Нядаўна зачапіла за жывое карціна з жыцця: пад’язджаю да пешаходнага перахода, светлафор паказвае “чырвоны” — спыняюся. І ў гэты час бачу, як па краі гэтага перахода ідзе незвычайны пешаход — сімпатычны шэры кот. Ці кошка — хто ж іх разбярэ, тым больш, гледзячы з-за шкла машыны. Ды й не гэта галоўнае, а тое, што чацвёраногі пешаход не мітусіцца, не мяняе накірунак свайго шляху, а роўненька ідзе па сваіх каціных справах менавіта там, дзе і трэба ісці выхаванаму ўдзельніку дарожнага руху.
Пакуль любавалася на гэта кранальнае відовішча, успомніла, як бачыла, бывала, і сабаку, які ішоў праз вуліцу не абы-дзе, а менавіта па пешаходным пераходзе, і ўзгадала, як пра такія ж выпадкі са смехам і здзіўленнем расказвалі мае знаёмыя.
Можа, тут і ёсць з чаго ўсміхнуцца, але, напэўна, яшчэ больш ёсць пра што задумацца… Мы, людзі, прывыклі адносіць сябе да віду “homo sapiens” — “чалавек разумны” — але, на жаль, факты сведчаць пра тое, што часта браты нашы меншыя праяўляюць больш “ра- зумнасці” і “чалавечых” якасцей, чым мы, якія надзелены дарам думаць і гаварыць. І разам з гэтым — несці адказнасць за ўсё, што робім. У тым ліку — за выкананне элементарных правіл дарожнага руху, якія ўсе мы — і вадзіцелі, і пешаходы — павінны ведаць, як “Ойча наш”.
А што на справе? Вось навіны толькі апошніх дзён сакавіка: “У Мінску ва- дзіцель збіў на пешаходным пераходзе падлетка. ДТЗ адбылося днём на вуліцы Казінца”, “37-гадовы вадзіцель аўтамабіля “Volkswagen” паблізу прыпыначнага пункта “Ручай” на той жа вуліцы ўчыніў наезд на 15-гадовую дзяўчынку, якая перасякала праезную частку па рэгуляваным пешаходным перахо- дзе на дазваляльны сігнал святлафора. З цялеснымі пашкоджаннямі яна была дастаўлена ў медыцынскую ўстанову для абследавання”, “33-гадовы вадзіцель “Renault” вырашыў не чакаць уключэння дадатковай секцыі святлафора на скрыжаванні вуліцы Прытыцкага і Лабанка (ізноў — Мінск) і павярнуў налева без перавагі. Гэта прывяло да сутыкнення з аўтамабілем “Volkswagen”, які належыць службе Яндэкс.Таксі. Пасажыры “Volkswagen” — 25-гадовая дзяўчына і 24-гадовы хлопец былі шпіталізаваны з цялеснымі пашкоджаннямі. На месцы здарэння працавалі супрацоўнікі ДАІ аддзела Фрунзенскага РУУС г. Мінска”. І гэдак далей, і таму падобнае.
Як тут не ўзгадаць вядомае выслоўе: “Ніхто табе так не зробіць, як сам сабе зробіш”… Правілы дарожнага руху напісаны крывёю. І пра гэта трэба помніць, каб не праліць яе дарэмна — ні сваю, ні чужую.
Вясна набірае сілу, наперадзе — лета і “чароды” матацыклістаў на невялікіх гарадскіх вуліцах і шырокіх трасах… І гэта яшчэ адна нагода задумацца і ўспомніць нашых чацвёраногіх сяброў, якія ідуць праз вуліцу акурат па пешаходным пераходзе. Няўжо ж яны разумнейшыя за нас?
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Пешаходны пераход…
Пост опубликован: 04.04.2023


