Адным з самых вядомых нашых землякоў з’яўляецца беларускі паэт, настаўнік Павел Кузьміч Прануза.
Нягледзячы на тое, што нарадзіўся Паўлюк Прануза на Гомельшчыне ў 1918 г. у в. Вылева Добрушскага раёна, значная частка яго жыцця звязана менавіта з Нясвіжчынай. Тут, пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, у 1945 годзе, ён пачаў працаваць настаўнікам ў нядаўна адкрытым Нясвіжскім педагагічным вучылішчы. Хоць першапачаткова на працоўны шлях планаваў выйсці ў 1941-м годзе і не сюды, а ў адну са школ Палесся.
Захаваліся ўспаміны паэта, у якіх ён апісваў першыя ўражанні ад Нясвіжчыны: «З Нясвіжам я пазнаёміўся даўно, у пачатку 1944 года. На подступах да горада адбылася сутычка з варожымі войскамі, якія адыходзілі з Клецка. У памяці захаваліся толькі агульныя рысы невялікага мястэчка – блакітныя азёры, парк з будынкам замка, Слуцкая брама, адзіная дарога, па якой рухаліся войскі.
У лістападзе 1945 года, пасля Перамогі над фашызмам, прыбыў у Нясвіж. Мяне накіравалі сюды ў педвучылішча выкладаць беларускую мову і літаратуру. Спытаў у гараджан, дзе яно знаходзіцца. Мне паказалі будынак, каля якога ўзвышалася вежа. Гэта быў манастыр бенедыктынак, жыхароў у ім не было, яны выехалі ў Польшчу.
Мяне здзівілі першыя сустрэчы з навучэнцамі. Юнакі і дзяўчаты былі апрануты па-вясковаму, на некаторых бачыў ватоўку і шынялі з бацькоўскага пляча. Яны часта прасілі расказаць мяне пра вайну, сяброў-франтавікоў. На першых уроках я цікавіўся біяграфіямі сваіх слухачоў. Некаторыя з іх былі маладзейшыя за мяне ўсяго на 4-5 гадоў і на свае вочы бачылі жахі вайны. Яны вельмі балюча перажывалі, што цэлых тры гады не маглі вучыцца, набываць веды і, як кажуць, былі пераросткамі…”
Выпускнікі з цеплынёй і падзякай успаміналі яго ўрокі, і асабіста — яго ўважлівае стаўленне да кожнага. Павел Кузьміч далучаў юнакоў і дзяўчат з глыбінкі да скарбаў сусветнай і айчыннай літаратуры, вучыў думаць, спрачацца, дзеяць. Частымі гасцямі ў вучылішчы былі беларускія пісьменнікі і паэты. Па яго запрашэнні на літаратурныя вечарыны прыязджалі Пятрусь Броўка, Максім Танк, Кандрат Крапіва, Пімен Панчанка і многія іншыя.
“У Нясвіжскі санаторый, — успамінаў Паўлюк Прануза, — прыязджала шмат пісьменнікаў: Іван Шамякін, Янка Брыль, Анатоль Астрэйка, Мікалай Ткачоў… Я запрашаў іх для выступу перад будучымі настаўнікамі. Пасля іх выступу шмат хто браўся за пяро, каб свае думкі выказаць у паэтычнай форме”. Такім чынам, пад кіраўніцтвам паэта ў вучылішчы ўзнік літаратурны гурток, які аб’яднаў маладых таленавітых Івана Ралько, Раісу Печанко, Барыса Кушнера, Івана Гардзейчыка, Б. Пракапчука, Я. Трапезаву.
Павел Кузьміч быў асабіста знаёмы з Якубам Коласам: “Уразіла, калі я даведаўся, што ў Нясвіжы была настаўніцкая семінарыя, дзе вучыўся Якуб Колас, Кузьма Чорны – пісьменнікі, слава беларускай літаратуры. Я вельмі ганаруся, што ў паваенны час мне давялося сустрэцца з Якубам Коласам. Неяк я адважыўся і спытаў у Якуба Коласа пра вучобу ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі і сказаў, што выкладаю ў Нясвіжы беларускую мову. Якуб Колас усміхнуўся і сказаў: «Трывалыя веды давала семінарыя. Вучыліся ў ёй дзеці сялян, рыхтаваліся настаўнікі для вёскі. І не дзіўна. Бо настаўнік у вёсцы лічыўся ўзорам культуры, ён павінен быць добра адукаваны». Якуб Колас узгадаў свайго любімага настаўніка рускай мовы Кудрыцкага, які дапамагаў яго творчаму росту».
А у 1947 годзе членам Саюза пісьменнікаў Беларусі стаў і сам Паўлюк Прануза.
Калі ў 1965 годзе адкрылася сярэдняя школа №3 г. Нясвіжа, Павел Кузьміч быў адным з першых яе настаўнікаў і выкладаў тут беларускую мову і літаратуру да пенсіі (да 1978 г.), пасля чаго поўнасцю прысвяціў сябе творчасці. Доўгі час паэт кіраваў літаратурным аб’яднаннем пры раённай газеце “Чырвоны сцяг”, дапамагаў станаўленню мясцовых паэтаў І. Гурбана, М. Валасевіча, У. Барадзіна, У. Трусевіча і іншых.
У сваіх жа вершах П. Прануза коратка і канкрэтна пісаў аб усім, што яго хвалявала: аб радзіме, земляках, вайне, Нясвіжы, яго гісторыі і культуры…
Нямала выдатных вершаў ён адрасаваў дзецям. Паэт стварыў больш за 20 паэтычных зборнікаў, сярод якіх “Угневаная зямля” (1946), “Мае землякі” (1957), “Калі верыш” (1963), “Непаўторнасць” (1974), «Сустрэчы»(1983), «Рукі салдата» (1990), «Маё паколенне»(2003). Яго вершы перакладзены на рускую, украінскую, асяцінскую, малдаўскую, армянскую, літоўскую мовы. За літаратурную дзейнасць Павел Кузьміч Прануза быў узнагароджаны Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі, у 2006 годзе ўдастоены звання «Ганаровы грамадзянін г. Нясвіжа», яго імя носіць Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка і адна з вуліц нашага цудоўнага горада.
***
Аклiкаюць мяне часта – дзед,
Для Радзiмы застаўся я сынам.
Я пакiнуў салдацкi свой след
Каля Мiнска, Варшавы, Берлiна.
Чую пошум зялёных дуброў
I калосся паспелага жыта.
Прыгадаю палеглых сяброў,
Нiбы куляю сэрца прашыта.
Тут я сеяў, тут я касiў,
Аб тым памяць мая не астыне.
Родны кут! Ты – надзея мая,
дзiвасiл,
I мая дарагая святыня.
П. Прануза.