Фінальнае мерапрыемства і ўзнагароджанне пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют-2023” адбылося 11 красавіка
ў горадзе Барысаве. У намінацыі “Малады выхавацель дашкольнага выхавання” дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджана Кацярына Хвіцько. Яна — малады выхавацель
у дзіцячым садку №4 г. Нясвіжа “Караблік дзяцінства”.
— Калі б дзесяць гадоў таму мне сказалі, што я буду працаваць у дзіцячым садку выхавальнікам, я б не паверыла, — дзеліцца з карэспандэнтам гераіня публікацыі. — Да восьмага класа я думала пра шматлікія прафесіі, але звязаць жыццё менавіта з педагогікай мяне падштурхнула мая настаўніца пачатковых класаў. Менавіта яе словы заматывавалі рухацца ў гэтым напрамку. У канцы дзявятага перада мной стаяў выбар: педагог, але які?
У гэтым пытанні на дапамогу прыйшлі родныя: “Ты любіш маленькіх дзяцей, табе падабаецца з імі гуляць і назіраць за іх паводзінамі. Можа, табе па душы было б стаць выхавальнікам?”. Як раз у гэты год у Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа адкрылася новая спецыяль- насць — “Дашкольная адукацыя”. Тады ўсё і стала на свае месцы: я стала навучэнкай гэтай установы.
Кацярына прызнаецца, што ёй адразу спадабалася і вучоба, і выкладчыкі. Таму жаданне быць выхавацелем памножылася, стала і марай, і мэтай.
І нядзіўна, што дзяўчына скончыла каледж з дыпломам з адзнакай. Затым — новая ступень — Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя”.
— Сама я мясцовая, — распавядае мая суразмоўца. — І першыя свае дзіцячыя адкрыцці рабіла менавіта там, дзе пасля праходзіла сваю пераддыпломную практыку і там, дзе зараз працую. Гэта для мяне вельмі трапятліва.
Робіць па спецыяльнасці малады выхавацель ужо тры гады. На цяперашні момант у яе сямнаццаць хлопчыкаў і дзяўчат — сярэдняя група. Яе чатырох- і пяцігодкі вельмі актыўныя і кемлівыя, любяць сваю Кацярыну Андрэеўну. Дарэчы, маленькія выхаванцы дапамаглі справіцца з адным з выпрабаванняў “Педагагічнага дэбюту”: паўдзель- нічалі ў відэароліку, які выкарыстоўваўся ў самапрэзентацыі “Пачатак педагагічнага шляху” на сцэне.
— Працуючы ў дзіцячым садку, я не перастаю здзіўляцца, наколькі розныя ўсе дзеці: цікавыя, пацешныя, дзіўна разумныя, могуць станоўча здзівіць сваімі развагамі, высновамі, учынкамі. Мне вельмі падабаецца, што кожнае дзіця ўнікальнае па-свойму, кожны з іх — і таленавіты мастак, і дапытлівы назіральнік.
Варта сказаць, што за тры гады працы выхавальнікам я зрабіла выснову: кожны маленькі чалавек — гэта шматгранны свет, са сваімі жаданнямі і праблемамі, плюсамі і мінусамі, цэласнасць якога я не маю права парушаць, а магу толькі дапамагаць яму раскрыцца.
Таксама мая суразмоўца дадае, што для чалавека такой прафесіі важна першачаргова скіравацца на захаванне і ўмацаванне здароўя дзіцяці, як фізічнага, так і маральнага, фарміраванне ў яго здаровага ладу жыцця і правільных звычак. Але пры гэтым адзначае і свае прынцыпы: асобаснае развіццё дзіцяці, фарміраванне ў яго этычных і маральных якасцей, правілаў і нормаў паводзін у грамадстве.
— Я ўсім сэрцам люблю сваю справу, бо дзякуючы ёй маю ўнікальную магчымасць мець зносіны з дзецьмі, суперажываць іх поспехам і няўдачам, несці за іх адказнасць і праяўляць любоў. У сваёй працы я знаходжу радасць і задавальненне. Быць выхавальнікам — гэта значыць зноў і зноў перажываць дзяцінства, здзіўляцца, радавацца нечаму новаму і нязведанаму.
Кажучы пра “Педагагічны дэбют” і ўдзел у ім, Кацярына Андрэеўна ўспамінае прыемнае хваляванне і зацікаўленасць працэсам, якія ахоплівалі яе падчас падрыхтоўкі.
— Калі мне паступіла прапанова паўдзельнічаць у конкурсе, я пага- дзілася, бо адразу ж зразумела: “Вось яна, выдатная магчымасць праявіць сябе!” І ведаеце, акрамя ўсяго, для мяне гэта стымул для самааналізу, да самаадукацыі. Больш за тое, я змагла дадаткова зарадзіцца энергіяй і пазітывам.
А галоўнае — я набыла карысны вопыт, які, несумненна, спатрэбіцца ў маёй далейшай педагагічнай дзейнасці.
Канкурсанты былі добразычлівымі, мэтанакіраванымі, ініцыятыўнымі. Мы былі аб’яднаны адной справай. Мы дзяліліся адзін з адным сваім вопытам, сваімі напрацоўкамі, эмоцыямі і поглядамі.
Найлепш праявіць сябе і прадэманстраваць крэатыў і кампетэнцыю Кацярыне Андрэеўне дапамагала кіраўніцтва ўстановы да- школьнай адукацыі, спецыялісты вучэбна-метадычнага кабінета Нясвіжскага райвыканкама, каму малады выхавацель вельмі ўдзячная.
— Удзел у конкурсе мне прынёс натхненне, імкненне да новага. Я набыла новыя знаёмствы і зносіны з калегамі і, шчыра кажучы, адчуваю радасць у душы. Думаю, буду і далей удзельнічаць у такога кшталту конкурсах, каб даведвацца пра новае, адкрываць у сабе лепшыя ўменні і ўдасканальваць іх. Бо, калі моцна нечага жадаць, то абавязкова гэтага даб’ешся. Я не сумняваюся!
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.