Яна прысвечана 500-годдзю са дня першай публікацыі паэмы Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”.
Мікола Гусоўскі напісаў твор у 1522 годзе, калі знаходзіўся ў Рыме ў складзе дыпламатычнай місіі Вялікага княства Літоўскага. Паэма была напісана на лацінскай мове па замове папы Льва X Медычы, які захацеў больш даведацца пра ВКЛ і незвычайнага звера — зубра, які вадзіўся там у лясах. Сын вялікакняскага лесніка, Мікола Гусоўскі з веданнем справы, падрабязна і дэталёва апісаў постаць, звычкі і паводзіны зубра, а таксама паляванне на яго. Аднак Мікола Гусоўскі не быў бы сапраўдным паэтам, калі б спыніўся толькі на гэтым. Паэма стала песняй аб сваім краі і народзе, роздумам пра лёс Радзімы, аб яе месцы на шляхах гісторыі.
З нагоды гэтай даты ў Нацбібліятэцы свае дзверы адчыніла выстава работ беларускіх і замежных мастакоў, сярод якіх кітайскія магістранты, студэнты і выкладчыкі Акадэміі мастацтваў, навучэнцы гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка.
Ілюстрацыі і сюжэты са старонак паэмы прадстаўлены ў жывапісе, каліграфіі, лічбавым і высокім друку. Ключавое месца займае выданне паэмы, выкананае беларускім графікам Юрыем Гусоўскім цалкам уручную. Кнігу дапаўняюць 13 гравюр у тэхніках афорта і меца-цінта.
Наведаць выставу, якую, да таго ж, дапаўняюць і творы фондавай калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, можна да 1 чэрвеня ўключна.