Адрас: Савецкая вул., 3.
У 2018 годзе ў Нясвіжы святкавалі 165-ю гадавіну пачатку дзеяння пажарнай службы ў Рэспубліцы Беларусь. У гонар гэтай падзеі быў усталяваны незвычайны помнік. Ён уяўляе сабой копію першай “пажарнай машыны” — фурманку са званом, на якой перавозілі ваду да месца пажару. Зразумела, помнік, у адрозненні ад сапраўдных пажарных вазоў, мае дэкаратыўны выгляд. “Карэта” ўпрыгожана адлітымі ўзорамі і спраектавана такім чынам, каб турысты мелі магчымасці сесці на лаву і зрабіць эфектную фатаграфію.
Што ж тычыцца Нясвіжа, то ў XIX стагоддзі вогненная стыхія была сапраўднай праблемай для горада, пажары прымалі пагрозлівыя маштабы. 13 верасня 1843 года страшэнны пажар ледзь не знішчыў увесь горад — згарэла 150 дамоў, сур’ёзна быў пашкоджаны дамініканскі манастыр, страчана верхняя частка гарадской ратушы. У 1880 годзе зноў у агні шугала ратуша, быў страчаны архіў, які знаходзіўся ў гарадскім магістраце, згарэла бібліятэка манастыра бенедыктынак. Усё гэта паслужыла пэўнай навукай, і XX стагоддзе Нясвіж сустракаў са сваёй пажарнай камандай, добра абсталяванай спецыяльным абсталяваннем.
З’явілася пажарная мотапомпа, была ўзведзена драўляная пажарная каланча, якая размяшчалася ў тыя гады на цяперашняй Ленінскай вуліцы. Яшчэ адно пажарнае аддзяленне функцыянавала ў іншым раёне горада, на новым месцы. Пасля вызвалення райцэнтра ў 1944 годзе ў старым дэпо была зноў створана пажарная частка, на ўзбраенні якой меліся помпы, мотапомпы і пажарная машына. У Нясвіжскім раёне запрацавала прафесійная пажарная ахова. У маі 1994 года пачалася ваенізацыя пажарнай службы — ваенізаванымі сталі пажарныя часці ў г.Нясвіжы і г. п. Гарадзея, асобныя пажарныя пасты — завода медыцынскіх прэпаратаў у пас. Альба, у вёсках Сноў, Астроўкі, Вялікая Ліпа, Салтанаўшчына і Лань.