Юбілей… Такая значная і хвалюючая падзея! За доўгае жыццё чалавек адзначае шмат круглых дат. І кожны раз сабе задае пытанні: што зроблена за гэты час, якія значныя падзеі адбыліся, чаму навучыла жыццё, якія ступені пройдзены? У красавіку свой прыгожы сталы юбілей адзначае жыхарка аграгарадка Астроўкі Валянціна Канстанцінаўна Гесь.
Валянціна Канстанцінаўна — ураджэнка Нясвіжчыны, усё сваё сумленнае жыццё працавала ў родным раёне. Нарадзілася юбілярка ў вёсцы Гусакі Казлоўскага сельсавета ў сям’і калгаснікаў. Маці, Ганна Сільвестраўна, працавала ў паляводстве. Бацька, Канстанцін Уладзіміравіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, быў фуражырам. Вялікага дастатку ў сям’і не было, таму ўсяго прыходзілася дабівацца ўласным мазалём, і трох сваіх дачок бацькі выхавалі на строгай сялянскай маралі, заснаванай на сумленнай працы. Магчыма, таму ўсе яны сталі дастойнымі людзьмі.
У шэсць гадоў ніхто з малых дзяцей, напэўна, яшчэ не ўсведамляе свайго прызвання. Вось і будучы настаўнік і дырэктар школы Валянціна Гесь таксама наўрад ці разумела гэта. Аднак жа цяга да вучобы была настолькі моцнай, што яе, шасцігадовую дзяўчынку, на цэлы год раней аддалі ў пачатковую Гусакоўскую школу, пераканаўшы яе дырэктара Паўла Фёдаравіча Зяньковіча, што шасцігадовая вучаніца ні ў чым не будзе саступаць сваім сямігадовым аднакласнікам. І вось сярод навучальнага года з пашытай матуляй палатнянай торбай-партфелем дзяўчынка ўжо горда крочыла на свае першыя заняткі. За чатыры гады навучання стала зразумела, што старанні не былі дарэмнымі, пачатковая школа была паспяхова скончана. Наступная прыступка ў адукацыі — Казлоўская сярэдняя школа, якую наша юбілярка скончыла ў 1969 годзе таксама паспяхова. Інакш не ўмела і не магла.
Разам з мамай марылі: неабходна набыць добрую спецыяльнасць. Самымі прэстыжнымі ў тыя гады былі прафесіі ўрача і настаўніка. Па словах нашай гераіні, медыцынская адукацыя вабіла і цікавіла, і хірург з яе атрымаўся б таксама выдатны! Аднак медінстытут быў адной з самых прэстыжных навучальных устаноў, і, цвяроза ацаніўшы свае магчымасці, вырашылі аддаць перавагу аддзяленню хімііі і біялогіі прыродазнаўчага факультэта сталічнай ВНУ. Успомнілася, як калісьці з сяброўкамі гулялі ў школу: вешалі на перагародку ў хаце самаробную дошку, пісалі заданні і ставілі адзнакі.
Пяць гадоў навучання ў вышэйшай навучальнай установе праляцелі як пяць дзён — і вось ужо дыпламаваны настаўнік па накіраванні едзе ў Клецкі раён. Аднак лёс быў усё ж вярнуцца на сваю малую радзіму! Так склалася, што ў Нясвіжскім раёне якраз не хапала хімікаў і біёлагаў, а Клеччыне неабходны быў іншы спецыяліст, і вось, як бы мовіць, “па абмене” малады спецыяліст была накіравана ў Астроўскую сярэднюю школу Нясвіжскага раёна.
Школа і гаспадарка (тады гэта яшчэ тэрыторыя калгаса імя Дзяржынскага) былі самыя аддаленыя ад раённага цэнтра. Кадравае пытанне стаяла вельмі востра — ніхто з-за гэтай самай аддаленасці не хацеў сюды прыязджаць: непрэстыжна, аўтобусы не хадзілі, асфальтаваных дарог не было, не кажучы ўжо аб сучаснай інфраструктуры. Аднак жа прыехала і засталася…
Калектыў у школе быў вопытны, многа добрых успамінаў засталося пра тых настаўнікаў, асабліва цаніла дапамогу і падтрымку Марыі Іванаўны і Анатоля Емяльянавіча Нагорных, Марыі Іванаўны Тулінскай, Ганны Іосіфаўны Слівінскай і іншых. Маладую энергічную настаўніцу заўважылі і ацанілі: у 1982 годзе прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. А літаральна праз год зусім нечакана прыйшлося заняць пасаду дырэктара школы. Ніколі нават не марыла быць на кіраўнічай пасадзе, многае страшыла, была самай маладой у калектыве — а вось узялася і пацягнула.
Няпростая гэта работа — быць кіраўніком. Матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы была адносна слабай, настаўнікі доўга не затрымліваліся: год-два і выязджалі ў пошуках больш прывабных месцаў. Дырэктар разумела: перад ёй стаіць задача падняць прэстыж школы, а для гэтага неабходна было прыкласці шмат намаганняў. Маладой дзяўчыне прыйшлося ўнікаць ва ўсе праблемы: яшчэ добра не разу- меючы, дзе болт, дзе гайка, а дзе венцель, пачала капітальны рамонт памяшканняў школы. І жыццё навучыла ўсяму!
Напачатку сярод сталых настаўнікаў адчувала сябе нясмела — усё ж у калектыве працавалі аж тры былых дырэктары. Аднак, калі пачала працаваць, здзівілася, што калектыў прыняў маладога дырэктара даволі спакойна, гэта надало бадзёрасці. Па натуры сама чалавек дысцыплінаваны, Валянціна Канстанцінаўна даволі хутка зразумела, што менавіта ў гэтым ключ да поспеху. З упэўненасцю можна сказаць, што за ўсю сваю настаўніцкую кар’еру не прапусціла ніводнага ўрока, ніколі не спазнілася ні на хвіліну, колькі працавала дырэктарам — заўсёды першая прыходзіла, апошняя адыходзіла. Таму, калі патрабавала чагосьці ад падначаленых, ні ў каго не было падстаў, каб папракнуць у чым-небудзь дырэктара.
За доўгія гады працы на сваіх плячах прыходзілася цягнуць не толькі вучэбную, кадравую, арганізацыйную, але і гаспадарчую работу (загадчыкаў гаспадаркай было практычна не знайсці).
Паступова намаганні пачалі даваць свой плён, школа адраджалася, добры прыбытак даваў прышкольна-доследны ўчастак, на якім шчыравала і сама дырэктар, паказвала прыклад і вучыла моладзь: уласнаручна і арала, і баранавала, і палола. Адставаць ад дырэктара было брыдкавата, таму праца кіпела ва ўсю. Па яе ініцыятыве школа занялася нават жывёлагадоўляй: у калгасе бралі на адкорм бычкоў, каб выручыць матэрыяльныя сродкі — так зараджалася пазабюджэтная дзейнасць.
У цяжкія дзевяностыя, нават маючы грошы, цяжка было нешта дастаць — і тут Валянціна Канстанцінаўна знаходзіла выйсце. Выкарыстоўваючы ўсе свае камунікатыўныя здольнасці і нажытыя за гады працы сувязі, умудралася набываць для школы фарбу, будаўнічыя і расходныя матэрыялы. Яе стараннямі школа атрымала першы камп’ютарны клас, доўгачаканы аўтобус для падвозу дзяцей.
Ішлі гады, адыходзілі на заслужаны адпачынак вопытныя настаўнікі, калектыў пачаў абнаўляцца, у школу прыходзіла маладое пакаленне. І кожнаму Валянціна Канстанцінаўна мела што сказаць, знаходзіла такія словы, каб адначасова і зацікавіць, і прывіць адказнасць да працы. За доўгую прафесійную дзейнасць праз яе рукі прайшлі дзясяткі маладых спецыялістаў. І хоць паблажак нікому не рабіла, успамінаюць яе толькі добрым словам. Калі даводзіцца сустракацца з тымі, хто працаваў ці вучыўся ў Астроўскай школе, водгукі адназначныя: веды школа дала грунтоўныя, а набытыя навыкі вельмі спатрэбіліся ў жыцці.
Настаўнікі, якія атрымалі пуцёўку ў жыццё ад гэтага педагога, працуюць на адказных пасадах, ва ўпраўленні па адукацыі, спорце і турызме, дырэктарамі школ… Дастаткова многа сярод педагогаў былых навучэнцаў установы, многія з іх вярнуліся працаваць у родную школу.
Вельмі паважаюць юбілярку і аднавяс- коўцы. Яна першая прыйдзе на дапамогу ў цяжкую хвіліну, раздзеліць радасць, дасць слушную параду. Калі пайшла на заслужаны адпачынак, аддаўшы адукацыі рэгіёна трыццаць сем гадоў, без справы сядзець не стала. Гаспадарка, дом, агарод — усё пад наглядам цудоўнай гаспадыні, шчодрага чалавека і педагога. Так, педагога, бо настаўнікі былымі не бываюць! Яны працягваюць сеяць разумнае, добрае, вечнае ў любым узросце, у любым стане, у любым месцы. Іх насенне, якое трапіла аднойчы залатым зернем у пульхную падрыхтаваную глебу дзіцячых душ, абавязкова дасць шчодрыя ўсходы, каб вечна каласіла багатая ніва адукацыі.
PS. Напрыканцы хочацца папрасіць прабачэння ў Валянціны Канстанцінаўны, бо вядома, што яна дастаткова сціплы чалавек і не вельмі шануе ўсё, што звязана з навамодным словам “піяр”. Аднак абмінуць такую падзею мы, яе былыя калегі, ніяк не маглі. Паважаная Валянціна Канстанцінаўна, Вы сапраўды заслугоўваеце павагі, пашаны і самых добрых слоў, Вас памятаюць, на Вас раўняюцца, Ваш унёсак у росквіт роднага рэгіёну сапраўды значны! З юбілеем, шаноўны ПЕДАГОГ!
Марына КУНІК,
настаўнік беларускай мовы
і літаратуры Астроўскай СШ.