Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.51 |
Погода 10 °C

Дзяніс Паўловіч: “Галоўнае ў нашай справе — правільны догляд за дрэвамі”

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 0

Пост опубликован: 21.03.2023

Напрацягу апошніх 12 гадоў у самых розных краінах сусвету адзначаецца Міжнародны дзень лясоў.

Пра значэнне лясоў можна казаць шмат, ды кожны з нас, здаецца, і сам усё разумее. Ведае, што лясы граюць вялікую ролю ў справе захавання здароўя людзей — чысцяць ваду і паветра, ўлоўліваюць вуглярод, што дапамагае змагацца са змяненнем клімату, забяспечваюць нас прадуктамі харчавання і жыццёва важнымі лекамі, а таксама паляпшаюць наша самаадчуванне.



Але насамрэч і сёння, калі мы п’ём чыстую ваду, пішам у сшытках, прымаем лекі ад прастуды ці будуем дом, не заўсёды звязваем гэта з нашымі зялёнымі сябрамі. Ды толькі гэтыя і многія іншыя аспекты нашага жыцця так ці інакш звязаныя з імі. Аднак, нягледзячы на ўсе бясцэнныя экалагічныя, эканамічныя, сацыяльныя і медыцынскія ўласцівасці, нашым лясам пагражаюць пажары, шкоднікі, засухі і абязлесванне.

Напярэдадні свята карэспандэнт “НН” пагутарыла з чалавекам, на плячах якога ляжыць клопат пра частку лясоў нашага Нясвіжскага раёна, — ляснічым Гарадзейскага лясніцтва Клецкага лясгаса Дзянісам Паўловічам, і даведалася, якую ролю лес адыгрывае ў яго жыцці.

— Дзяніс Сяргеевіч, чаму вы выбралі менавіта сферу лясной гаспадаркі?

— Я родам з Гомельскай вобласці — самай лясной у краіне. З дзяцінства я сябраваў з лесам. За гэта дзякую бацьку, які прывучыў мяне хадзіць па грыбы, ягады, арыентавацца ў прасторы і ўмець атрымліваць асалоду ад часу, праведенага сам насам са сваімі думкамі пад шатамі дрэваў.

— А ці памятаеце Вы сваё першае пасаджанае дрэўца?

— Цяпер ужо складана ўспомніць, але было гэта падчас вучобы ў школе, у класе сёмым. Гэта была звычайная лясная пасадка, але пры дапамозе яе мы прызвачайваліся любіць лес. Тады я нічога не баяўся — турботы пра тое, як дрэўца возьмецце і як будзе расці, былі справай іншых.

— А чаго ж сёння больш за ўсё можа баяцца ляснічы?

— Страшна, калі дрэўца не расце. Але ж, калі глеба добра падрыхтавана, пасадачны матэрыял — якасны, тады ўсё будзе расці. Галоўнае ў нашай справе — правільны догляд.

— Дзяніс Сяргеевіч, Вы працуеце ў лясгасе з 2010 года, на пасадзе ляснічага Гарадзейскага лясніцтва — з 2013. І мабыць, за гэты час Вы пабачылі і розныя іншыя лясныя гаспадаркі, гутарылі са спецыялістамі з самых розных куткоў нашай краіны. Скажыце, ці адрозніваюцца лясы ў Нясвіжскім раёне ад іншых?

— Адрозніваецца глеба. Яна вельмі багатая. Багатая глеба — гэта вельмі добра, на ёй растуць больш прадуктыўныя лясы, але праз гэта і лесавырошчвальныя ўмовы адныя з самых складаных. Калі на бедных глебах хвоя сама расце, яе нішто не зацяняе, ня заглушае, то ў нас за расліннасцю трэба сачыць вельмі пільна. Калі мы садзім лясныя культуры, патрэбна яшчэ 2-3 разы на год іх абкошваць, сачыць, каб ім нішто не замінала.

— Аднойчы Вы казалі, што патроху мяняецца склад лясных культур на падпарадкаванай Вам тэрыторыі. Скажыце, якія ж культуры сёння высаджваюцца лясніцтвам?

— Зараз практыкуем ствараць насаджэнні лістоўніцы еўрапейскай са спадарожнай пародай — ліпай або елкай. Акрамя таго, больш робім і хваёвых. Чыста яловых насаджэнняў мы не ствараем — арэал елкі ссоўваецца, і яна як парода сыходзіць на поўнач. Толькі змешаныя. Каб былі больш устойлівымі.

— Чаму ж елкам цяпер складана ў нашых шыротах? І што рабіць, каб захаваць іншыя культуры?

— У нас ідзе паніжэнне ўзроўню грунтавых вод, ад гэтага насаджэнні слабеюць, асабліва елкі. А калі насаджэнне аслаблена, шкоднік гэта адчувае і масава нападае на яго. Мы праводзім шэраг прафілактычных мерапрыемстваў, каб не дапусціць бяды — гэта ў асноўным агульны ці ферамонны нагляд. Вядома, стараемся працаваць на прадухіленне будучага засялення і распаўсюджвання ачагоў шкоднікаў. А з невялікімі наступствамі прыродных ці пагодных умоў спраўляемся санітарнымі, аздараўленчымі мерапрыемствамі. Праводзім санітарныя рубкі, уборкі захламленасці. Усім гэтым займаемся на працягу года — калі выяўляем пашкоджаныя насаджэнні, так адразу і прызначаем мерапрыемствы, высякаем іх. Потым цягам трох гадоў аднаўляем там лес. У цэлым жа плошча лясных насаджэнняў у нас такая ж, як і раней — 5170 гектараў.

— Размова выйшла цікавай і пазнавальнай. Але напрыканцы адкажыце, калі ласка, на філасофскае пытанне: што для ляснічых значыць лес?

— Для нас лес — гэта ўсё. Гэта здароўе, лёгкія. А драўніна — толькі пабочны прадукт. Мая праца — кантраляваць усе працэсы, якія адбываюцца на давераным мне ўчастку. Таму я амаль увесь час знаходжуся ў лесе. Мне здаецца, гэтае месца ніколі не можа надакучыць. У ім я знаходжу спакой для душы і думак.

Наколькі я ведаю, тэма Міжнароднага дня лясоў у гэтым годзе — “Лясы і здароўе”. І гэтыя паняцці, на мой погляд, моцна ўзаемазвязаныя. Дзякуючы гэтым зялёным лёгкім планеты, мы дыхаем чыстым паветрам. Але ў той жа час ад нас залежыць захаванне гэтых каштоўных прыродных рэсурсаў.

— Вялікі дзякуй за шчырасць у адказах і за сапраўдную любоў да сваёй справы.

Гутарыла Неаніла ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!