Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.5 |
Погода 13 °C

Вясновыя развагі

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 0

Пост опубликован: 16.03.2023

Вось і надышла вясна. У кожнага з нас з ёю звязаны нейкія свае асацыяцыі. Для адных — гэта павелічэнне светлавога дня, для другіх — пацяпленне і першацветы, а для трэціх (і хочацца верыць, што такіх шмат) — традыцыйная вясновая ўборка. Надвор’е за акном пакуль мала падобнае на вясновае, але для генеральнай уборкі кватэры не патрэбны выразныя каляндарныя тэрміны.
Аднак мае патрэбу ва ўборцы і тэрыторыя побач з нашымі дамамі. Так, можна зрабіць выгляд, што гэта не наша справа, і пакінуць дворніка сам-насам з гэтым вялізным аб’ёмам работы. Калі ён уцячэ ад такога аўралу, то дом застанецца без дворніка. Гэта, можа, крыху і жарт, аднак, калі снег перастае прыхоўваць бутэлькі, банкі з-пад піва, пакеты, аўтобусныя білеты, мора недакуркаў і г.д., і ўсё гэта — побач з вашым жытлом, становіцца не да смеху. І хто гэта ўсё выкінуў? Ды мы і выкінулі! Атрымліваецца, усё, што мы панакідалі за цэлую зіму, нехта іншы павінен хуценька прыбраць за некалькі дзён. Але мы ж разумеем, што гэты “іншы” так хутка не справіцца з задачай. Можна казаць, што асабіста я нічога не кідаў на вуліцы і прыбіраць нічога не буду, але чысцей ад гэтага не стане. Трэба вырашыць, чаго мы жадаем, — чыстага горада ці высвятлення адносін на тэму “хто каму што павінны”.



Ёсць і яшчэ адзін важны момант — смецце, сабранае ля дамоў, як і тое, што мы выносім са сваіх кватэр, трэба сарціраваць па відах. Аднак нягледзячы на ўстаноўку еўракантэйнераў у нашым горадзе (толькі ў ім іх 70!), а акрамя яго, яшчэ і ў Гарадзеі, Снове і Аношках, не ўсе гэтым карыстаюцца. А дарэмна. У нашай краіне ёсць прадпрыемствы, якія паспяхова перапрацоўваюць смецце. Напрыклад, Брэсцкі смеццеперапрацоўчы завод у хуткім часе плануе запусціць вытворчасць палімерпясчанай пліткі — другаснай сыравіны, зробленай з поліэтыленавых пакетаў, каністраў і слоікаў.
Палімерпясчаныя вырабы могуць выкарыстоўвацца пры стварэнні бардзюраў, тратуараў і студняў. Магчымасць замяніць расходныя матэрыялы другаснай сыравінай — гэта велізарны крок у экалагічна чыстую будучыню.
Уяўляеце, як гэта дапаможа зменшыць агульнае забруджванне навакольнага асяроддзя і скараціць плошчу палігонаў для цвёрдых бытавых адходаў?
А трэба для гэтага зусім няшмат: проста зразумець сваю адказнасць за зямлю, на якой мы жывём. І не чакаць, што нехта прыйдзе і будзе бясконца прыбіраць за намі тое, што мы панакідалі. Чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць.
Дарэчы, у нямецкім Кёльне недакурак, выкінуты ў неналежным месцы, можа абысціся вінаватаму ў 50 еўра, а калі гаворка ідзе аб дзіцячай пляцоўцы або парку — у 150. Першы штраф за няправільнае размеркаванне адходаў, перавышэнне вагі кантэйнера і г.д. (у залежнасці ад федэральнай зямлі) складзе 10 — 20 еўра, але за рэгулярныя парушэнні могуць выпісаць штраф да 2,5 тысяч. Ёсць пра што задумацца, ці не так?

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!