінат мая суразмоўца прыйшла ўжо вопытным майстрам, спасцігшы ўсе тонкасці сваёй прафесіі ў Гарадзейскай ПМК-217, дзе працавала шэсць гадоў перад прыходам на камбінат.



— Работы заўсёды было многа, — узгадвае свой працоўны шлях мая суразмоўца. — Гарадзея — буйны пасёлак, сам цукровы камбінат таксама вялікі, таму шмат дзе патрэбны будаўнічыя работы. Мы тынкуем, фарбуем, клеім шпалеры, адным словам, робім так, каб у памяшканне было прыемна зайсці. Бывае, выконваем і вонкавыя работы. Асабліва шмат клопатаў надараецца летам, калі надыходзіць самы час для будаўніцтва і рамонтаў. Аднак у любую пару года гэта вельмі радасна — ствараць прыгажосць і ўтульнасць і потым бачыць, што твая работа падабаецца людзям.

Праца, вядома, у маёй суразмоўцы не надта фізічна лёгкая, аднак адпачываць ад яе дбайная работніца паспявае: рабочы дзень з васьмі да пяці і свабодныя выхадныя дазваляюць удзяліць час і сямейным справам, і занятку для душы — дэкупажу, якім Алена Яўгенаўна захапляецца ўжо некалькі гадоў. Тут яе працавітыя рукі ў спалучэнні з мастацкай фантазіяй “разгортваюцца” на поўную моц і ствараюць цудоўныя арыгінальныя вырабы. Імі яна з задавальненнем радуе не толькі сваіх родных і сяброў, але і ўсіх, каму гэта цікава, падчас выстаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці ў мясцовым і раённым цэнтрах культуры, у якіх ахвотна прымае ўдзел.

Дарэчы, муж маёй суразмоўцы таксама працуе на камбінаце. Разам яны выгадавалі двух дачок, якія ўжо вылецелі з бацькоўскага гнязда. І сёння Алена Яўгенаўна вельмі задаволена тым, як склалася яе жыццё: і тым, што некалі муж падтрымаў яе ў рашэнні пераехаць з Баранавіцкага раёна на Нясвіжчыну, і тым, што вельмі зручна дабірацца ад дому да работы — усяго 10 хвілін пешшу, і асабліва тым, што займаецца любімай справай на адным з самых вядомых прадпрыемстваў не толькі нашага раёна, але і ўсёй Беларусі, дзе цэняць і шануюць добрасумленных работнікаў.

Доказам гэтага стала тое, што адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў і высокі прафесіяналізм А.Я. Калеснік па выніках 2022 года адзначаны занясеннем на раённую Дошку Гонару ў ліку лепшых па прафесіі, і не выклікае сумненняў, што гэта не апошняя яе ўзнагарода.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!