У міжнародны дзень тэатра — 27 сакавіка — наш матэрыял пра дзіцячы тэатральны калектыў “Раптам” Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў.
“Раптам” быў створаны ў верасні 2014 года. Кіраўніком калектыву з таго часу па 2022 год была настаўнік тэатральнага аддзялення Ганна Татур, затым эстафету пераняла яе калега Валянціна Штоп. Удзельнікі калектыву — дзеткі ва ўзросце з 9 да 15 гадоў.
Найперш варта адзначыць, што дзеці тут аб’яднаныя агульнай, сумеснай, творчай дзейнасцю — вывучэннем тэатральнага мастацтва: акцёрскага майстэрства, пастаноўкі спектакляў, сцэнічнай мовы, гісторыі тэатра і шмат чаго іншага. Тут надаецца вялікая ўвага стварэнню ўмоў для максімальна поўнага раскрыцця творчага патэнцыялу навучэнцаў.
Дарэчы, вучні тэатральнага аддзялення актыўна і паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсах і фестывалях дзіцячай тэатральнай творчасці. Калектыў прымае актыўны ўдзел у гарадскіх і раённых мерапрыемствах, сярод якіх самыя папулярныя: святы, прысвечаныя Дню незалежнасці, Дню горада, Міжнароднаму Дню маці, Дню жанчын, і іншых значных гістарычных дат. Юныя тэатралы — паўнавартасныя ўдзельнікі гарадскіх дабрачынных акцый, актыўныя прапагандысты тэатральнага мастацтва.
За мінулы, 2022 год, у скарбонку пастановак “Раптам” дабавілася некалькі новых музычна-літаратурных кампазіцый: “Каб ведалі” на вершы Максіма Танка, “Журавы” на вершы Пімена Панчанкі, “Быў я фантазёрам” на вершы Паўлюка Пранузы.
У лютым бягучага года “Раптам” паўдзельнічаў у VII Міжнародным конкурсе мастацтва “Вышыня” (г. Магілёў), дзе ў намінацыі “Тэатральная творчасць” быў узнагароджаны дыпломам лаўрэата ІІ ступені (узроставая катэгорыя 8 — 10 гадоў) і дыпломам лаўрэата ІІІ ступені (узроставая катэгорыя 11 — 13 гадоў). У сакавіку калектыў выступіў са сваёй праграмай на ІІ рэспубліканкім — ІХ Міжнародным фестывалі-конкурсе “Новыя вяршыні-2023”. І там сталі лаўрэатамі ІІ ступені.
— Дзеці, якія наведваюць заняткі тэатральнага аддзялення, адрозніваюцца ад тых, што ходзяць у любыя іншыя аматарскія аб’яднанні. Таму што акцёрскае майстэрства вывучаецца на зусім іншым узроўні. Гэта работа не толькі з акцёрскай прыродай, але і з унутраным светам кожнага з дзіцяці — прапрацоўваюцца ўсе бакі яго асобы. Гэтыя дзеці глядзяць на свет па-іншаму. Іх уяўленне і ацэнка таго, што адбываецца, часам здзіўляе і мяне, — дзеліцца сваёй практыкай кіраўнік “Раптам” Валянціна Штоп. — Праз 5 гадоў навучання яны атрымліваюць не толькі дыплом, але і неацэнную практыку выступлення на вялікіх фестывалях і конкурсах, то бок перад рознага плану публікай. Гэтыя дзеці ніколі не скажуць, што работа артыста — гэта лёгка.
Заняткі калектыву адбываюцца два разы на тыдзень: па панядзелках і аўторках. Праводзяць іх два педагога — Валянціна Штоп і Павел Шупеніч (асноўная пасада, якую ён займае, — дырэктар Нясвіжскага гарадскога маладзёжнага цэнтра).
Зараз у калектыве “Раптам” — 25 удзельнікаў, і хочацца ад усёй душы пажадаць маленькім аматарам любіць тое, што яны робяць, атрымліваць асалоду ад працэсу творчасці і ніколі не страчваць натхнення!
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.